У ноч на 12 лістапада 2020 года ў Мінску забілі мастака Рамана Бандарэнку. Трагедыя беларускай рэвалюцыі, калі ў адзін момант стала зразумела — рэжым не спыніцца ні перад чым, ілюзіі скончыліся. Трагедыя без тэрміну даўніны.
У гэтым жніўні Раману Бандарэнку споўнілася б усяго толькі 36 гадоў. Увечары 11 лістапада 2020 года мастак, удзельнік пратэстаў супраць фальсіфікацыі выбараў, імаверны аўтар мурала «Дыджэі Перамен» напісаў у дваровым чаце: «Я выходжу». Ён пайшоў бараніць знакамітую Плошчу Перамен — двор у Мінску на скрыжаванні вуліц Чарвякова, Кахоўскай і Смаргоўскага тракта. Тады, як памятаем, прыхільнікі, хутчэй, прадстаўнікі рэжыму выязджалі на начныя рэйды, каб зразаць бел-чырвона-белыя стужачкі, у якіх быў увесь горад.
Раман сутыкнуўся з невядомымі, якія збілі яго. Пазней сярод гэтых невядомых на запісах з камераў назірання пазналі экс-кіраўніка Федерацыі хакею Беларусі Дзмітрыя Баскава, неаднаразовага чэмпіёна свету ў тайскім боксе і кікбоксінгу Дзмітрыя Шакуту і прэс-сакратарку Лукашэнкі Наталлю Эйсмант.
Пасля бойкі некалькі чалавек зацягнулі Рамана ў мікрааўтобус кшталту тых, што выкарыстоўвалі сілавікі. Бус з Бандарэнкам з’ехаў з Плошчы Перамен у 22:55, толькі ў 0:05 12 лістапада Раман Бандарэнка паступіў у лякарню хуткай медычнай дапамогі з вялікім ацёкам мозгу, закрытай чэрапна-мазгавой траўмай, субдуральнымі гематомамі, ударамі і абдзірынамі. У аперацыйную яго ўжо прывезлі ў коме. Удзень 12 лістапада Раман Бандарэнка памёр, не прыходзячы ў прытомнасць.

Развітанне з Раманам Бандарэнка. Фота: БелаПАН
Трагедыя ўскалыхнула ўсю Беларусь, па ўсёй краіне праходзілі і адзіночныя, і масавыя акцыі, людзі станавіліся ў ланцугі каля дарогі, аўтамабілісты сігналілі. 15 лістапада ўлады жорстка разагналі сход у ягоную памяць ля дома Бандарэнкі. На пахаванне прыйшлі тысячы чалавек.
Пра пятую гадавіну піша Лявон Вольскі: «Тое, што адбылося далей, ўскалыхнула беларускую й сусьветную грамадзкасьць. Высьветлілася, што ў рэжыму няма добраахвотнікаў, гатовых па загадзе зразаць чырвоныя ды белыя стужкі і зафарбоўваць графіці. А займацца гэтым прыдатныя ці то курсанты вайсковых і міліцыянцкіх вучэльняў, ці — прэс-сакратарка, лекарка, хакейны бос і баявы інструктар. Высьветлілася, што для ўладаў няма нічога сьвятога. Спачатку яны намагаліся сфальсыфікаваць «нецьвярозы стан» сваёй ахвяры. Але ўсе памятаюць першыя сьведчаньні лекараў. Таму, калі гэта не ўдалося, пачалі перашкаджаць ушанаваньню памяці героя — нішчылі стыхійныя мэмарыялы, разганялі, арыштоўвалі і катавалі людзей, якія зьбіраліся на жалобныя мітынгі.

Стыхійны мемарыял у памяць пра Рамана Бандарэнку. Фота: "Радыё Свабода"
Мы ўсе пабачылі, з кім маем справу — з жорсткімі цынічнымі забойцамі, якія ні перад чым ня спыняцца, каб захаваць сваю ўладу. Але мы ўбачылі й тое, што ў іх зусім няма прыхільнікаў — толькі тыя, хто мае наўпроставае дачыненьне да ўлады. Усе датычныя да забойства Рамана ўсім вядомыя. Такія справы ня маюць тэрміну даўніны. Людзі кажуць: «Не забудзем, не прабачым». А гэта значыць, што ў свой час давядзецца за ўсё адказаць».
Расследаванне крымінальнай справы па факце смерці Рамана Бандарэнкі прыпынілі ў верасні 2021 году. Затое крымінальныя справы ўлады заводзілі на тых, хто распавядаў праўду пра гібель мастака, на тых, хто ўшаноўваў памяць, нават пасадзілі святара, які яго адпяваў.
