Ці ведаеце вы, што азначаюць тапонімы Сціклева, Басіялаўка, Чэрганаўка, Сакалянка? А што Каменная Горка 100 гадоў таму знаходзілася «не на сваім месцы»? Добра вядомыя назвы, такія як Уручча, Зялёны Луг, Камароўка, Копішча, на першы погляд, маюць відавочнае паходжанне. Ці сапраўды гэта так? Рэбусы мінскай тапаніміі спрабуе разгадаць даследчык Змітро Пілецкі. Упэўнены, некаторыя разгадкі вас здзівяць.
Мы працягваем наш нетрывіяльны шпацыр па «няплоскім» Мінску. У мінулых частках мы распавядалі пра геалагічную гісторыю і першых насельнікаў мінскіх абшараў, а таксама пра засяленне людзьмі наваколля дагістарычнага і далетапіснага Мінска — ад стаянак паляўнічых каменнага веку да курганоў дрыгавічоў.
Сёння мы пагаворым пра тое, як ландшафтныя асаблівасці і антрапагенны фактар (чалавечая дзейнасць) адбіліся на гістарычнай тапаніміцы Мінска і ягоных ваколіцах.
«Няплоскі» Мінск: тапаграфічныя прыкметы
На жаль, няўхільны рост Мінска і доўгая савецкая традыцыя па знішчэнні прыкмет лакальнай тапанімікі, за малым выключэннем, не спрыяюць захаванню ў сетцы плошчаў і вуліц старадаўніх назваў паселішчаў, фальваркаў, хутароў, маёнткаў. Толькі апошнія 10–15 гадоў і тое, вялікімі намаганнямі грамадскасці, дзе-нідзе вяртаюцца назвы знесеных вёсак, ваколічных прадмесцяў, сядзібных забудоў. Назвы некаторых старых тапонімаў могуць падацца брутальнымі (Рылаўшчына), вульгарнымі (Сціклева), рамантычнымі (Рай) або смешнымі (Пагулянка), але далёка не кожны сённяшні мінчук ведае сапраўднае азначэнне гэтых тапонімаў. Больш за тое, нават захаваныя ў мінскай урбаніміцы старадаўнія найменні маюць не такі просты і празрысты сэнс, як можа падацца на першы погляд. Як выказаўся адзін з даследчыкаў беларускай тапанімікі, «у нашых тапонімах хаваецца цэлы Сусвет».
У старадаўняй тапаніміцы Мінска сапраўды захаваны своеасаблівы геаграфічна-культурны код, або, кажучы навуковымі тэрмінамі — тыпалогія тапонімаў па характары і паходжанні аб’екта: напрыклад, айконімы — гэта назвы паселішчаў, а гідронімы — назвы водных сістэм, назвы лясных масіваў дрымонімы, а аронімы — назвы ўчасткаў рэльефу; назвы балот і забалочаных мясцін па-навуковаму гелонімы, а аграонімы — назвы ўтвораных чалавекам палёў, вычашчаных участкаў.
Большасць вядомай нам старой мінскай тапанімікі захоўвае сваё антрапанімічнае паходжанне — то-бок назвы (антрапатапонімы) утвараліся ад імёнаў, прозвішчаў, мянушак уладальнікаў ці ўплывовых людзей паселішча — многія такія назвы заканчваюцца на -шчына (Пятроўшчына, Масюкоўшчына) ці -ова/-ава (Антонава, Цна Ёдкава), а таксама, больш рэдка, на -ічы (Брылевічы, Ждановічы) ці зусім рэдка -ін/-іна (Марусіна, Міхаліна). Аднак існуе і значная колькасць сапраўды старажытных тапонімаў, звязаных з асаблівасцямі рэльефу і ўмовамі жыцця.
Найстаражытнейшыя тапонімы Мінска
У беларускай тапаніміі прынята меркаванне, што назвы, якія заканчваюцца на -кі/-ка (Карзюкі, Вяснянка), таксама на -шча (Глінішча, Дворышча) і на -ца/-цы (Крупцы, Лошыца) у асноўным утвараліся ад спецыфікі рэльефу, флоры і фаўны месца. Частка такіх назваў, безумоўна, прайшла этап пераасэнсавання ўжо ў старадаўнія часы, паколькі не ўсе яны ўзыходзяць да славянскіх каранёў і формаў, а змяшчаюць у сябе часціцы, уласцівыя балцкім мовам. Цікава, што традыцыі тапонімаўтварэння інкалі парушаліся — так, на мапе Мінска існавалі назвы кшталту Голубеўка, Басіялаўка, Чэрганаўка, Баклоўка, якія, падобна, утварыліся ад цюркскіх асноў, звязаных з паселенымі тут татарамі: напрыклад, «бейсал» — «ціхі», а «чорган» — «брудны».
