Новы выпуск «Разумнятаў». Едзем на Міншчыну

Выйшаў новы ролік адукацыйнага відэапраекта для дзетак «Разумняты». Разам з вядучай Алачкай рушым у захапляльную вандроўку ў сэрца Беларусі - Міншчыну. Чым славіцца мінская зямля, хто са знакамітых беларусаў нарадзіўся на Міншчыне, распавядаем у новым выпуску.


А для самых кемлівых мы падрыхтавалі цікавыя заданні па тэме, якія можна раздрукаваць, спапаваўшы дадатак па спасылцы.


Гадуем сапраўдных беларусаў разам з «Будзьма!» Папярэднія выпускі відэапраекта «Разумняты» глядзіце па спасылцы.

Цікавыя факты з гісторыі Мінска

Недалёка ад Мінска знаходзіцца невялікая вёска Гарадзішча. Менавіта тут на думку многіх археолагаў пачынаўся старажытны Менск.

Тут стаяў дзядзінец — умацаваны цэнтр старадаўняга горада. У ім размяшчаўся драўляны замак з рознымі гаспадарчымі пабудовамі.

minsk-mensk-zamchyshcha-8294-1307514843_b1.jpg

Фота © Шулаеў Андрэй. Менскае гарадзішча, брама. Рэканструкцыя. Крыніца: Загорульский, Э.М. Древний Минск. - Мн.: Гос. изд-во БССР, 1963.

Дзядзінец быў абгароджаны высокім плотам, меў брамы і абарончыя вежы. У цэнтры жыў князь са сваёй дружынай (так раней называлася армія). Вакол дзядзінца будавалі свае дамы іншыя гараджане. Калі на паселішча нападалі ворагі, жыхары ратаваліся за высокім плотам дзядзінца, а княжаская дружына бараніла іх.

На жаль, да нашых дзён ад цэнтральнага замка нічога не засталося, бо быў ён драўляны. Але, дзякуючы разнастайным знаходкам, рэштам земляных валоў і іншым археалагічным помнікам, даследчыкам удалося стварыць макет Менскага дзядзінца. Пабачыць яго вы можаце ў сядзібе-музеі Глеба Лабадзенкі, якая так і называецца «Стары Менск».

Stary_Miensk.jpg

Тут жа вы зможаце патрымаць у руках рэчы, якім больш за тысячу гадоў, а таксама прагуляцца па вуліцах, па якіх хадзіў Усяслаў Чарадзей!

640px-Usiasłaŭ_Połacki_(Čaradziej)._Усяслаў_Полацкі_(Чарадзей).jpg
Усяслаў Чарадзей (уяўны партрэт). Фрагмэнт мініятуры з Радзівілаўскага летапісу, XV ст. Фота з Вікіпедыі

Быў ён вельмі разумным і адважным. Да таго ж пражыў князь больш за 70 гадоў. Для тых часоў гэта неверагодна доўгае жыццё. Відаць, з гэтай прычыны з’явілася паданне, што нарадзіўся Усяслаў ад чараўніцтва і мог ператварацца ў ваўка.

На старадаўні Менск часта нападалі ворагі. І не заўжды атрымлівалася ў абаронцаў горада адстаяць яго. Вось пасля аднаго такога нападу, калі ворагі спалілі Менск, нашы продкі не сталі адбудоўваць яго на тым жа месцы, а перанеслі на бераг ракі Няміга, дзе красуе наш Мінск і па сёння. Няміга, хоць і зусім маленькая (усяго пяць з паловай кіламетраў), але знакамітая рака. Яна часта ўзгадваецца ў старажытных летапісах, бо на яе берагах адбываліся значныя гістарычныя падзеі.

Спачатку Няміга выкарыстоўвалася як прыродны абарончы роў вакол старажытнага горада. Але з цягам часу Менск разрастаўся, і рака згубіла сваю абарончую ролю. Больш за тое, пасярод горада яна стала замінаць людзям: то пасля моцнага дажджу затопіць дамы, што блізка стаяць, то які-небудзь небарака ў яе зваліцца, альбо карэта захрасне.

І прыдумалі гараджане схаваць рэчку пад зямлю. Зараз яна цячэ па спецыяльных трубах — калектарах. А ў памяць аб рацэ ў горадзе ёсць вуліца Няміга.

6b698850438fa035b7fb759e2ba517ec.jpg
Вуліца Няміга ў Мінску. Фота: planetabelarus.by

«Разумняты» — гэта цыкл інтэрактыўных пазнавальных відэаролікаў, якія ў займальнай форме знаёмяць дзетак з навакольным светам на роднай мове.

Ролікі выходзяць на ютуб-канале «Будзьма» шточацвер. Падпісвайцеся, каб не прапусціць!

Вучыцца на роднай мове цікава і прыемна. Дайце сваім дзеткам шанец зразумець гэта.

Праект «Разумняты» разлічаны на ўзрост 5-9 год, а гэта, як вядома, самы спрыяльны час для вывучэння мовы. Цыкл нашых заняткаў пашырыць моўнае асяроддзе вашых дзетак, да ўсяго — гэта якасная альтэрнатыва мульцікам і кампутарным гульням.

  • выхавацелям дзіцячых садкоў у працы са старэйшымі дашкольнікамі;
  • настаўнікам пачатковых класаў як дадатковы навучальны матэрыял;
  • настаўнікам беларускіх школ і гурткоў беларускай мовы ў замежжы;
  • дзеткам і іх бацькам для прагляду дома ў Беларусі, і тым больш у замежжы. 

Глядзіце, натхняйцеся і дзяліцеся відэаролікамі.

Наша будучыня за нашымі дзецьмі!

Чытайце яшчэ: