Камень Янку Купалу, вуліцы Янкі Брыля і Лукаша Дзекуця-Малея, крыж «Змагарам за Беларусь» — усё гэта паўстала ў польскім Труймясце дзякуючы беларускаму культурнаму таварыству «Хатка». Як стваралася арганізацыя, і хто стаяў ля яе вытокаў? Распавядае старшыня таварыства Алена Глагоўская.
У гэтай гісторыі было ўсё — асабістыя крыўды, інтрыгі, шчаслівыя супадзенні і трагічныя лёсы, але галоўнае, што беларуская «Хатка» ў Гданьску працягвае працаваць, і сёння таварыства па-ранейшаму лучыць беларусаў.
Алена Глагоўская
Вытокі беларускага культурнага таварыства «Хатка» сягаюць у 1967 год, калі ў Гданьску быў заснаваны першы беларускі гурток. На той час у прыморскім горадзе не магло існаваць асобнай незалежнай беларускай арганізацыі, таму гурток падпарадкоўваўся Беларускаму грамадска-культурнаму таварыству (БГКТ), якое існуе ў Беластоку з 1956 года. Менавіта на базе Гданьскага аддзела БГКТ 23 мая 1993 года і паўстала «Хатка».
Паўстанне беларускага гуртка ў Гданьску звязана з беларускай дзяячкай Ірынай Мельнікавай. Яна нарадзілася ў Гародні ў 1930 годзе. Перад вайной, будучы падлеткам, пераехала з бацькамі ў Гдыню. У той час гэты горад толькі пачаў будавацца. Паколькі бацька Ірыны быў архітэктарам, ён з сям’ёй пераехаў у Гдыню. На гэтай тэрыторыі сям’я Мельнікавых перажыла вайну, а пасля яе заканчэння засталася жыць у Гданьску, у самым яго цэнтры.
У той час з Беласточчыны ў прыморскі горад прыязджала шмат беларускай моладзі — студэнцкай і працоўнай. Адным з цэнтраў, дзе сустракаліся маладыя людзі, была праваслаўная царква, якую наведвала таксама і Ірына Мельнікава. Маладыя беларусы пачалі збірацца разам і далучыліся да рускага таварыства, якое ў той час існавала ў Гданьску, але з-за пэўных супярэчнасцяў, якія ўзніклі падчас супрацоўніцтва, Ірына Мельнікава вырашыла стварыць асобны беларускі гурток. Яна сабрала больш за 100 чалавек. Так у 1967 годзе паўстаў першы беларускі гурток у Гданьску.
Будучы заснавальніцай беларускага гуртка, Ірына мела шмат нязручнасцяў: не магла выязджаць за межы Гданьска, што другі дзень павінна была адзначацца ў камітэце дзяржаўнай бяспекі.
Перад выбарамі старшыні таварыства служба бяспекі выклікала маладых дзеячаў, якія мелі права голасу, на так званую «размову» і паставіла наступную ўмову: калі Ірына Мельнікава будзе абрана старшынёй — таварыства існаваць не будзе. Спадарыня Мельнікава пра гэта нічога не ведала, і калі дайшло да выбараў, ніхто нават не прадставіў яе кандыдатуру да разгляду. Ірына Мельнікава пакрыўдзілася на ўсіх і перастала браць удзел у дзейнасці беларускага таварыства.
Старшыня культурнага аб’яднання «Хатка» Алена Глагоўская ўспамінае пра сваю сустрэчу са спадарыняй Ірынай: «Я працавала над кнігай, прысвечанай выбітным беларускім дзеячам Труймяста. Безумоўна, вельмі хацелася паразмаўляць са спадарыняй Ірынай, якая стаяла ля вытокаў аб’яднання беларусаў у Гданьску. Адчувалася, што рана, учыненая спадарыні Ірыне тагачаснымі беларусамі, так і не загаілася. Яна сказала: „Запытайце тых, хто мяне не падтрымаў. Гэтыя маладыя людзі часта спыняліся ў маім доме, я іх гасцінна прымала, дапамагала, карміла, а ў знак удзячнасці атрымала адкінутасць і здраду“».
