Каб зразумець Лукашэнку, трэба вярнуцца на 700 гадоў назад

04.08.2025
Ці ўсе паглядзелі інтэрв’ю Ціханоўскай на «Жизнь-малина»? Там гісторыя пра тое, як чалавеку на высокай пасадзе цяжка і няпроста. Але давайце не пра Святлану Георгіеўну, а пра чалавека, якому цяжка і няпроста — нават невыносна! — было б без высокай пасады. Так-так, пра яго.

Чаму так сталася, і гэты чалавек столькі гадоў кіруе? У чым сакрэт яго палітычнага даўгалецця і калі скончыцца ягоны час? Разважае Алесь Кіркевіч і праводзіць паралелі з іншымі эпохамі і іншымі кіраўнікамі, якія гаспадарылі на беларускіх землях нават даўжэй за Лукашэнку.

Alieś Kirkievič Алесь Кіркевіч

На мінулым тыдні мяне запрасілі на эфір «Обычное Утро», дзе ішлося пра доўгажыхароў у нашай палітычнай гісторыі. Вітаўт — 38 гадоў. Жыгімонт Ваза — 45. Усяслаў Чарадзей — 57! На гэтым тле 31 год кіравання Лукашэнкі не ўражвае. Столькі ж былі каля ўлады Аўгуст Моцны ці Панятоўскі. З папраўкай на тое, што час Лукашэнкі яшчэ не скончаны.

Але ці не дзіўнае самое параўнанне? Там, у далёкім мінулым, чалавек кіруе як манарх, пажыццёва. Гэта іншыя рэаліі, калі ўвесь палітычны народ можа змясціцца на адным полі падчас элекцыі караля. Рэшта — падданыя. Яны не вырашаюць. За іх вырашаюць. Гэта не іх дзяржава, але — манарха.

Карацей, параўнанне некарэктнае. Але... тут і хаваецца сакрэт палітычнага даўгалецця Лукашэнкі.

Колькі Лукашэнку ставілі дыягназаў?

«Паталагічная залежнасць ад улады», «мазаічная псіхапатыя», «сінія пальцы»... Магчыма, так прасцей: палічыць, што краінай кіруе хворы чалавек, таму ўсё так, як ёсць. А што наконт гістарычнага дыягназу?

Уявіце, што Лукашэнка — кіраўнік не з нашага часу. І нават не з савецкага мінулага, як ён сам думае. Гэта чалавек з феадальнага свету. Каб яго зразумець, трэба вярнуцца на 500-700 гадоў назад.

Прычым, каб ён кіраваў тады — цалкам магчыма, што мы б палічылі яго адным з выдатных гістарычных дзеячаў... Мы ж любім князёў і гетманаў са «сталёвымі яйцамі», праўда?

Сям’я, «наши люди» і мысленне на пакаленне наперад

Мы кажам, што Лукашэнка ўзурпаваў уладу для сябе. Але ўладу ён узурпаваў — для дынастыі. Для сыноў. Нават Пуцін не ставіць сваіх дачок у СовБез. Брэжнеў ці Хрушчоў не прасоўвалі сваіх дзяцей на першыя пасады, бо там была ўлада партыі. А тут — калі ласка. У нас гэта выклікае іронію... але логіка акурат такая. Ён трымаецца за ўладу не для сябе, а для Сям’і.

Мы не можам зразумець, пра які «народ» увесь час кажа Лукашэнка. Той народ, для якога ён усё робіць, любіць і г. д. Дзе ён, той народ? А гэта — ягоны палітычны народ: баяры-дружыннікі, падчашыя, скарбнікі... Тыя, хто дапамагае трымаць яго ўладу: «Наши люди».

Рэшта — не народ, а падданыя. Падаткавае саслоўе ці прыгонныя. «Непахожыя», якім нельга збягаць ад свайго феадала да іншага. Адсюль — лагічная крыўда, чаго яны ўсе сунуцца з ягонага ўдзелу ў Польшчу ці Літву?..

Мы звыкліся, што гісторыя Беларусі пачынаецца для Лукашэнкі з 1939 ці 1945 гадоў. «Савецкая прашыўка». А гэта не савецкая прашыўка, а мысленне часоў ранняга феадалізму: калі гістарычная памяць сягае на два пакаленні назад. Да ўзроўню бацькоў і дзядоў. Усё, што раней — туман, тэрыторыя міфу.

