У апошнюю нядзелю студзеня, бясснежнага і немарознага, зусім нязімняга студзеня, які наганяе трывожнае «ашчушчэніе», бы ўсё ідзе глыбока не так, як мае ісці, амаль на паўгода раней, чым мусілі б, што наганяе трывожныя думкі пра штосьці, што таемна рыхтуецца, а зусім не пра блізкую смерць дыктатара, — у апошнюю нядзелю студзеня беларусы ў Беларусі, тыя, за якімі пакінуты прывілей удзелу ў дзяржаўных рытуалах, зробяць усё, каб па-рознаму не заўважыць, у чым уласна яны удзел бяруць. Зрэшты, цяпер і калі не бярэш, то бярэш. І калі заклікаеш не браць, бярэш. І калі даўно ведаць забыўся пра Беларусь — бярэш, як міленькі, бо мы мінулым разам гештальт не закрылі, ага.
Дык вось, у апошнюю нядзелю студзеня некаторыя з беларусаў атрымаюць бюлетэні і будзённа распішуцца ў спісах выбаршчыкаў, не надаўшы ўвагі таму, што апошнія гады распісваюцца беларусы пераважна ў пратаколах допытаў і яўках з павіннай. Хаця, вядома, многім пашчасціла захаваць за сабой подпіс у дакументах будзённых і нават тых, якія сведчаць пра чалавечае шчасце і задаволенасць.
Малюнак Андруся Такінданга
А давайце ўявім, што гэтым подпісам беларус, які бярэ ўдзел у выбарах, засведчвае безліч акалічнасцей, якія намагаецца не заўважаць, і перадусім той лад жыцця, які мусіць весці. Ставіць пад непісаным іх пералікам пазнаку аб сваёй згодзе.
Хіба кожны спіс і кожную паперку цяпер не працінае вадзянымі знакамі нябачнае «С моих слов записано верно, мною прочитано»? Хіба не для таго, каб не заўважаць іх, разварочваюцца гэтым разам асабліва моташныя рытуалы грамадзянскага экстазу — з асабліва натужнымі песнямі, пляскамі, «флэшмобамі», таннымі беляшамі і іншым дабром?
Малюнак Андруся Такінданга
Нам прыемна думаць і прамаўляць, што рэжым жыве сваім жыццём, а беларусы сваім. Што ўсё міне і следу не застанецца, а беларусы, пазбавіўшыся ад дыктатуры, аднаго дня проста атрасуцца і пойдуць жыць далей, бы нічога і не было.
Цудоўны спосаб адмаўляць відавочнае — сілу ціску, моц улады, пастку сістэмы. Як не маеш магчымасцей перамагчы рэжым, застаецца проста сімвалічна адмовіць яму ў сіле. Але калі рэжым бяссільны ўздзейнічаць на народ, значыцца, на рэжыме няма віны: якая віна і адказнасць на тым, хто не мае сілы і ніяк не ўздзейнічае? Ага, ніякай.
Малюнак Андруся Такінданга
Ці не ў тым, што нам самім страшна заўважаць і прагаворваць: у самім гэтым ладзе жыцця, які аднойчы назвалі ўголас, толькі з адценнем гонару і перамогі, а не жалю і роспачы — «мы вада», мы абцякаем уладу і яе носьбітаў. Можа, і 2020 год быў якраз не пратэстам супраць гэтага ладу жыцця, а яго трыумфам — спробай даказаць сабе, што, абцякаючы ўладу, магчыма адчуваць сябе пераможцамі і ўласнікамі свайго жыцця? Немагчыма, сказала ўлада, абцякайце і не адсвечвайце.
Тады мы бульба, запярэчылі мы, — вы пасадзіце, а мы во прарасцем. Сядзіце расціце, пагадзілася ўлада.
Мы дабро, знайшлі тады беларусы яшчэ адну метафару недачынення, мы не будзем множыць зло. Ну нарэшце да вас дайшло, дзе вашае месца, пацвердзіла ўлада, і так дасягнулі новага кансэнсусу.
Малюнак Андруся Такінданга
Атрымліваючы бюлетэнь для галасавання, ды нават і не атрымліваючы, беларусы распішуцца ў тым, што ім норм менавіта такі спосаб стасункаў з уладай. Выбары — гэта такі салідарызуючы дзяржаўны рытуал, які трэба выканаць, каб абцячы яе і расці сабе, пакуль зло множыць зло.