Партрэт Ірыны Мельнікавай на сядзібе таварыства "Хатка"
Пасля гэтай драмы Ірына Мельнікава адышла ад беларускай справы і працавала экскурсаводам па Гданьску — руска- і нямецкамоўным. Ёй было 80 гадоў, а яна яшчэ вадзіла экскурсіі. Памерла ў 2013 годзе і пахавана на Ластавіцкіх могілках у Гданьску.
За час свайго існавання таварыству прыйшлося пападарожнічаць па розных будынках.
Змяніўшы некалькі адрасоў, у 1970 годзе таварыства атрымала прэстыжнае памяшканне ў сэрцы Гданьска на вуліцы Длугі Тарг 8-10, у камяніцы «Пад трыма грацыямі».
Спадарыня Алена тлумачыць, як гэта атрымалася: «Я размаўляла з тагачаснымі беларускімі дзеячамі, якім удалося атрымаць гэта прэстыжнае памяшканне, у якім размясцілася таварыства. З гэтым звязана вельмі цікавая гісторыя.
Прадстаўнікі беларускага таварыства пайшлі прасіць гэтыя элітныя памяшканні ва ўладаў горада. На той час віцэ-прэзідэнтам Гданьска быў Фердынанд Мацкевіч, які паходзіў з вёскі Сталпяняты, што пад Свірам. Калі прадстаўнікі беларускай дыяспары прыйшлі да яго, то пачулі ад віцэ-прэзідэнта ўрывак з „Новай зямлі“ Якуба Коласа, які Фердынанд прачытаў па-беларуску на памяць.
Канкурэнцыя, каб атрымаць тое памяшканне, была досыць вялікая — дзесяць арганізацый імкнуліся працаваць у гэтым будынку, а Фердынанд Мацкевіч аддаў памяшканне ў карыстанне беларусам, адмовіўшы нават кашубам. У гэтым будынку беларуская дзейнасць квітнела на працягу наступных дваццаці двух гадоў, да 1992 года, калі Галоўнае праўленне БГКТ у Беластоку адмовілася ад захавання гэтага памяшкання, бо ім не пад сілу было ўтрымліваць гэты будынак. Элементарна не хапіла сродкаў».
Вуліца Длугі Тарг у Гданьску, сучасны выгляд
У сваю чаргу члены Гданьскай арганізацыі імкнуліся захаваць прэстыжнае месца ў цэнтры горада. Таму было прынята рашэнне дзеля захавання памяшкання заснаваць уласную незалежную арганізацыю, але захаваць будынак аказалася немагчыма, і пачаўся перыяд вандравання арганізацыі з аднаго памяшкання ў іншае.
Пасля таго як таварыства згубіла гістарычны будынак на Длугім Таргу, яно размяшчалася ў будынку насупраць вакзала па вуліцы Эльжбетаньскай 10-11 — да мая 1998 г., затым перасялілася на вуліцу Складоўскую 10-12 у Сопаце, пасля атрымалі два пакоі ў будынку адміністрацыі самакіравання Сопата па вуліцы Гафнэра.
У канцы 2010 г. улады горада Сопата выдзелілі «Хатцы» памяшканне, у якім вось ужо на працягу больш як 15 гадоў «Хатка» функцыянуе па сённяшні дзень — таварыства дзеліць некалькі пакояў з іншымі польскімі арганізацыямі.
На сядзібе таварыства "Хатка"
На заснавальніцкім сходзе ў маі 1992 г. мы назваліся Беларускае культурнае таварыства. Сярод заснавальнікаў гэтага таварыства быў пляменнік Казіміра Сваяка спадар Эдмунд Стэповіч, народжаны ў 1924 годзе. Ён і сказаў: «Няхай нашае таварыства называецца „Хатка“», што ўсе прынялі з энтузіязмам. Часам чальцы між сабою называюць Э. Стэповіча хросным бацькам таварыства. Спадар Эдмунд пражыў насычанае доўгае жыццё (96 гадоў) і адышоў у вечнасць у 2022 годзе.