Ці ведае наш чытач, што Каменная Горка 100 гадоў таму знаходзілася «не на сваім месцы»? Так, на мапах другой паловы ХІХ ст. — пачатку ХХ ст. на поўнач ад Пярэспы ў напрамку на Цну можна заўважыць хутар Каменная Горка (або Каменная Гара).
Каменная Горка на міжваенных мапах пазначана як «хутар», але ўжо даведнік 1911 г. паказвае, што горад яшчэ раней паціху набліжаўся ў гэтым напрамку
Ужо ў 1930-х гг. тапанімічныя карты не паказваюць гэтай назвы. Месца былога хутара прыпадае на сённяшні Кіеўскі сквер.
У Мінскіх актах XVI ст. упамінаецца сяло Ляхава Лука, што месцілася на паўднёвай ускраіне места і належала, як і маёнтак Трасцянец, Мінскаму Узнясенскаму манастыру. Частка назвы — Лука — сведчыць пра асаблівасць мясцовага ландшафту: якраз у гэтым месцы Свіслач утварае S-падобную звіліну, падвойную «луку». Наконт першай часткі — Ляхава і пазнейшай Ляхаўка няма адзінага меркавання: хтосьці бачыць у назве этнатапонім, звязаны з «ляхамі» — то-бок палякамі, што малаверагодна, хтосьці — гаворыць пра антрапатапонім — утварэнне ад мянушкі тыпу Лях.
Прадмесце Ляхаўка на карце-рэканструкцыі гарадской сеткі вуліц на канец ХІХ — пачатак ХХ ст. і сучасная лакалізацыя
Аднак прыклады з тапанімічных слоўнікаў сведчаць, што сэнс назвы круціцца вакол спецыфічнага рэльефу мясцовасці і перасечанасці ландшафту: так, словам «лахА» пазначалі раздзельны праток або раздзельнае вусце ракі (Віленшчына), а словам «лех» — спецыяльныя межавыя адзнакі на зямельным надзеле (Смаленшчына); словам «леха» ў некаторых раёнах пазначалі падземныя хады, падзямеллі, а словам «ляхА» — або падоўжанае ўзвышша (Мсціслаўшчына), або межавую прыкмету, знак на зямельным надзеле (ад Шчучыншчыны да Стаўбцоўшчыны). Такім чынам, старажытны тапонім Ляхава Лука можа тлумачыцца як «памежжа, парубежжа» места (горада) і ягонага прадмесця.
На плане 1797 г. на месцы колішняга сяла з’явілася Слабада Ляхаўка. У сярэдзіне XIX ст. гэтая мясцовасць набыла вядомасць праз Ляхаўскі гай і тамтэйшыя «маёўкі». У канцы XIX ст. у Ляхаўцы пачаў фармавацца прамысловы раён Мінска, што тлумачылася зручным размяшчэннем слабады на беразе ракі Свіслач, паблізу чыгункі. Да канца XIX ст. тут склаўся цэлы комплекс прамысловых прадпрыемстваў. У пасляваенным Мінску назва «Ляхаўка» выйшла з афіцыйнага ўжытку.
Назва «Крупцы» (Крупкі), адкуль паходзіць знакаміты абраз Божай Маці, даволі архаічная і, верагодна, звязаная з мясцовым ручаем Крупіца, які можна заўважыць на мапе 1797–1800 гг.
Як паведамляе «Этымалагічны слоўнік беларускай мовы», словам «крупец» на Падняпроўі называюць незамярзальны кароткі прыток; «крупкай» у народзе называюць і расліну, вяснянку веснавую, з сямейства капуставых. Магчыма, корань узыходзіць да старажытнай формы кроўпа «крупа, град», але даследчыкамі таксама заўважана, што назве блізкі па гучанні шэраг балцкіх словаў, выкарыстаных у тапонімах — напрыклад, літ. kraupùs «шурпаты, няроўны», krùpis «жаба».
