Рамуальд Траўгут: легендарны паўстанец, які «палічыў неабходным не берагчы сябе»

У гэты дзень роўна 200 гадоў таму з’явіўся на свет інжынер і былы царскі вайсковы, а неўзабаве адзін з кіраўнікоў паўстання 1863-1864 гадоў і апошні яго дыктатар, генерал Рамуальд Траўгут. Расказваем пра ягонае няпростае жыццё, якое было напоўнена цяжкасцямі і бязмернай любоўю да Айчыны.

Ramuald Traŭhut
Крыніца: wikipedia.org

Нарадзіўся Рамуальд Траўгут 16 студзеня 1826 года ў маёнтку Шастакова ў сям’і небагатага арыстакрата Людвіка Траўгута і Алаізы з роду Блоцкіх, якая пайшла з жыцця, калі хлопчыку было ўсяго 2 гады. Таму асноўная нагрузка па выхаванні будучага генерала лягла на бабулю па кудзелі — Юстыну Блоцкую, якая з малых гадоў прывівала Рамуальду Траўгуту патрыятычныя пачуцці. 

Прадзед Рамуальда быў немцам з Саксоніі, які перабраўся ў Рэч Паспалітую і асеў у ёй, пакінуўшы сваім нашчадкам нямецкае прозвішча. Але ўжо ягоны сын Якуб, дзед Траўгута, пачуваўся палякам і быў актыўным удзельнікам паўстання 1794 года. Таму зусім не дзіва, што і ўнук вырас глыбокім патрыётам сваёй краіны. 

Ранняе дзяцінства Траўгута прыпала на драматычныя падзеі Лістападаўскага паўстання 1830-1831 гадоў, калі яшчэ існавала Царства Польскае, а таму гэта было фактычна змаганне дзвюх рэгулярных армій. У выніку задушэння паўстання вельмі многія патрыёты былі забітыя, арыштаваныя і высланыя, або выправіліся ў выгнанне. Атмасфера, якая панавала пасля задушэння паўстання, не магла не паўплываць на асобу маладога чалавека. 

У 1836 годзе Рамуальд Траўгут паступіў у Свіслацкую гімназію. Падчас вучобы праяўляў асаблівую цікавасць да дакладных навук, найперш матэматыкі. Вельмі добра і ахвотна маляваў. У 1842 годзе ён скончыў гімназію са срэбным медалём і паспрабаваў паступіць у Інжынерную акадэмію, але праз вельмі малады ўзрост не быў прыняты. Затое трапіў у Галоўнае інжынернае вучылішча. 

Адметна, што яшчэ ў часы навучання ў гімназіі пачалі афармляцца палітычныя погляды Траўгута. У той час на тэрыторыі Расейскай імперыі, куды ўваходзіла і Гарадзеншчына, адбываўся наступ на ідэі Асветніцтва і вальнадумства. У навучальных установах панавала атмасфера дысцыпліны і жорсткага падпарадкавання. А вучнёўская моладзь, шукаючы повязь з папярэднікамі і пачуваючыся пад акупацыяй, стварала таемныя патрыятычныя гурткі. 

Вядома, што ўжо ў гэты час Рамуальд Траўгут, як, дарэчы, і браты Каліноўскія, выказваўся супраць прыгону. Як бы гэта дзіка не гучала, але ў першай палове ХІХ стагоддзя сяляне ўсё яшчэ знаходзіліся ў стане калі не рабоў, дык дакладна бяспраўных людзей. І гэтую сітуацыю трэба было мяняць карэнным чынам. Бо нават калі прыгоннае права і было адмененае ў 1861 годзе, сітуацыя з правамі сялянаў істотна не палепшылася. Што праўда, самі прыгонныя не надта разумелі, што адбываецца, і ў 1863 годзе будуць за грошы выдаваць царскім уладам тых, хто хацеў даць ім свабоду.

Як і многія палякі таго часу, Рамуальд Траўгут вырашыў рабіць кар’еру ў царскім войску. У канцы 1844 года ён пачынае свой вайсковы шлях юнкерам у 3-м сапёрным батальёне ў мястэчку Жэлехаў, а ўжо праз тры гады атрымлівае званне прапаршчыка. У 1849 годзе Траўгут бярэ удзел у падаўленні паўстання ў Венгрыі, дзе так званая «Вясна народаў» 1848 года, скіраваная галоўным чынам супраць манархічнай улады Габсбургаў у Еўропе, разыгралася з асаблівай сілай. Паўстанцы не толькі абвесцілі незалежнасць ад Вены, але здолелі таксама і сфармаваць сваё рэгулярнае войска. Аднак выступленне было задушана аўстрыйскімі войскамі пры дапамозе расейскага экспедыцыйнага корпуса генерала Івана Паскевіча. У якім служыў наш герой. 