У Беларускім таварыстве ад пачатку квітнела беларуская дзейнасць: існаваў танцавальны гурт «Маланка», музычны гурт «Жаварынкі», былі і ўрокі беларускай мовы. У канцы 1980-х — на пачатку 1990-х гадоў дзеці з Труймяста ездзілі на дэкламатарскія і тэатральныя конкурсы ў Беласток.
«Гэта быў вельмі цікавы час, насычаны падзеямі, — адзначае спадарыня Алена. — Пасля, калі ўжо можна было аддзяліцца ад Беластока, мы аддзяліліся і пачалі арганізоўваць уласныя праекты, і сталі незалежным грамадскім аб’яднаннем».
Зараз асноўны кірунак дзейнасці таварыства — гэта культура, захаванне культурнай нацыянальнай свядомасці, мовы, традыцый, а таксама інтэграцыя беларусаў, якія жывуць на Памор’і.
«Да 2020 года мы ўсе адно аднаго ведалі, а пасля новай эмігранцкай хвалі тут стала вельмі шмат беларусаў, — апавядае Алена Глагоўская. — У «Хатцы» ладзяцца сустрэчы з літаратарамі, творчыя вечарыны, паказы спектакляў, адбываюцца канцэрты беларускіх спевакоў, праводзяцца вандроўкі з гістарычным кантэкстам. На працягу доўгага часу мы ладзілі фестывалі нацыянальных меншасцяў, бо, вядома, у Трыгарадзе жывуць не толькі беларусы, але і ўкраінцы, літоўцы, немцы, татары, жыды, таму з 1991 года што два гады мы арганізоўвалі такія фестывалі.
Пачынаючы з 2004 года гданьскія ўлады вырашылі штогод праводзіць Дні нацыянальных меншасцяў — назвалі гэтае мерапрыемства «Гданьскія біяграфіі», якія адбываліся штогод да 2024 года.
Дзякуючы дзейнасці «Хаткі» быў усталяваны камень Янкі Купалы ў раёне Аліва ў Гданьску (у гэтым горадзе дзякуючы намаганням Фердынанда Мацкевіча ёсць вуліца Янкі Купалы).
У Гдыні дзякуючы пільнай працы таварыства з’явілася вуліца Янкі Брыля (у 1939 годзе беларускі пісьменнік змагаўся за Гдыню). Дзякуючы намаганням нашага таварыства Янка Брыль яшчэ пры жыцці атрымаў медаль Квяткоўскага як заслужаны чалавек для Гдыні.
Таксама на старых Гарнізонных могілках у Гданьску у снежні 2025 г. усталявалі крыж «Змагарам за Беларусь» у памяць усіх беларусаў, якія не маюць магіл і невядома дзе пахаваныя.

Крыж "Змагарам за Беларусь". Фота з Фэйсбука таварыства "Хатка"
Наша культурнае таварыства арганізоўвала канферэнцыі і летнія школы беларусістыкі для студэнтаў з Польшчы і Беларусі.
У 2003 годзе ў Гданьску з’явілася вуліца Лукаша Дзекуця-Малея — баптысцкага прапаведніка, перакладчыка «Новага запавету» на беларускую мову, які памёр у 1955 годзе ў Гданьску і пахаваны на тых жа могілках.
Зараз «Хатка» арганізоўвае конкурс «Чытач года Памор’я — 2026», мэтай якога ёсць павялічыць чытацкую актыўнасць кніг на беларускай мове. Наша арганізацыя супрацоўнічае з Еўрапейскім цэнтрам салідарнасці, з ваяводскай і гарадской бібліятэкамі, мясцовымі тэатрамі і з іншымі польскімі ўстановамі і арганізацыямі нацыянальных меншасцяў.
