Імя беларускага асветніка Сымона Буднага займае ганаровае месца ў шэрагу выбітных сыноў нашай краіны. Разам з тым непасрэдная дзейнасць Буднага застаецца і на сёння толькі «прыблізна вядомай» нашым сучаснікам. Якія ідэі ён прапаведаваў? Чаму погляды асветніка былі радыкальнымі і прывялі да адлучэння ад пратэстанцкай царквы яго ж братамі па веры?
Біблія, якую пераклаў і надрукаваў Сымон Будны ў 1572 годзе. Выданне захоўваецца ў Эльблонгскай бібліятэцы
Сымон Будны распачынае сваю дзейнасць у 1558 годзе ў Віленскім пратэстанцкім зборы. Там ён пачынае выкладаць на беларускай мове асновы кальвінісцкай тэалогіі.
1562 год лічыцца вяршыняй яго асветніцкай дзейнасці, калі ён на нашай мове выдае ў Нясвіжы «Катэхізіс», дзе ў стандартнай форме пытанняў і адказаў знаёміць чытачоў з праўдамі пратэстантызму. Выданне атрымала шырокае прызнанне і розгалас. Сымон Будны атрымаў лаўры чалавека веры і распаўсюдніка пратэстанцкай культуры.
Гісторык Ян Камянецкі падкрэслівае, што «варта таксама адзначыць яго варожае стаўленне да Каталіцкага Касцёла. У Нясвіжскім катэхізісе каталіцкі касцёл параўноўваўся з Вавілонам і нават з туркамі, якія лічыліся найвялікшымі ворагамі хрысціянскіх краінаў».
Аднак далей было яшчэ гарачэй!
Сымон Будны. Ілюстрацыя: problr.by
Як піша даследчык і святар Андрэй Крот, прыкладна ў сярэдзіне 1563 года погляды Сымона Буднага радыкальна змяніліся. Незадаволены памяркоўнасцю кальвінізму, ён перайшоў на пазіцыі антытрынітарызму, ці інакш — арыянства, і пачаў вызнаваць адзінага Бога, адмовіўшыся ад догмата Тройцы. Гэтыя змены знайшлі адлюстраванне ўжо ў польскамоўным выданні «Катэхізіса», які з’явіўся ў 1563-1564 гадах у Нясвіжы.
Прадмова да Новага Запавету Сымона Буднага ў 1589 годзе. Выданне захоўваецца ў Эльблонгскай бібліятэцы
Арыяне былі вядомыя з IV стагоддзя. Іх заснавальнік — Арый — адмаўляў Хрысту ў раўназначнасці з Богам Айцом. Нікейскі Сабор 325 года рашуча асудзіў такія погляды як ерась. Да канца IV стагоддзя яны фактычна зніклі.
У Вялікім Княстве Літоўскім кальвіністы, якія вырашылі сысці ў «пратэстантызм да пратэстантызму» і адрынуць вучэнне аб Тройцы, не называлі самі сябе арыянамі, ці антытрынітарыямі. Яны менаваліся проста: хрысціяне, ці часцей словам «браты». Да гэтай меншасці далучыўся і Сымон Будны.
Некаторыя з гэтай супольнасці верылі, што Езус не адмяняў пастановы, якія месцяцца ў Старым Запавеце, і сцвярджалі, што этыка Старога Запавету ўсё яшчэ застаецца ў сіле.
Гісторык Кастусь Тарасаў кажа: «Сымон Будны чорным па белым адмаўляў Боскае паходжанне Хрыста, лічачы яго звычайным чалавекам, таленавітым тлумачальнікам Бібліі, героем і пакутнікам сваёй узнёслай пропаведзі, і саму Біблію трактаваў як літаратурны помнік старажытнасці.
Сымон Будны ў пекле — гравюра з брашуры езуіта Станіслава Рэшкі
Непрызнанне спрадвечнасці Хрыста аўтаматычна прыводзіла да адмаўлення Бога, бо ў хрысціянстве Хрыстус — неад’емная частка Тройцы. Няма сына Божага — няма Тройцы, першага і другога прыйсця, канца свету і г. д. Тады каму і якімі словамі маліцца?».
Сымон Будны сцвярджаў, што Хрыстус быў родным сынам Юзэфа, мужа Марыі.
Народжаны каталіком, праходам праз пратэстанцкі рух кальвінізму, Сымон Будны ўрэшце стаў... Ці можам мы яго назваць хрысціянінам? Хутчэй за ўсё, не.
Пасля выдання «Катэхізіса» і публічных антытрынітарных выступаў праваслаўныя і каталіцкія дзеячы Вялікага Княства Літоўскага абвінавацілі Сымона Буднага ў сувязях з пратэстанцкім рухам «старазаконнікаў», вучэнне якіх з’яўлялася мадыфікацыяй юдаізму.