За артыкул, які абвяргаў першую «версію» МУС пра нібыта п’янага актывіста, журналістка Кацярына Барысевіч атрымала 6 месяцаў калоніі. Таксама сілавікі затрымалі журналістак Дар’ю Чульцову і Кацярыну Андрэеву, якія вялі стрым з разгону акцыі ў памяць аб загінулым. Іх пакаралі двума гадамі калоніі, але ў 2022 годзе Кацярыне Андрэевай дадалі па новай справе 8 гадоў і 3 месяцы калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Алесь Бяляцкі, кіраўнік «Вясны», будучы Нобелеўскі лаўрэат і цяперашні палітзняволены, напісаў тады: «Я разумею, што следчы камітэт гатовы заплюшчваць вочы на любое беззаконне і гвалт, учынены сілавікамі. Але я веру, што аніводнае злачынства, учыненае супраць людзей, не будзе дараванае. Я заклікаю людзей не ўпадаць у роспач і адчай і далей адстойваць свае правы чалавека. Бо мы — не быдла!»
Аляксандр Мілінкевіч у сваім facebook тады ж правёў паралель паміж забойствамі Рамана Бандарэнкі і польскага прапаведніка Ежы Папялушкі: «У часы барацьбы польскай Салідарнасці з камунізмам была адна падзея, што назаўсёды засталася ў калектыўнай памяці палякаў — брутальнае рытуальнае забойства спецслужбамі маладога святара і папулярнага прапаведніка Ежы Папялушкі. Ён загінуў, бо не жадаў адмаўляцца ад простых каштоўнасцяў, якія для тагачасных уладаў Польшчы былі смяротнай пагрозай. У гісторыі засталіся словы з ягоных казанняў — «Немагчыма забіць надзею», «Насілле не ёсць прыкметай сілы, але слабасці».
Забойства айца Ежы Папялушкі ўзрушыла сумленне палякаў. Па свайму ўздзеянню яно было падобна на нацыянальны біблейскі «non possumus» — «мы не можам». Трагедыя дадала сіл і ажывіла надзеі на свабоду, падаўленую ў час ваеннага становішча. Смерць стала маральнай перамогай дабра над злом.
... Раман Бандарэнка выйшаў на апошнюю ў сваім жыцці Плошчу, бо хацеў заставацца вольным, нават пры вонкавай няволі, хацеў быць годным беларусам, быць сабой, і дзеля гэтага трэба стала перамагаць страх і жыць у праўдзе. А праўда ёсць самая небяспечная зброя для азвярэлага таталітарнага рэжыму, таму што ён заснаваны на нахабнай хлусні.

Раман Бандарэнка. Карціна Ганны Рэдзька
Лукашэнкаўскія нелюдзі забілі маладога мастака, але не святую веру і моц нашага духа. Мая краіна праходзіць праз свой біблейскі «non possumus».
Вядома, што перад падзеямі 2020 году Раман Бандарэнка працаваў дырэктарам адной з крам «Востраў чысціні», але мастацтва не кідаў. Акрамя імавернай працы над знакамітым муралам (ён зараз адноўлены ў Вільні ля Беларускага дому), ён вучыў дзяцей маляваць.
Яшчэ адну яго працу, вядомую публіцы, знішчылі ўжо ў 2023-м. Падчас рамонтных работ у кавярні-трапезнай для паломнікаў Свята-Ўспенскага манастыра ў Жыровічах ліквідавалі фрэску, у стварэнні якой браў удзел Раман Бандарэнка.
Фрэска, у стварэнні якой браў удзел Раман Бандарэнка. Фота: Хрысціянская візія
На фрэсцы, напісанай Раманам Бандарэнкам падчас працай над дыпломам у Мінскім дзяржаўным архітэктурна-будаўнічым каледжы, быў намаляваны манастыр пад шатамі Жыровіцкай іконы Багародзіцы. Таксама на сцяне размяшчалася мемарыяльная таблічка з імем мастака. У 2023-м фрэску зафарбавалі, мемарыяльную таблічку са сцяны знялі.
Вось што кажа (запіс тых дзён) пра свайго вучня выкладчык Акадэміі мастацтваў, даследчык опернага мастацтва Сяргей Русецкі: «Я хачу расказаць усім пра Рому. Пра сімвалічнасць яго ахвяры. Вобраз Рамана Бандарэнкі як героя напоўнены высакароднасцю. І гэта абсалютна невыпадкова.
