Разам з вядучай Алачкай выпраўляемся ў заключнае падарожжа «Разумнятаў» па Беларусі — у самы ўсходні рэгіён. Што ж гэта за край такі? Чым ён знакаміты і чаму яго называюць краем дзівосных крыніц. Раскажам у новым выпуску.
А для самых кемлівых мы падрыхтавалі цікавыя заданні па тэме, якія можна раздрукаваць, спампаваўшы дадатак па спасылцы.
Гэта цікава
Адкуль паходзіць назва Магілеў
Пра паходжанне назвы галоўнага горада вобласці дасюль ідуць спрэчкі. Паданне расказвае, што ў даўнія часы не было тут ніякага горада, а раскінулася вялікая пушча. У ёй пасяліўся волат Машэка. Быў ён магутны як леў. Жыццё Машэкі было няпростае, поўнае прыгод і небяспекі. А, калі падышло яно да скону, з’явілася ў пушчы магіла льва (так абазначыў народ месца пахавання асілка). Паступова гэтыя мясціны засяляліся людзьмі ўсё больш, і неўзабаве тут вырас цэлы горад, які і назвалі Магілёў.
Янка Купала нават паэму напісаў на аснове гэтага падання. Яна так і называецца «Магіла льва» і распавядае гісторыю волата-разбойніка Машэкі.
Чаму на гербе Бабруйска карабельная мачта
З назвай горада Бабруйск усё зразумела — яна паходзіць ад таго, што тут было шмат баброў. Горад мае адметны герб.
На гербе перакрыжаваныя бярвёны на фоне карабельнай мачты. Адкуль такое, калі тут няма мора і буйных рэк? Свой герб атрымаў Бабруйск у 1795 годзе. У той час вельмі актыўна будаваліся караблі на Чорным і Балтыйскім марах. Была вялікая патрэба ў бярвенні для мачтаў. А ў наваколлі Бабруйска якраз раслі патрэбныя дрэвы. Вось гараджане і сплаўлялі па Беразіне мачтавыя сосны ды мелі з гэтага вялікі прыбытак. Настолькі вялікі, што нават на гербе адлюстравалі гэты занятак!
Выбітныя беларусы з Магілёўшчыны
Магілёўскі край падарыў свету не адзін тузін таленавітых пісьменнікаў, вучоных, мастакоў, архітэктараў, музыкаў. Вось толькі некаторыя з іх.
Класікі беларускай літаратуры: Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч — наш знакаміты пісьменнік і драматург, творы яга вывучаюць у школе і іншых навучальных установах. Леанід Дайнека — адзін з лепшых беларускіх аўтараў гістарычных раманаў: «Меч князя Вячкі», «След ваўкалака», «Назаві сына Канстанцінам». Сучасныя пісьменніцы і паэтэсы: Анка Упала, Людміла Хейдарава.
Вучоныя: Сяргей Мазанік — матэматык, напісаў больш за 200 навуковых артыкулаў. Алег Трусаў — археолаг, гісторык. У яго «актыве» некалькі манаграфій (навуковая праца ў выглядзе кнігі) і больш за 150 артыкулаў па гісторыі архітэктуры і археалогіі. Любоў Ракава — этнограф, аўтарка дзясяткаў прац па гісторыі культуры беларусаў.
Музыкі і кампазітары: Васіль Раінчык — кампазітар, піяніст. Стварыў дзіцячы музычны ансамбль «Верасяты». Віталь Рыжкоў — сучасны паэт і музыка. Вядомы рэпер Angst. Міхаіл Галкоўскі — оперны спявак, знакаміты не толькі ў Беларусі.
Мастакі: Павел Масленікаў, Ісаак Давідовіч ды іншыя.
Цяжкаатлет Андрэй Рыбакоў — двуразовы чэмпіён свету (2006 і 2007 гады), усталяваў некалькі сусветных рэкордаў, срэбны прызёр Алімпійскіх гульняў 2004 года.
Гэты спіс можна працягваць яшчэ вельмі доўга. Бо на выбітных людзей вельмі багатая наша радзіма.
Гадуем сапраўдных беларусаў разам з «Будзьма!» Папярэднія выпускі відэапраекта «Разумняты» глядзіце па спасылцы.
«Разумняты» — гэта цыкл інтэрактыўных пазнавальных відэаролікаў, якія ў займальнай форме знаёмяць дзетак з навакольным светам на роднай мове. Вучыцца на роднай мове цікава і прыемна. Дайце сваім дзеткам шанец зразумець гэта. Праект «Разумняты» разлічаны на ўзрост 5-9 год, а гэта, як вядома, самы спрыяльны час для вывучэння мовы. Цыкл нашых заняткаў пашырыць моўнае асяроддзе вашых дзетак, да ўсяго — гэта якасная альтэрнатыва мульцікам і кампутарным гульням.
• выхавацелям дзіцячых садкоў у працы са старэйшымі дашкольнікамі;
• настаўнікам пачатковых класаў як дадатковы навучальны матэрыял;
• настаўнікам беларускіх школ і гурткоў беларускай мовы ў замежжы;
• дзеткам і іх бацькам для прагляду дома ў Беларусі, і тым больш у замежжы. Глядзіце, натхняйцеся і дзяліцеся відэаролікамі. Наша будучыня за нашымі дзецьмі!