Тыя, хто з’ехаў, VS тыя, хто застаўся: погляд з Беларусі

Беларусы, як вядома, дзеляцца не толькі на тых, хто дранікі пячэ з мукой і хто без мукі, і не толькі на тых, каторыя за глыбоцкую, і тых, якія за рагачоўскую, і, страшна сказаць, не толькі на беларускамоўных і рускамоўных — беларусы перадусім дзеляцца на тых, што з’ехалі, і тых, што засталіся. І падаецца, нам даўно ўжо час высветліць стасункі.


Maliunak Andrusia Takindanha
 Час высветліць стасункі паміж «тымі, хто з’ехаў» і «тымі, хто застаўся»

За пяць амаль гадоў паміж намі адбылося надта шмат усяго рознага і працягвае адбывацца, хаця, падаецца, сувязі распадаюцца і кожны бок паціху наладжвае сваё жыццё, у якім усё меней прысутнічае бок іншы. Мы нават негалосна дамовіліся лічыць, бы бакі існуе толькі два: па гэты бок мяжы і па той. Які менавіта бок — «па гэты», а які «па той», не да канца акрэслена, бо, відаць, нам важна, каб мяжа заставалася зручнай, зменлівай, «і туды і сюды», «і нашым і вашым». 

Акрамя чыста прагматычнай патрэбы пастаянна перадаваць з аказіяй дакументы і рэчы, гэта дазваляе па-ранейшаму лічыць, што паабапал пранікальнай мяжы існуюць дзве вялікія аднародныя нерухомыя супольнасці — «тыя, хто з’ехаў» і «тыя, хто застаўся». 

Між тым і тут усё даўно «не так адназначна».

Катэгорыі «Тых, хто застаўся»

«Тыя, хто застаўся», прынамсі, дзеляцца на:

• тых, хто сядзіць (а яны дзеляцца на тых, хто сеў раней, і тых, хто пазней; хто патрапіў у хвалю «менш цяжкіх» прысудаў і хто ў хвалю «больш цяжкіх» — карацей, гэта тыя беларусы, якія на ўласнай скуры адчуваюць усе сэнсы і канатацыі рэплікі «зараз па 342-й даюць «хімію»»);
• сваякоў тых, хто сядзіць;
• тых, хто саджае;
• тых, хто выйшаў і не з’ехаў;
• тых, хто бы на волі, але па факце сядзіць (напрыклад, «хімікі»);
• тых, хто цудам яшчэ не сеў;
• тых, каго выклікАлі;
• тых, хто проста на волі;
• тых, хто наўпрост абслугоўвае тэрор;
• тых, хто проста абслугоўвае дзяржаву;
• тых, хто проста працуе ў дзяржаўных установах;
• астатніх;
• звольненых (якія дзеляцца на тых, хто сам, і на тых, каго);
• тых, хто звальняе;
• тых, хто прыйшоў на месцы звольненых;
• тых, хто жыве сваё звычайнае жыццё;
• тых, хто згубіў сваё звычайнае жыццё;
• жыхароў невялікіх паселішчаў (бо невялікія гарады выпраменьваюць асаблівы вайб, бы нічога і не адбывалася, хаця ўсё адбывалася і адбываецца);
• жыхароў вялікіх гарадоў (бо тут эмацыйна аддаліцца ад тэрору прасцей, але прасцей і сутыкнуцца з ім);
• дзяцей.

Самая бяда ў аддзяленні тых ад гэтых — што межы паміж імі таксама вельмі гнуткія, і пакуль зразумееш, хто ёсць хто, тыя, хто проста на волі, аказваюцца сваякамі тых, хто сядзіць, альбо тымі, хто згубіў сваё звычайнае жыццё і, галоўнае, сам яшчэ гэтага не зразумеў, а накрые яго пасля.

