Новы выпуск «Разумнятаў». Рушым у край старажытнасцяў

Дзіцячы адукацыйны праект «Разумняты» працягвае вандраваць па Беларусі. Гэтым разам едзем у край старажытнасцяў — на Гомельшчыну. 


Чым знакамітая Гомельшчына, якія ўнікальныя традыцыі, абрады і старажытныя рамёствы захаваліся на Гомельшчыне? Якія прыродныя багацці мае гэты цудоўны край — даведаедзеся ў новым выпуску.


А для самых кемлівых мы падрыхтавалі цікавыя заданні па тэме, якія можна раздрукаваць, спампаваўшы дадатак па спасылцы.

Гэта цікава!

Гомельскі край багаты на непаўторныя скарбы, як прыродныя, так і створаныя рукамі людзей. Адным з такіх скарбаў з’яўляецца ўнікальная тэхніка працы з драўлянай стружкай — беларуская скань. Таксама яе называюць Сожская, Гомельская скань, скань Цэкунова альбо «Цэкуноўка».

Што такое Сожская скань

З’явіўся гэты від мастацтва аж у ХV стагоддзі. Тады з дапамогай стружак ад розных дрэваў упрыгожвалі абразы. Атрымліваліся творы неверагоднай прыгажосці — не горшыя за тыя, што былі зроблены з каштоўных металаў. Але год праз сто сакрэты гэтай тэхнікі згубіліся.

4bcda08651721.jpg
Фота:
artfolk.by

І толькі ў 1990-м годзе гомельскі майстар Уладзімір Цэкуноў аднавіў гэты від мастацтва. У сваёй майстэрні ён стварыў спецыяльны станок па вырабе драўляных «карунак».

І, каб зноў не знікла скань, спадар Уладзімір пачаў вучыць іншых людзей свайму майстэрству. Сёння ў Гомелі існуе адзінае ў свеце школа, дзе навучаюць ствараць сапраўдныя шэдэўры ў тэхніцы беларускай скані: карціны, скарбонкі, фігуркі, посуд і г. д. Уявіце, каб атрымалася, напрыклад, невялічкая талерачка, майстру спатрэбіцца каля 5 — 7 тысяч драўляных стружак!

h-27224.jpg
Скарбонка са сканню

h-27240.jpgДэкор у форме лебедзя

h-27226.jpg
Велікоднае ўпрыгожванне

Дзівосныя ліштвы

Яшчэ адным драўляным «дзівам» Гомельскага краю з’яўляюцца ацалелыя ліштвы. Прыгожыя аздабленні аконных праёмаў не толькі хавалі шчыліну паміж рамай і сцяной, каб не выпускаць цяпло з дому. Іх рабілі і дзеля магічнай абароны.

15242_640.jpg

Homel. Palieskaja 59.dom004.jpg
Фота: gomelhistory.museum.by

Нашы продкі верылі, што свет поўніцца разнастайнымі нябачнымі істотамі. Некаторыя з іх (напрыклад, хатнік) могуць дапамагаць чалавеку ў гаспадарцы. А некаторыя — могуць і шкоды нанесці. Таму і пакідалі сподачкі з малаком як пачастунак добрым істотам, а ад злых абараняліся з дапамогай разнастайных абярэгаў.

Адным з такіх абярэгаў і былі разьбяныя ліштвы. Узоры, выразаныя на іх, зроблены не проста дзеля прыгажосці. Некаторыя навукоўцы нават параўноўваюць іх з кітайскімі іерогліфамі. Толькі што расшыфраваць іх зараз мала хто можа.

Гадуем сапраўдных беларусаў разам з «Будзьма!» Папярэднія выпускі відэапраекта «Разумняты» глядзіце па спасылцы.

«Разумняты» — гэта цыкл інтэрактыўных пазнавальных відэаролікаў, якія ў займальнай форме знаёмяць дзетак з навакольным светам на роднай мове.

Ролікі выходзяць на ютуб-канале «Будзьма» шточацвер. Падпісвайцеся, каб не прапусціць!

Вучыцца на роднай мове цікава і прыемна. Дайце сваім дзеткам шанец зразумець гэта.

Праект «Разумняты» разлічаны на ўзрост 5-9 год, а гэта, як вядома, самы спрыяльны час для вывучэння мовы. Цыкл нашых заняткаў пашырыць моўнае асяроддзе вашых дзетак, да ўсяго — гэта якасная альтэрнатыва мульцікам і кампутарным гульням.

  • выхавацелям дзіцячых садкоў у працы са старэйшымі дашкольнікамі;
  • настаўнікам пачатковых класаў як дадатковы навучальны матэрыял;
  • настаўнікам беларускіх школ і гурткоў беларускай мовы ў замежжы;
  • дзеткам і іх бацькам для прагляду дома ў Беларусі, і тым больш у замежжы. 

Глядзіце, натхняйцеся і дзяліцеся відэаролікамі.

Наша будучыня за нашымі дзецьмі!