Тое самае і пра будучыню. Чалавеку з дамадэрнай эпохі цяжка планаваць (нават уявіць), што будзе праз 50 гадоў. Ну праўда, а што там будзе? Мысліць трэба на пакаленне наперад. На ўзровень сыноў. А далей ужо яны самі — сыны — падумаюць. Таму ніякага стратэгічнага планавання для краіны і быць не можа, бо краіна — гэта Сям’я. Дзеці падумаюць.

...Бо прыедуць «красаўцы» і пакараюць

Мы крытыкуем Лукашэнку за непаслядоўную знешнюю палітыку. Сёння з тымі, заўтра з тымі... А зірніце на знешнюю палітыку Вітаўта. Гэта быў майстар ствараць і разбураць саюзы. З крыжакамі, з Масквой, з палякамі, з татарамі, з кім заўгодна. Бо ніякага геапалітычнага плану няма. Ёсць інтарэс сённяшняга дня.

Ідэалогія? Тое самае. Лукашэнка не савецкі чалавек, бо ў СССР была ідэалагічная лінія. Ён бярэ з кожнай ідэалогіі тое, што яму цікава і выгодна сёння. Трэба рынак? Будзе рынак. Трэба адняць і падзяліць? Без праблем. Ідэалогіі — пустое. Роўна як рэлігійнае пытанне для Альгерда ці Гедыміна было тэхнічным. Можна пахрысціцца, можна расхрысціцца, якая розніца?

vuczenni-zachad.pngСумесныя ваенныя вучэнні Беларусі і Расіі / Ілюстрацыйнае фота anna-news.info​

Нават мілітарызм Лукашэнкі — зусім іншы, чым у Сталіна ці Гітлера. Усё ягонае лязганне зброяй — гісторыя пра тое, каб трымаць сваю вотчыну. Каб чужыя не лезлі, а свае не бунтавалі. Дружына патрэбная, каб сцерагчы гандлёвы паток. Як 1000 гадоў таму яго папярэднікі трымалі шлях на Падзвінні і Падняпроўі. Каб рабы, мёд і срэбра хадзілі з поўдня на поўдзень. Ну, і каб плямёны-даннікі не дурылі галаву. Бо прыедуць «красаўцы» і пакараюць.

«Пока вы меня не убьете — других выборов не будет»

Урэшце, кажуць, што Лукашэнка — чалавек амаральны. А ці былі Вітаўт з Ягайлам маральныя? Калі парушалі дамовы, душылі сваякоў, катавалі і забівалі?.. Іхная этыка адпавядала часу. І яна моцна рознілася ад нашай. Бо ў той сістэме каардынат ёсць толькі сіла і — удача. Калі ты моцны, то маеш права на ўсё. Калі слабы... што ж.

Вітаўт і Ягайла.
Вітаўт і Ягайла. Малюнак Юліі Рудзіцкай паводле анімацыйнага фільма "Будзьмабеларусамі!"


Адсюль і гісторыя пра тое, як і калі Лукашэнка скончыцца. А скончыцца ён тады, калі прыйдзе іншы лідар, мацнейшы за яго. Бо роўна так племянныя справы вырашалі 1000 гадоў таму. Новы князь сядае кіраваць не тады, калі стары стае нядобрым і несправядлівым. А тады, калі стары слабее. Ці — ад яго адварочваецца ўдача.

Часта наступным лідарам стае той, хто заб’е папярэднага. «Пока вы меня не убьете — других выборов не будет» — памятаеце? Самае цікавае, што таму — папярэдняму — князю гэта вядома і зразумела. Таму нават калі сілы няма, трэба паказваць «стальныя яйцы». Бо як толькі адчуюць слабасць — заб’юць.

Чаму так сталася, і гэты чалавек кіруе?

Магчыма, мы як маладая нацыя не адрэфлексавалі сваё мінулае, таму яно паўтараецца. Нават калі ведаем гісторыю, то не разумеем яе. Лукашэнка таксама не разумее. Дзейнічае інтуітыўна. Бо мысленне дамадэрнага часу наогул не рэфлексіўнае. Трэба жыць, а не думаць пра жыццё. 

Ну і апошняе. Чаму гэты тэкст пачаўся з інтэрв’ю Ціханоўскай? А вы паглядзіце яшчэ раз. І паспрабуйце зразумець, што перад намі не супрацьстаянне асобаў ці ідэалогіяў, але — эпох. Ну і падумайце таксама, ці можа ХХІ стагоддзе перамагчы... ХІ-ХІІ стагоддзе? І калі «можа», то — як?

Алесь Кіркевіч, Budzma.org