Дзіцячы адукацыйны відэапраект «Разумняты» вяртаецца пасля перапынку. Новы (ужо трэці!) сезон стартуе зусім хутка — у пятніцу, 21 кастрычніка. Больш за тое, «Разумняты» цяпер будуць выходзіць на новым дзіцячым ютуб-канале «Будзьма дзецям».
Што такое «Разумняты»
Калі раптам вы забылі або не ведалі, то расказваем, што «Разумняты» — гэта такія інтэрактыўныя пазнавальныя відэаўрокі для дзяцей, якія ў займальнай форме знаёмяць з навакольным светам на роднай мове. Да кожнага выпуска можна спампаваць дадатковыя заданні і цікавосткі.
У першым сезоне «Разумнятаў» мы знаёміліся з матэматычнымі паняткамі на роднай мове. Глядзіце выпускі «Разумняты. Матэматыка і час» па спасылцы.
У другім сезоне размаўлялі пра геаграфію Беларусі. Ну, і трошку гісторыі закранулі. А як жа без яе.
Глядзіце выпускі «Разумняты. Геаграфія» па спасылцы.
Новы цыкл «Разумнятаў» створаны ў адпаведнасці са школьнай праграмай па прадмету «Чалавек і свет: мая Радзіма — Беларусь» для 4 класа. Гучыць сумнавата, падумаеце вы. А мы адкажам: для таго мы і стварылі «Разумнятаў», каб атрымліваць веды ў школе было не толькі карысна, але і цікава.
Да кожнага выпуска трыдыцыйна будуць дадатковыя заданні і цікавосткі.
Такім чынам, новы сезон «Разумнятаў» будзе карысны вучням 4-ых класаў, а галоўнае — настаўнікам.
Таксама курс дапаможа беларускім дзеткам і іх бацькам, якія зараз знаходзяцца за мяжой і не маюць магчымасці вучыцца па беларускай праграме, самастойна вывучаць прадмет «Чалавек і свет: мая Радзіма — Беларусь» ды заставацца беларусамі ў любой кропцы свету.
Што за канал «Будзьма дзецям» і для чаго мы яго стварылі
«Будзьма дзецям» — пазнавальны, забаўляльны, адукацыйны канал для дзяцей і іх бацькоў ад грамадскай культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!».
За гады сваёй дзейнасці кампанія зрабіла і робіць шмат цікавага для дзяцей. Цяпер вам не давядзецца шукаць дзіцячы відэакантэнт сярод іншых відэа на ютуб-канале «Будзьма». Усё для дзяцей знойдзеце на асобным канале!
Бацькам можна больш не хвалявацца аб тым, што глядзіць іх дзіця. Проста падпішыцеся ці падпішыце дзіця на канал «Будзьма дзецям» і ўключыце відэа. На гэтым канале, як пяецца ў вядомай песні, «усё прыемна, усё карысна» і ўсё на роднай мове!
Ужо зараз на канале, апроч згаданых «Разумнятаў», можна паслухаць казкі пра «Фіндуса і Пэтсана», «Суперкнігу пра Білу з Болаю», паглядзець «Чытанку для маленькіх па-беларуску».
А ўсё самае цікавае наперадзе! Падпісвайцеся на канал, каб не прапусціць.
Да сустрэчы ў пятніцу, 21 кастрычніка!