Амаль пяць гадоў рэпрэсій вырасцілі ў нас з ранейшае пагарды да дзяржавы і дваякага «ашчушчэнія» скарыстання з яе (гэта калі «з паршывай авечкі...» спалучаецца з дэманстратыўнай адмовай ад кантакту з ёю) іншыя адносіны:
• дзяржаву ўспрымаем нарэшце як рэкеціра, ад якога можна і адкупіцца, калі дазволяць, вось хаця б подпісам у спісах выбаршчыкаў;
• ці як вымушанае зло, чыёй прысутнасці ва ўсім і паўсюль не пазбегнуць, а можна толькі добрымі паводзінамі дамагчыся не прыхільнасці, а хаця б негвалтоўнасці (але ж толькі да тае пары, пакуль не нагадаеш пра гвалт).
Рэкецір, як паложана, сентыментальны і шчыры, выклікае да сябе часам і спагаду, бо робіць гэта не з асабістай выгады, а, вядома, бо не можа не рабіць. Не левіяфан, а такі сабе монстр Франкенштэйна (але пра тое, як яшчэ мы рамантызуем уладу, — іншым разам).
Распішыцеся, дзе галачка, калі выражаеце сваю згоду з гэтым.
З тым самым шызафрэнічным і фашысцкім спосабам існавання, у якім «маральна тое, што выгадна» — проста таму, што само будзённае жыццё ў гэтых варунках амаральнае. Але выгаднае.
З тым, што чым далей робіцца выгляд, бы нічога не адбываецца, тым больш нічога не адбываецца, а справядлівасць — пытаннечка асабістае і нават проста інтымнае.
І з тым, што ў кожнай галаве цяпер вядзецца бясконцы дыялог унутранага следчага з унутраным сведкам, і калі спытаць беларуса пра што заўгодна, атрымаеш адказ той асобы, якая ў гэты час выказваецца ў галаве: калі пашанцуе, гэта будзе сведка, але ў наступную хвіліну будзь гатовы працягваць размову са следчым. «Гэта, канешна, трэш, але чаго ім не жылося», — нярэдкае цяпер выказванне.
З адсутнасцю будучыні.
Будучыні няма. Кропка. І ці годныя мы яе — пытанне адкрытае. Прынамсі, для любой будучыні нам патрэбна спярша не абысці гэтае пытанне ўвагай.
З адмаўленнем адказнасці.
Любой, у чым заўгодна. Яшчэ пара пакаленняў, выгадаваных у такой атмасферы, — і беларусы стануць найсціплейшымі са сціплых агрэсараў: мы і так ужо дужа ўпэўненыя ў тым, што ніводнае нашае дзеянне ні на што паўплываць не можа, а значыць (далей пакуль не прамаўляецца) можна тварыць што заўгодна. Калі што якое — гэта не мы. І рэпарацыі мы плаціць не мусім.
З дэвальвацыяй сораму.
Здавалася б, у краіне, дзе заўсёды можна было дамовіцца, калі ведаеш з кім, і пытанне справядлівасці і маральнасці было збольшага пытаннем дамовы, не так ужо і балюча перайсці на наступны ўзровень, дзе пачуццё сораму — проста індульгенцыя на злачынства.
Бачылі, як хаваюць вочы маладыя-прыгожыя следчыя, калі элегантна шантажуюць дапытваемага тэрмінам? Як выбачаюцца міліцыянты, калі цягаюць «хімікаў» на прафілактычныя размовы напярэдадні нядзелі? Як лагодна загадчыкі і дырэктары мяўкаюць «Вы ж самі ўсё...», зганяючы падначаленых на «флэшмоб» «НАДО!» і сціпла называючы флэшмобам маральны гвалт і шантаж? Як кранальна прыкідваюцца сухімі галінкамі ўдзельнікі і ахвяры тых «флэшмобаў»? Калі адчуваць сорам ці хаця б няёмкасць, можна працягваць.
Мы так прасякнуліся спекулятыўным сорамам, што ён стаў новай скрэпай, але толькі заікніцеся пра сапраўдны сорам самога гэтага ладу існавання — зжаруць. Можам у якасці выбачэння хіба што вырасціць дужа сарамлівае пакаленне, якое будзе замест нас адчуваць сорам проста за сваё існаванне.
Ну і так, па дробязях:
З адсутнасцю плёну, напрыклад.