У ліпені 1852 года Рамуальд Траўгут ажаніўся з дачкой варшаўскага ювеліра Ганнай Пікель, а праз год у маладой пары нарадзілася першая дачка Ганна. У той час жыццё Траўгута складвалася ці не найлепшым чынам — ён быў уганараваны за свае ваенныя поспехі ў Венгрыі ордэнам Святой Ганны другой ступені, грашовай узнагародай у памеры 245 срэбных рублёў, а таксама новай кватэрай. 

Але ўжо неўзабаве пачынаецца Крымская вайна, дзе Рамуальд Траўгут таксама бярэ ўдзел ужо ў чыне паручніка. У 1855 годзе ён нават будзе ўдзельнічаць у абароне Севастопаля, якая была няблага адлюстравана ў расейскай літаратуры таго часу. Пасля яго пераводзяць у Харкаў, дзе ў той час знаходзіцца штаб Паўднёвай арміі. У Траўгута неўзабаве нараджаецца другая дачка — Алаіза, якая была названая ў гонар маці. 

З 1859 года Рамуальд Траўгут жыў у сталіцы Расейскай імперыі — Санкт-Пецярбургу, дзе займаўся навукай. Усё ідзе нібыта няблага: ён мае прызнанне, цікавую працу, у ягонай сям’і прыбаўленне — нараджаюцца блізняты Юстына і Конрад. Аднак шчасце цягнулася нядоўга, бо ўжо ў кастрычніку 1859 года памірае Юстынка, у студзені 1860-га нечакана сыходзіць з жыцця жонка Ганна, а ў траўні памірае Конрад. Самотны Траўгут застаецца з дзвюма малымі дочкамі на руках і вельмі цяжка перажывае серыю смерцяў.

У лютым 1860 года ў сваім маёнтку Востраў памірае брат бабкі Юстыны Віталіс Шуйскі, хросны бацька Траўгута, які пакідае яму сваю спадчыну, у тым ліку і маёнткі на Кобрыншчыне. Праз два гады Рамуальд Траўгут канчаткова сыходзіць у адстаўку ў званні падпалкоўніка з правам нашэння мундзіра і жалаваннем у 230 рублёў і селіцца ў Востраве. У гэты ж час ён бярэ шлюб са сваячкай Тадэвуша Касцюшкі Антанінай Касцюшкоўнай, якая была ўнучкай брата правадыра паўстання 1794 года. 

Штопраўда, гэты шлюб быў дакладна не па каханні, але хутчэй па разліку — Траўгут дбаў аб выхаванні сваіх дачок. Але і цяпер сямейнай ідыліі не ўдалося, бо неўзабаве грымнула Студзеньскае паўстанне 1863 года. Па злой іроніі лёсу Рамуальд Траўгут быў, з аднаго боку, адным з нямногіх, хто меў рэальны баявы досвед, а з іншага — вельмі скептычна ставіўся да выступлення супраць царскіх уладаў са зброяй у руках. 

Да паўстанцкага руху ён далучыцца выключна з патрыятычных пачуццяў, але перспектывы паўстання Рамуальд Траўгут ад пачатку ацэньваў дастаткова песімістычна, таму працяглы час ніякім чынам не праяўляў сябе. Ужо пазней, калі паўстанне пацярпела паразу, ён, у прыватнасці, адзначаў: 

«Я нікому не раіў падымаць паўстанне, наадварот, як былы вайсковец я бачыў усю складанасць барацьбы без войска і зброі супраць дзяржавы, якая вядомая сваёй вайсковай магутнасцю. Калі ўзброенае паўстанне павінна было ўспыхнуць у Кобрынскім уездзе Гарадзенскай губерні, дзе я жыў, за некалькі дзён да пачатку паўстання да мяне звярнуліся з просьбай прыняць камандаванне. Разгубіўшыся, я апісаў усе перашкоды як агульнага, так і асабістага парадку, і раіў адмяніць рашэнне аб пачатку паўстання. Выяснілася, што зрабіць гэта ўжо проста немагчыма. Тады я прыняў іхную просьбу... Палічыў неабходным не берагчы сябе там, дзе іншыя ахвяруюць усім».