Прадмова да Новага Запавету Сымона Буднага ў 1574 годзе. Выданне захоўваецца ў Эльблонгскай бібліятэцы
Сымон Будны спрабуе паказаць, што яго «няправільна зразумелі», і бярэцца за пераклад твора раннехрысціянскага аўтара Юстына «Размовы Святога Юстына, філосафа і пакутніка, з Трыфанам Юдэем», які крытыкаваў юдэйскае вучэнне. У 1564 годзе кніга выходзіць з нясвіжскага друку. У прадмове Сымон Будны выклаў уласнае разуменне сутнасці хрысціянскай навукі.
У 1570-я гады Сымон Будны выклаў свой погляд на дзяржаўна-палітычную і этычную дактрыну пратэстанцтва ў творы «Абвяржэнне Чаховіча, які лічыць, што хрысціяніну нельга займаць дзяржаўную пасаду». Як адзначае ўніяцкі святар Андрэй Крот, у 1577 годзе асветнік бярэ ўдзел у перавыданні кнігі Анджэя Фрыча Маджэўскага «Аб выпраўленні дзяржавы», у якой прыводзіліся аргументы ў абарону ўрада і пацвярджалася права хрысціяніна займаць свецкія пасады.
Антыарыянскае выданне знакамітага езуіта Пятра Скаргі, у якім ён паслядоўна крытыкуе прыхільнікаў пратэстантызму, да якіх адносіўся Сымон Будны
З боку апанентаў Сымона Буднага, так званых анархістаў, пасыпаліся рэзкія абвінавачанні, і ў 1582 годзе пратэстанцкага тэолага нават адлучылі ад збору. Арыяне выключылі Буднага «за самавольную, без цэнзурнага прачытання ў абшчыне, публікацыю твораў Якава Палеолага, чые погляды ён падзяляў, і за прамовы супраць малітваў, якімі звяртаюцца да Хрыста», — адзначае гісторык Кастусь Тарасаў.
Сінод 1584 года пакінуў у сіле адлучэнне Буднага. Выключэнне з супольнасці лічылася раўназначным абвяшчэнню па-за законам, пазбаўленне сана пазбаўляла і аўдыторыі. Не жадаючы заставацца без справы, Будны свае найбольш жорсткія погляды змякчыў (ці зрабіў выгляд, што змякчыў) і ў 1588 годзе ў Берасці замірыўся з «братамі антытрынітарыямі».
1588 год, Станіслаў Астроўскі: Кніга аб сапраўднай Боскасці Езуса Хрыста [...] супраць перахрышчаных (маецца на ўвазе пратэстантаў — заўв. П. Х.). Акрамя таго, кароткае навучанне аб асобе Сына Божага і Духу Святога. Таксама [...] тэкст супраць Сымона Буднага. Выданне захоўваецца ў Эльблонгскай бібліятэцы
Напрыканцы 1580-х гадоў ён удзельнічае ў дыспуце з полацкімі езуітамі і абвяргае дагмат аб несмяротнасці душы:
«Душа — гэта ні што іншае, як чалавечае жыццё, — пісаў Сымон Будны, — думка, што быццам існуе нейкая душа, якая пасля выпрабаванняў смерці церпіць пакуты ці весяліцца на небе, з’яўляецца байкай».
Да 1956 года дакладная дата смерці Сымона Буднага не была вядомая. Яе ўстанавіў польскі даследчык Станіслаў Кот. У каралеўскай бібліятэцы Капенгагена ён знайшоў выдадзены ў 1603 годзе ў Вільні Міхалам Алясніцкім твор, скіраваны супраць антытрынітарыяў.
Алясніцкі піша: «Смерць Сымона Буднага, правадыра і кіраўніка перахрышчэнцаў Літвы, якая наступіла 13 студзеня 1593 года ў Вішневе, была жудаснай і агіднай. Ужо за два гады да смерці ён зусім звар’яцеў, не хацеў нічога чуць і ведаць пра Бога і Хрыста. Нават за тры дні да смерці раздаваўся яго страшэнны крык, які напаўняў двор пана Льва Маклока і яго суседзяў.
А калі цівун пан Віткоўскі пераконваў яго, каб у апошнія свае дні ён звярнуўся да Бога, ён злавіў яго руку і сказаў:
«Клянуся, я не ведаю ніякага Бога і ніякага Хрыста»».
Сучасны грэка-каталіцкі святар і даследчык Андрэй Крот падкрэслівае, што паведамленні гэтыя, аднак, належаць ідэйным праціўнікам Сымона Буднага, таму могуць аказацца непраўдзівымі.
Зазірнуць у тыя далёкія дні і спраўдзіць тое, як развітаўся з гэтым светам беларускі асветнік Сымон Будны, мы, вядома, не зможам. Але з сумам мусім канстатаваць, што ён адышоў у іншы свет, у які не верыў, без міру і супакаення.
Павал Хадзінскі, budzma.org