Рома быў маім студэнтам. Спачатку для мяне гэта быў сціплы прыветлівы юнак, які сядзеў на задняй парце, я нічога пра яго не ведаў. Выглядаў ён на звычайнага жывога хлопца, для Акадэміі мастацтваў гэта не зусім тыпова, усе стараюцца там падкрэсліць сваю арыгінальнасць. Але не Рома. Я выкладаў на іх курсе два прадметы адначасова: адзін цікавы, і нам усім было там добра, а другі — нудны, але патрэбны. Можна было б аддаць перавагу першаму, але Рома наведваў заняткі па абодвух прадметах.
Раман Бандарэнка ў студэнцкія гады. Фота: "Радыё Свабода"
Як потым высветліцца, лейтматыў чалавечай годнасці, гонару ў маіх у нейкім сэнсе наіўных прамовах на лекцыях, арганічна адгукаўся ў Рамане. Для яго найважнейшымі ў жыцці былі гэтыя паняцці.
Нічога не прадказвала, што мы пазнаёмімся бліжэй. Але Рома зрабіў дыпломную працу на оперную тэму і вырашыў паказаць мне, ведаючы мой оперны фанатызм. Праца была пра Рыхарда Вагнера, тады акурат быў двухсотгадовы юбілей. Рома назваў гэта дакументальна-паэтычным фільмам.
Адважна выбраў небанальную тэму. Не пабаяўся занурыцца ў глыбіні музыкі і філасофіі генія Вагнера. І ў той самы год пасля заканчэння акадэміі Рому прызвалі ў войска.
У яго і думкі не было «касіць». І «свяціў» Рому вайсковы спецназ, куды ён у выніку і трапіў. Па стане здароўя. Бездакорнага. Жартаваў, што здароўя яму хопіць на пару чалавек, абы маральна не зламацца.
Рома перажываў за хлопцаў, з якімі пазнаёміўся падчас прызыву, — казаў, што зусім кволыя, што не дадуць рады... Рома быў вельмі спагадлівы.
Рома не шукаў лёгкіх шляхоў. Ён заўсёды ўсім дапамагаў — і не толькі нацягваць палатно на падрамнікі сваім аднагрупніцам. Рома смела і самаахвярна прапаноўваў сваю дапамогу ў самых складаных сітуацыях.
Памятаю, як ён стараўся дапамагчы асесці ў Беларусі дзяўчыне з Данбаса, якая яму падабалася і якая сутыкнулася з вялікімі бюракратычнымі цяжкасцямі...
Мы пакуль не ведаем усіх падрабязнасцяў і абставін трагічнай смерці Ромы. Пакуль. Але я ўпэўнены, яго рыцарская прырода, прырода абаронцы, мужнасць і разам з тым міралюбівасць былі з ім да канца, а магчыма і былі прычынай фатальнага, але гераічнага фіналу.
Рома быў вельмі малады, натуральны, шчыры, сімпатычны, высакародны, рамантычны, прыгожы душой і целам чалавек, блізкі і зразумелы ўсім нам, наш усеагульны сын і брат, таму зусім невыпадковая народная любоў да яго як Героя. Рома — гэта мы.
На крывавым п’едэстале Герояў Беларускай Рэвалюцыі Сумлення Раман Бандарэнка заслугоўвае самага ганаровага месца. Яго смерць не можа застацца марнай".
Стала вядома, які помнік паставілі на могіле Рамана Бандарэнкі.
«Дзякуючы падтрымцы, салідарнасці і любові, сёння гэты помнік стаіць — як сімвал годнасці, мужнасці і памяці пра чалавека, які аддаў сваё жыццё за праўду і за Беларусь. Сям’я выказвае падзяку ўсім, хто ахвяраваў сродкі i хто проста памятае. Гэта помнік не толькі Раману — гэта помнік усім, хто не змоўк перад злом», — паведамляецца ў тэлеграм-канале арганізацыі «Дапамога».

Фота арганізацыі «Дапамога»
Сёння, 12 лістапада, акцыі памяці Рамана Бандарэнкі адбудуцца ў Беластоку і ў Сан-Францыска.
Таксама акцыя памяці пройдзе а 19‑й гадзіне каля пасольства Беларусі ў Вільні (вул. Міндоўга, 13, адразу за крамай «Максіма»).
На пікеце памяці Рамана Бандарэнкі. Вільня, 9 лістапада 2025 года. Фота: "Радыё Свабода"
Сёння ў Познані на сядзібе фундацыі "КУТ" (Kramarska, 32) прэзентуюць кліп KOOB «Nie chapai».
Аўтарка прысвяціла працу над кліпам Раману Бандарэнка і вырашыла зрабіць гэты вечар не класічнай прэзентацыяй, а нагодай для сустрэчы і ўшанавання памяці ахвяр рэжыму, каб пабыць разам і падзяліцца падтрымкай.
Пачатак сустрэчы а 19:00.
Рыгор Сапежынскі, Budzma.org