Maliunak Andrusia Takindanha
Нас паціху паглынае будзённая параноя

А колькі катэгорый трапляюць у «шэрую зону», якая пашыраецца і пашыраецца, бо па-першае, даражэнькія, нас паціху паглынае будзённая параноя і ў яе нашмат больш гатункаў, чым просты пошук агентуры, а па-другое, асноўны дзвіж узнікае на сумежжы катэгорый. 

Мы ўжо дзякуем тым, хто саджае, ці тым, хто звальняе, ці тым, хто заганяе на флэшмобы «НАДО!», за тое, што яны маглі зрабіць і горш, а выбралі не рабіць. І за тое, што, стаўшы носьбітамі гвалту ў адным выпадку, у іншым выпадку яны, наадварот, дапамаглі гвалту пазбегнуць — і праз той жа рэсурс, праз які гвалцілі. Шызафрэнічнае існаванне адраджае шызафрэнічную мараль, але пра тое іншым разам.

Здараюцца і цяжэйшыя кейсы. Калі Раман Пратасевіч выкладвае відэа з Віктарам Бабарыкам, усе намагаюцца па гэтым здарэнні адбудаваць карціну свету, у якой цвёрда зразумела, хто да якой катэгорыі належыць. Так-так, адзіная першакрыніца нашай карціны свету — па-ранейшаму паведамленні ад «таго боку» (бо ў беларусаў «па гэты бок» таксама ёсць «той бок», і не пытайцеся, калі ласачка, што з гатункамі там). 

Як поспехі? Ці ўпэўненыя вы, што наступным разам карціна застанецца той жа?

Гатункі «тых, хто з’ехаў»

Каб жыццё беларусаў не падавалася вам недастаткова шызафрэнічным, пяройдзем да гатункаў тых, хто з’ехаў. Бо і гэта ўжо не маналітная супольнасць. 

• Тыя, хто з’ехаў, дзеляцца на тых, хто можа вяртацца, і тых, хто не можа.
• А тыя, хто можа вяртацца, дзеляцца на тых, хто з’ехаў да 2020-га, і тых, хто пасля.
• Ёсць тыя, хто мае сваякоў у Беларусі, і хто не мае (напрыклад, вывез).
• Тых, чые сваякі за кратамі, і тых, чые не.
• Хто з’ехаў адседзеўшы і хто не.
• Хто ў вышуку і хто не. Хто легалізаваўся і хто не.
• Хто можа дазволіць сабе меддапамогу і хто не.
• Хто атрымлівае гранты і хто не.
• Хто яшчэ верыць у Новую Беларусь і хто не.
• А ёсць яшчэ тыя, каго дэпартавалі. Каму адмовілі ў абароне.
• Хто вяртаецца, хаця не можа вяртацца.

Maliunak Andrusia Takindanha
«Тыя, хто з’ехаў» таксама не з’яўляюцца маналітнай супольнасцю

Калі да нас у Беларусеньку далятаюць навіны пра тых, хто з’ехаў, мы таксама намагаемся выбудаваць карціну свету, у якой гэтыя гатункі падаюцца пастаяннымі. Атрымліваецца таксама абы-што, таму прасцей лічыць, што ёсць проста адно вялікае «тыя, хто з’ехаў».

Будучыня перастала існаваць

Праўда ў тым, што будучыні няма ні тут, ні там. Будучыня перастала існаваць, і каб кампенсаваць гэтую відавочную і дужа балючую страту, мы нагрувашчваем стасункі праз мяжу паміж дзвюма ўяўленымі супольнасцямі, якія самі па сабе ўжо не асабліва і супольнасці.

Памятаеце, на самым пачатку, тыя, хто застаўся, чулі ад тых, хто з’ехаў, што з’язджаюць яны, каб працягнуць барацьбу? «А харошы быў час», так? Паміж тымі, хто з’ехаў, і тымі, хто застаўся, яшчэ была нацягнута ілюзія надзеі і агульнай мэты. Тыя і іншыя былі яшчэ сапраўды вялікімі і аднароднымі супольнасцямі з агульным досведам і барацьбы, і ад’езду, і заставання. 

