Раман «Слон» Сашы Філіпенкі знялі з продажу ў Беларусі

Раман «Слон» Сашы Філіпенкі з’явіўся на маркетплэйсе Wildberries, але беларускія прапагандысты «ўрэгулявалі» пытанне з продажамі рамана, піша reform.news.

Vokladka knihi Sašy Filipienki
Вокладка кнігі Сашы Філіпенкі. Фота: выдавецтва «Время»

Беларускі пісьменнік Саша Філіпенка паведаміў у Фэйсбуку 3 жніўня, што яго новы раман «Слон» на тэму вайны ва Украіне можна купіць на маркетплэйсе ў Беларусі. Ён дадаў спасылку на Wildberries.

На гэта звярнулі ўвагу прапагандысты. Супрацоўнік СТБ Рыгор Азаронак заявіў, што Філіпенка «вельмі рана ўзрадаваўся». А ў іншым праўладным канале паабяцалі на працягу сутак «урэгуляваць» пытанне з продажам кнігі ў Беларусі.

Ужо праз некалькі гадзін стала немагчыма набыць раман, паведамляецца, што кнігі няма ў наяўнасці. А прапагандысты падзякавалі ўсім датычным.

Skrynšot Wildberries
Скрыншот Wildberries

Рускі варыянт рамана афіцыйна выдадзены ў Расіі выдавецтвам «Время». Кніга «Слон» па-беларуску выйшла раней за рускі варыянт — у кракаўскім выдавецтве Gutenberg. Аднак набыць выданне можна толькі за мяжой Беларусі.

Пісьменнік і журналіст Саша Філіпенка падтрымаў пратэсты 2020 года і быў вымушаны пакінуць Беларусь. У Еўропе ён стаў голасам пратэснай Беларусі: выступаў у друку і пісаў адкрытыя лісты еўрапейскім чыноўнікам. У лютым 2025 года стала вядома, што ў Беларусі на яго распачалі крымінальную справу.