Таксама таварыства імкнецца пазнаёміць сучасных беларусаў, што жывуць у прыморскіх гарадах, з гісторыяй тых нашых суайчыннікаў, якія жылі і дзейнічалі ў нашым рэгіёне ў мінулым стагоддзі. Напрыклад, нядаўна ў чэрвені была арганізавана вандроўка ў Прушч Гданьскі, на якой адбылася лекцыя пра Хведара Полюховіча (1910–1975) — беларускага дзеяча і настаўніка з Палесся, які доўгі час жыў пад Гданьскам«.

Хведар Полюховіч з дачкой Марысяй (пачатак 7190-х гг). Фота з архіва Алены Глагоўскай
Хведар Полюховіч паходзіў з Сэрнікаў, якія зараз на тэрыторыі Украіны, але ў мінулым гэта быў Пінскі павет. Х. Полюховіч не лічыў сябе ўкраінцам — ён лічыў сябе беларусам. У 1933 годзе закончыў настаўніцкую сэмінарыю ў Пружанах. Яшчэ да вайны Хведар атрымаў працу на Беласточчыне, на беларуска-польскім памежжы, і калі прыйшлі Саветы, ён стаў кіраўніком беларускай школы ў вёсцы Паканева Бельскага павета.
Калі прыйшлі немцы, ён працягваў быць кіраўніком беларускай школы, а калі прыйшлі палякі ў 1944 годзе, то яго, як былога «калабаранта» з немцамі і кіраўніка беларускай школы, прадстаўнікі польскага незалежнага падполля прыйшлі застрэліць. Хведар быў у дэлегацыі ў Варшаве. Яго жонцы сказалі, што калі яе муж вернецца, яго расстраляюць. Таму, калі Хведар вярнуўся, сям’я, у якой тады ўжо было двое малых дзяцей, вымушана была ўцякаць пад Гданьск, дзе не аказалася лягчэй.
На Памор’і Хведару прыйшлося займацца «рэпаланізацыяй», бо ў большасці насельніцтва тут была нямецкая мова, і каб пашырыць польскую мову, неабходныя былі настаўнікі. Х. Полюховіч прыехаў і стаў паланізатарам, але ён быў праваслаўным і гэтага не хаваў, не цураўся, таму пасля двух гадоў пабыўкі пад Гданьскам ён вымушаны быў з’ехаць на Беласточчыну, дзе працаваў настаўнікам беларускай мовы ў Нараўцы, у вёсках Кнаразы, Рыбалы, Цялушкі аж да 1966 года, калі зноў пераехаў пад Гданьск. Гэты беларус з вельмі драматычным лёсам пахаваны ў Прушчы Гданьскім.
Старшыня культурнага таварыства Алена Глагоўская падзялілася тым, чым «Хатка» з’яўляецца асабіста для яе:
«Дзякуючы „Хатцы“ я, па-першае, пазнала мясцовых беларусаў — мясцовых дзеячаў, якія тут былі да мяне, а таксама новых беларусаў, якія ёсць зараз. „Хатка“ асабіста для мяне — гэта адчуванне сябе нібыта ў сваёй роднай хаце. Падтрыманне сваёй культуры, мовы, захаванне гэтага ўсяго.
Без арганізацыі беларускасць вельмі цяжка падтрымліваць — чалавек расплываецца ва ўсім гэтым польскім асяроддзі: школа — польская, мова — польская, культура навокал — таксама польская. Тут вельмі лёгка спаланізавацца. Таму трэба дбаць пра захаванне беларускасці, і місія „Хаткі“ і ёсць у гэтым: гуртаваць беларусаў, паказваць беларускую культуру і дбаць пра тое, каб яна не загінула. Наша таварыства гэтаму спрыяе, і я шчаслівая быць часткай гэтага працэсу».
Наста Пабягунская, Budzma.org