Пасля, памятаеце, з таго боку мяжы пачалі далятаць словы пра тое, што з’ехалі найлепшыя. Крыўда на свой гвалтоўны ад’езд паціху ператваралася ў «ашчушчэніе» ўласнай перавагі над тымі, хто застаўся. Яшчэ трошачку — і з таго «ашчушчэнія» вылупілася нават прамое абвінавачанне ў калабарацыянізме.

Maliunak Andrusia Takindanha
Пробліск адчужэння

Паміж гэтымі стадыямі быў яшчэ цікавы караценькі пробліск адчужэння: калі тыя, хто з’ехаў, дэманстратыўна дзівіліся жорсткасці рэпрэсій, якая нарастала, каб несвядома падкрэсліць, што яны жывуць ужо іншае, лепшае жыццё, з якога здаецца неверагодным і немагчымым вось гэта вось усё, і каб пацвердзіць сабе, што правільна зрабілі, калі з’ехалі, назад шляху няма. Паверыць не магу, што... (падставіць любую навіну). Часам гэта дапамагала эмацыйнаму яднанню: так-так, і не верце, не верце, у якім пекле мы жывем, — падтаквалі тыя, хто засталіся, — бо мы самі паверыць не можам. 

Дзесьці ў гэты час было дасягнута негалоснае пагадненне, што ў Беларусі па вуліцах ходзяць зомбі. Так, гэта і быў этап раз’яднання — праз дэманізацыю. Мы яго прафукалі.

Зацішша

Тыя, хто застаўся, на нейкі час зрабіліся «памагатымі рэжыму», які яны кормяць сваімі падаткамі. Тыя, хто застаўся, тады хуценька адрасавалі з’ехалым замест тугі і суцяшэнняў, што тыя хутка вернуцца, зваротнае абвінавачанне ў баязлівасці і здрадзе. З яго мы адрасцілі сабе трошку ілюзіі геройства, якое нам дапамагло сяк-так пратрымацца, пакуль не пачалася асабліва адчувальная зачыстка напярэдадні вайны. 

Там ужо тым, хто зноў выбраў заставацца, прыляцела з абодвух бакоў: і ад рэжыму, і ад тых, хто з’ехаў. Тыя, хто з’ехаў, з прыбаўкай вярнулі нам абвінавачанне ў баязлівасці. Перакідванне гэтага мячыка добра заняло нас, пакуль не звыкліся і з вайной, і са статусам краіны-суагрэсаркі (пра які абодва бакі дасягнулі кансэнсусу наконт сваёй асабістай неадказнасці і пакінулі за сабой даволі ганаровы і, галоўнае, ні да чаго не абавязваючы статус закладнікаў рэжыму). 

Пасля наступіла тое, што павінна было наступіць: зацішша. Калі прыслухацца, можна пачуць, як паціху перадаюцца з аднаго боку на іншы рэчы, дакументы, грошы, цукеркі «Сталічныя» і чыпсы «Беларускія».

Настаў час сур’ёзных маніпуляцый

Скончыліся дзіцячыя гульні, настаў час сур’ёзных маніпуляцый на глебе раз’яднанасці і закукленасці ў сабе тых, хто з’ехаў, і тых, хто застаўся. Мы сталі адно для аднаго проста зручным рэсурсам.

Цяпер тыя, хто з’ехаў, не грэбуюць часам і прыхлусіць наконт сувязяў з Беларуссю, разлічваючы на тое, што ніхто дакладна не ведае, што ж там у Беларусі адбываецца, а тэрор даўно падаецца татальным і безвыходным. Непатрэбныя і слізкія пытаннечкі зручна адсякаць элегантным змоўчваннем «з пытанняў бяспекі». 