Тапонімы Вяснянка і Веснінка, падобна, маюць адзіны этамалагічны корань, які звязаны або з мясцовай гідраніміяй (існуе рэчка Вяснянка на Лагойшчыне і Міншчыне, а таксама рачныя крылатыя насякомыя-вяснянкі і расліны з сямейства капуставых вяснянкі). У розных славянскіх мовах і славяназаваных гаворках, ад Польшчы і Украіны да архангельскага Памор’я, словы «весніна», «вешніца» азначаюць «вясенняе ворыва», «вяснавая сяўба». З іншых блізкакарэнных сэнсаў вядома абрадавая веснавая песня-вяснянка.
Тапонімы Вяснянка і Вяснінка прыклад таго, як беларуская мова захоўвае ў сабе цэлы этымалагічны сусвет
У Свіслацка-Сляпянскім міжрэччы (сённяшні раён Чыжоўскага вадасховішча і Сляпянскай воднай сістэмы) захаваўся цэлы шэраг старажытных назваў, сэнс часткі якіх, імаверна, з цягам часу быў пераасэнсаваны. Напрыклад, назоў Сакалянка наўрад ці звязаны з сакаламі, а больш нагадвае прынцып утварэння кшталту Вяснянка ці Пагулянка; затое на Магілёўшчыне пад словам «саколле» (па словаўтварэнні гучыць падобна, як Перакалле) разумеліся «аддаленыя глухія месцы навокал» (як сінонім да словаў «ваколіца», «наваколле»).
Карзюкі могуць быць звязаныя з найменнем кныра — карзюк — «вялікі непакладаны кабан».
Маляўкі могуць мець этымалагічны сэнс, звязаны з пазначэннем малой або дробнай рыбы, малькоў.
Ад шэрагу старажытных тапонімаў, зафіксаваных яшчэ ў актавых дакументах ВКЛ XVI ст., на сёння засталіся аднайменныя міні-вулачкі ды завулкі даўжынёй у некалькі дамоў і некалькі стагоддзяў
Але магчыма таксама, што айконімы маглі быць пераасэнсаваны праз мянушкі людей невысокага росту і каржакаватага целаскладу.
Грэбелькі — невялікая грэбля, насціл з бярвення ці галля для праезду па гразкім месцы (тое ж — гаць, гацішча).
Дзіўныя назвы без дзівосаў
Адным з досыць старажытных тапонімаў, страчаных у часе пашырэння Мінска, быў двор (у даваенны час — дачы) Перакаль (Перакальле; рус. Перекалье; польск. Perekal). Слова даволі архаічнае — ім пазначалі адлегласць, прамежак паміж двума аб’ектамі рэльефа (напрыклад — азёрцамі), таксама — «балотнае месца між пагоркаў», або «праход праз падбалочаную мясцовасць».
Карчма Перакаль (план Генеральнага межавання, 1797–1800), двор Перакаль на польскай мапе 1920-х гг. і дачы Перакаль на савецкай мапе 1930-х гг. Сёння гэты тапонім лакалізуецца дзесьці на поўнач ад РНПЦ «Маці і дзіця», у раёне ЖК «Левада»
Цікава, што і гэтае слова («перекалье») трапіла ў слоўнік Даля ў якасці... прыкладу архангельскай гаворкі...
На поўнач ад Перакалля на некаторых мапах пазначаны фальварак Магулянка. Вось з тапонімам Пагулянка, які сустракаецца ў ваколіцах тагачаснага Мінска (адзін — на трасе сённяшняй вул. Якуба Коласа і некалькі — у ваколіцах сённяшняга парка Цівалі), усё больш-менш зразумела: слоўнікі тлумачаць яго як «вольныя ад працы дні» і як месца для сельскай вечарыны, звычайна з танцамі (параўнайце выраз «наладзіць пагулянку»).
Адна з вядомых Пагулянак месцілася ля трасы сённяшняй вул. Якуба Коласа, непадалёк ад скрыжавання з вул. Калініна (расійская мапа-трохвярстоўка 1871 г.). Але яна хутка знікла, бо савецкія мапы яе не фіксуюць. А вось львоўская Пагулянка як лесапаркавая зона захавалася да нашых дзён, не знікнуўшы сярод гмахаў навабуда (уверсе).