Бо нам жа даўно вядома гэтае няўлоўнае «ашчушчэніе», калі мноства людзей рупіцца на агульную справу, прыкладае высілкі, а атрымліваецца абы-што. Не вядзецца. Няма ні ў чым плёну.
Можа, таму, што ў культуры, дзе ўсё ператворана ў рытуал, які проста трэба выканаць, прызвычайваешся працаваць так, каб не мець плёну, за які можа і прыляцець. Дарэчы, і выбары без выбару ці не для таго патрэбны нам, каб пацвярджаць сабе, што нічога не будзе. Нічога не будзе, і дакладныя веды пра гэта даюць нам хоць якое апірышча ў свеце, які намякае, што гатовы абрынуцца хоць бы і ў Трэцюю сусветную. Нічога не будзе, кропка.
З адсутнасцю выказвання.
Акрамя цяперашняга страху і маўчання «з пытанняў бяспекі», і акрамя цэнзуры і самацэнзуры, да якіх даўно прызвычаіліся так, што нават навучыліся верыць у іх станоўчы ўплыў, пазбягаем яшчэ простай мовы (праз тое любім і прыгожыя метафары і асабліва алегорыі) і пазбягаем сказаць штосьці новае, бо лясне ж.
Вывучыліся гаварыць так, каб нічога новага не сказаць, а па дзясятым коле гаварыць у межах ужо прагаворанага, ужо існуючых і таму бяспечных рытарычных рытуалаў. Вывучыліся і пужацца новага меркавання, бо ну яго.
З забаронай на публічную прастору.
Здавалася б, у краіне, дзе даўно нельга збірацца больш за трое і кожны чых неабходна ўзгадняць, такім не здзівіць, але варта мастаку Кузьмічу намаляваць дзве лініі пад Вандомскай калонай, як нават ахвяры дзяржаўнага гвалту, вымушаныя пакінуць краіну, выказваюцца пра тое, куды трэба адправіць і як абазваць мастака Кузьміча за тое, што ён пакусіўся на чужую публічную прастору, пасмеў быць з ёю недалікатным і нават нахабным. Ван Гога хацеў адкапаць, якая пошласць.
Публічная прастора мае быць стэрыльнай і недатыкальнай, — транслююць ахвяры дзяржаўнага гвалту, вымушаныя пакінуць краіну пасля разгромленай спробы запоўніць зачышчаную публічную прастору нахабным, няўзгодненым, але такім далікатным карнавалам. Так яно і працуе.
З безвыходнай прагай парадачку.
Беларусы сталі надзвычай раздражнёныя. Кожны адчытвае іншага. Кожны дбае пра выкананне нейкіх правіл. Бо, па-першае, ці не адзіны магчымы кантакт двух беларусаў цяпер — гэта кантакт унутранага ахоўніка закона з яго ўнутраным парушальнікам, а па-другое, бо ў беззаконні, якому няма канца і краю і на якое ўсе пагадзіліся, адзіны спосаб не паехаць кукухай — прыдумваць сабе правілы, каб адстойваць іх хаця б у асабістых стасунках. Сваю асабістую справядлівасць і сваю асабістую ўладу. Стаць самому сабе дыктатарам.
Ды хаця б з паўсюднай паранояй.
Не сказаць, што гэта вельмі новае «ашчушчэніе», бо і ў дапратэсныя часы любілі падазраваць і пільнаваць, але цяпер параноя зрабілася трошачку і культурным кодам.
Падаецца, мы менш уздрыгваем ад званка ў дзверы і прыглядаемся да машын у двары, але, магчыма, гэта толькі падаецца, бо, можа, і званіць у дзверы сталі проста радзей — ці дакладней, цяпер гэта проста радзей трапляе ў навіны. Падаецца, мы больш пільныя да знаёмых і калег, але, магчыма, тое толькі падаецца, бо нікуды не падзенешся ад знаёмых і калег. Але на ўсялякі выпадак праявіць будзь-якое падазрэнне, хоць у форме клопату пра суразмоўцу, маўляў, спадзяюся, цябе больш не торгалі, — гэта новы важны рытуал зносін.
Калі вам усё зразумела, распішыцеся, дзе галачка. Можаце сонейка намаляваць. Ды хоць «Сланечнікі» Ван Гога. Вось вам бюлетэнь. Можаце і не браць, тае бяды.
Малюнак Андруся Такінданга
Яніна Гаспадыня, Budzma.org