Сувязь з Беларуссю — неблагі інструмент сімвалічнай улады, апраўдання і дзеяння, і бяздзеяння, шантажу, заробку ці страты сімвалічнага капіталу, гледзячы па абставінах. 

Беларуссю можна карыстацца для атрымання грантаў і для канкурэнцыі з іншымі з’ехалымі, для падтрымання нестабільнай ідэнтычнасці, кампенсацыі страчанага сацыяльнага статусу і пачуцця самапавагі. 

Дбаць пра Беларусь — даволі зручны спосаб камфортна пазбавіцца нязручнага эмігранцкага сораму, роспачы і віны і займець ілюзію статусу ў грамадстве, дзе ніколі не станеш «сваім».

Пагадзіцеся, пісаць лісты палітвязням — куды больш асэнсаваны нэтворкінг, чым проста піць у бары, і плесці саламяных павукоў — куды больш экзатычны рытуал, чым шукаць навагоднія падарункі па сецевых крамах. Але так ці інакш, усё, што прамаўляецца пра Беларусь, тычыцца ўжо выключна ўнутраных стасункаў паміж тымі, хто з’ехаў, і тымі, хто з’ехаў.

Зручны спосаб самагераізацыі і падтрымання паехалай кукухі

Тыя, хто застаўся, таксама не адмаўляюць сабе ў выкарыстанні тых, хто з’ехаў. 

Па-першае, тых, хто з’ехаў, цяпер можна абвінавачваць у любой шкодзе. У завінчванні гаек, вядома. У пераследзе. У тым, што яны, з’ехалыя, падстаўляюць тых, хто застаўся, сваімі дурнымі выбрыкамі (і чаго ўжо, часам выхадкі сапраўды... як бы так выказацца... дзіўнаватыя, але, чаго там, нам зручна ўсё лічыць выбрыкамі), сваёй публічнасцю, сваёй рыторыкай, сваёй наяўнасцю і, вядома ж, сваім раздражняльным дбаннем пра Беларусь, якое нам адсюль зручна ўспрымаць як эксплуатацыю. 

Па-другое, тыя, хто застаўся, пачынаюць паціху ўяўляць сябе пастаянна на краі бездані, у якую іх вось-вось саштурхнуць тыя, хто з’ехаў, любым выпадковым рухам рукі. Даволі зручны спосаб самагераізацыі і падтрымання ўласнай паехалай кукухі, якая не спраўляецца з мноствам супрацьлеглых «ашчушчэній», бо так, нам дужа важна не проста рабіць выгляд, што нічога не адбываецца, але каб быць у гэтым яшчэ крышачку героямі і ахвярамі, ахвярамі і героямі. 

І так, гэта таксама не мае ніякага дачынення да тых, хто з’ехаў: выключна ўнутраныя стасункі тых, хто застаўся (хаця, ведаеце, нас усё яшчэ бесіць, калі эмігранты посцяць шчаслівыя фотачкі з адпачынкаў і святаў, і мяркую, то ўзаемна. Рабіце хаця б гаротныя твары, ну).

Нам яшчэ ёсць за што трымацца

Бачыце, мы прайшлі даўжэзны шлях і ўжо выдатна спраўляемся адно без аднаго, але нам яшчэ ёсць за што трымацца, пакуль мы не сталі адно да аднога абыякавымі.

Maliunak Andrusia Takindanha
 Нам яшчэ ёсць за што трымацца

Калі апошняя цукерка «Сталічная» дасягне апошняга тамтэйшага, і калі апошні тутэйшы атрымае апошняе паведамленне знянацку ўваскрэслага чат-бота, і калі апошняя база даных будзе зліта па той і па гэты бок мяжы, у нас усё адно застанецца найапошнейшая, наймацнейшая — мацнейшая нават за параною — сувязь, але з пытанняў бяспекі не скажу, якая.

Яніна Гаспадыня, малюнкі Андруся Такінданга
Budzma.org