Цікавым фактам з’яўляецца тое, што ў Лычакоўскім раёне Львова (Украіна) існуе лесапарк Пагулянка, адно з улюбёных месцаў шпацыраў месцічаў з сярэдзіны ХІХ ст. — няблага было б займець і ў Мінску урбанонім з падобнай пазітыўнай назвай.
Некалькі аднайменных Пагулянак мапы фіксуюць паблізу сённяшняга парку Цівалі.
Магулянка ж, падобна, выглядае ўкраінізмам або паланізмам, паколькі на значнай часцы нашай тэрыторыі тапанімічнымі слоўнікамі не зафіксавана. У некаторых польскіх крыніцах «магулянка» тлумачыцца як сэнсава блізкае да слова «магілянка» — няроўная мясцовасць, дзе пасля глыбокага ворыва з’явілася вялікая колькасць артэфактаў (у сэнсе — як бы раскапаныя могілкі, раскіданае магілле), а таксама — «лагчына, пракапаны канал у полі». «Тлумачальны слоўнік львоўскай гаворкі» запэўнівае, што «магулянка» для мясцовых — гэта «бойка».
Каардынатная прывязка паказвае, што гістарычная Магулянка пападае ў раён Драздоў, непадалёк ад Дыпгарадка і нават лакалізуецца ў межах Афіцыйнай рэзідэнцыі прэзідэнта
Карацей, атрымоўваецца, што сто гадоў таму ў наваколлі Мінска можна было пайсці ў Пагулянку, а трапіць — на Магулянку.
У новых жыхароў Мінска раз-пораз ды пачынаюцца смешачкі з тапоніма Сціклева на ўсходняй мяжы горада. Вёска Малое Сціклева (у адрозненне ад Вялікага Сціклева) з 1981 г. апынулася ў межах сталіцы, і яе «неблагозвучную» назву фактычна паглынуў савецкі безаблічны «раён Ангарскай», ад самой жа вёскі засталася толькі невялічкая аднайменная вуліца. Русіфікаваная свядомасць жартаўнікоў не ў стане падказаць, што вульгарная «народная» этымалогія ніяк не стасуецца з тутэйшай традыцыяй: у нашай мове існуе толькі форма ссаць — і гэта значыць «смактаць».
Вуліца Малое Сціклева з сучаснай прыватнай забудовы замест былых хатак — своеасаблівы рэлікт, што застаўся ад былой вёскі ў мікрараёне Ангарская.
Калі ж падыходзіць да значэння тапоніма па-навуковаму, то даследчыкі пакуль не далі адназначны адказ. Так, існуе меркаванне, што назва паходзіць да мясцовай рэчкі Сціклёўка (Сціклеўка), назва якой можа ўзыходзіць да дыялектызму сцеклы ‘шалёны, нястрымны’. Частка навукоўцаў прыходзіць да думкі, што назвы «Сціклева», «Сціклеўка» — гэта рэха балцкіх гаворак Міншчыны да прыходу сюды славянаў. Напрыклад, у сучаснай Літве ёсць возера Stiklius, рэчка Stikliupė; у Латвіі — возера Stiklezers, рака Stiklvalks. Аднак асноўнае значэнне балцкага кораня Stikl- «шкло», што крыху робіць этымалогію незразумелай. Імаверна, для нашых продкаў рэчка падавалася празрыстай, нібы шкло.
Прадмесце Уборкі дзякуючы інтэнсіўнаму развіццю чыгункі хутка ўвайшло ў склад Мінска
Назва прадмесця Уборкі, якое напрыканцы ХІХ ст. месцілася на поўдзень ад Віленскага вакзала (цяперашні Мінск-Пасажырскі) абапал палатна Маскоўска-Брэсцкай чыгункі і далей да скрыжавання Новазахар’еўскай (Маскоўскай вуліцы) і Койданаўскага шляху, наўрад ці звязаная з «уборкаю»: словам «убОрак» у некаторых мясцовасцях пазначаюць падэшву ўзвышша, якую залівае вада, або — астатак ніжняй тэрасы на лузе. Аднак ёсць меркаванне, што праз «маёўкі» ў блізкіх Немаршанскім і Ляхаўскім гаях пайшла назва ўрочышча Боркі/Уборкі, у значэнні «каля бору, лесу».