Штопраўда, многія з удзельнікаў паўстання, якія мелі добрую маёмасць або досвед службы ў расейскім войску, мыслілі падобным чынам. Аднак патрыятычныя пачуцці і жаданне скінуць ярмо расейскага царызму пераважалі над здаровай логікай і прагматызмам. Плюс-мінус нешта выходзіла толькі ў тых паўстанцкіх атрадаў, якія кіраваліся людзьмі з баявым досведам. У большасці ж выпадкаў гэты выступ нагадваў хутчэй партызанскую вайну — удзень гаспадарылі царскія войскі з жандармамі, а з наступленнем ночы выходзілі са сваіх хованак паўстанцкія атрады. Гэта было непараўнальна з падзеямі 1830 года, калі рэзістанты мелі фактычна рэгулярную армію. 

У красавіку 1863 года Рамуальд Траўгут сфармаваў і ўзначаліў Кобрынскі паўстанцкі аддзел. У баях каля вёскі Горкі тройчы нанёс паражэнне расійскім вайсковым часткам. У чэрвені 1863 года разам з Берасцейскім аддзелам Яна-Эдвара Ваньковіча зрабіў рэйд па Піншчыне і Паўночнай Валыні, але аддзел Рамуальда Траўгута панёс значныя страты, таму ў ліпені 1863 года з дапамогай пісьменніцы Элізы Ажэшкі Рамуальд Траўгут таемна выехаў у Варшаву. 

Гэта быў час, калі паўстанне цярпела паразу і пачало пакрысе сыпацца пад ціскам царскіх уладаў. Рамуальд Траўгут прымае чын генерала ад эмігранцкага ўрада і бярэцца за справу рэанімацыі паўстанцкага руху. Акурат у гэты апошні эпізод паўстання і прыдаюцца прагрэсіўныя погляды яго маладосці — Траўгуту ўдаецца пашырыць сацыяльную базу паўстання, мабілізаваўшы ў шэрагі інсургентаў у тым ліку і сялянаў, што было даволі-такі рэдкай з’явай. Але пераўтварэнні, якія і ўвасобіў Траўгут, адбыліся занадта позна — паўстанне канчаткова правалілася, а паўстанцы, якія засталіся яшчэ на волі, перайшлі да поўнай канспірацыі і разавых акцый «прамога дзеяння». 

Рэакцыя таксама не спала і нарошчвала рэпрэсіі — прыкладна ў сярэдзіне сакавіка царскімі жандармамі быў арыштаваны Артур Гольдман, сакратар кіраўніка фінансавага дэпартамента падпольнага нацыянальнага ўрада. У часе следства ён і выдаў Рамуальда Траўгута, які быў арыштаваны ў ноч з 10 на 11 красавіка 1864 года ў варшаўскай кватэры жонкі Адама Кіркора Хелены.

Царскія служкі рабілі захады, каб атрымаць важную інфармацыю пра кіраўніцтва паўстанцкімі сіламі, але Рамуальд Траўгут адмовіўся кагосьці выдаць. Паводле адной з легендаў, у часе аднаго з допытаў ён прамовіў пафаснае — «Ідэя нацыянальнасці настолькі магутная і робіць такія вялікія крокі ў Еўропе, што нішто не можа яе перамагчы». Як былы царскі вайсковец ён быў разжалаваны і паводле прыгавору ваеннага суда павешаны ў Варшаўскай цытадэлі 5 жніўня 1864 года. 

Paštoŭka «Achviary 1863 hoda» Паштоўка «Ахвяры 1863 года». У самым цэнтры знаходзіцца выява Рамуальда Траўгута

Асоба Рамуальда Траўгута стала легендарнай у патрыятычных колах. Яшчэ да здабыцця незалежнасці Польшчы ў 1918 годзе яна трапіла ў пантэон польскіх герояў. Пра яго пісалі артыкулы, ягонае аблічча можна ўбачыць на паштоўках — як калектыўных, так і персанальных. А пасля здабыцця незалежнасці яго імем сталі ўжо называць вуліцы.

Ф. Т., Budzma.org