Геаграфія фальварка і карчмы Рай проста патрабуе свайго вяртання на мапу Мінска. Толькі ўявіце сабе карціну з паралельнай рэальнасці: «Асцярожна, дзверы зачыняюцца, наступны прыпынак — Рай!». У калажы выкарыстаны здымак уваходу ў Батанічны сад 1950-х гг.
У мінулых нашых вандроўках мы згадвалі фальварак Рай, які месціўся ў раёне сучасных плошчы Калініна і Батанічнага сада. Раем нашыя продкі называлі месца з вельмі прыгожым краявідам і ўрадлівай зямлёй. Дарэчы, тапонім Рай сустракаеца па ўсёй тэрыторыі былога ВКЛ — ад Падляшша (вёска Райск) да Мсціслаўшчыны (вёска Рай).
Рэбусы звыклай тапанімікі
Здаецца, калі ўсё сістэматызаваць і знайсці корані-адпаведнікі, тапанімічная карціна выглядае простай. Аднак паглядзіце: і добра вядомыя назвы, такія як Уручча, Зялёны Луг, Камароўка, Копішча, нягледзячы на празрыстасць значэнняў, насамрэч, хаваюць у сабе цэлыя сэнсавыя рэбусы! Паспрабуем некаторыя з іх разабраць.
Назва «Уручча», безумоўна, звязаная са знаходжаннем паселішча блізу воднай крыніцы. На заходняй ускраіне былой вёскі калісьці знаходзілася «узнікля» ракі Слепні, прытока Свіслачы — ручай Сляпянка, які ішоў па сучасным яры ўздоўж вул. Шугаева, далей па парку Уручча і на Копішча — сляды рэчышча бачны і сёння. У мінулых частках вандровак мы звярталі ўвагу на ландшафт Уручча — тут бачныя пасляледніковыя зандры-даліны і лагчыны. Нездарма на мапе Мінскай губерні 1800 года гэтая мясцовасць названа «Улучча», што можа ўказваць на першапачатковы сэнс назвы — «у лагчыне», «у даліне». На пачатку ХІХ ст. вёска як маёмасць князя Дамініка Гераніма Радзівіла названая Урэчча («Уречье»), а ўжо ў 1858 г., калі яна была ў маёмасці князя Вітгенштэйна, на картах і ў дакументах замацавалася назва Уручча («Уруч(ь)е») — «прырэчная зямля», «прыбярэжны луг» — менавіта такую форму фіксуе «Словарь» Даля, выдаўшы яе за слова з «велікорусского языка».
Не толькі дакументы, але і картаграфічны матэрыял не адразу ўспрыняў дакладнае напісанне тапоніма «Уручча»: (а) варыянт «Улучья» (мапа 1800 г. з атласа Расійскай імперыі); (б) «Уручье» з расійскай трохвярстоўкі Генеральнага штаба (1871); (г) «Уречье» на плане Генеральнага межавання (1797–1800).
Ён жа, дарэчы, прыводзіць і цікавую прымаўку: «Ни уручья, ни улучья» — «ні сродкаў, ні плёну». У адным з айчынных слоўнікаў тапонім з коранем «уручча» так і тлумачыцца — «выгода, прыволле, зручнае для гаспадаркі месца», што, дарэчы, зноў падымае пытанне пра паходжанне слоўніка Даля. Каб уручанцы яшчэ мацней адчувалі пазітыў ад назвы свайго раёна, «Краёвы слоўнік Лагойшчыны» тлумачыць, што «уручча» — гэта тое, што можна ўзяць у руку дзеля абароны. А вось «Вушацкі словазбор» Рыгора Барадуліна нават падказвае, што менавіта трэба браць: «уручча — кій, палка, кавенька, папірушка».
Ну і апошняя рыса да «партрэту» Уручча — гэта магчымы цюркскі след у мясцовай гісторыі: вядома, што ад часоў ВКЛ Мінск і мінскія ўскраіны засяляліся крымскімі татарамі, якія былі разбітыя ў войнах з літвінамі і далі слова вернасці вялікаму князю Вітаўту — з тых часоў паходзіць не толькі Татарскае прадмесце, але і пазнейшыя антрапатапонімы, такія як Масюкоўшчына ці Шабаны. Татары сяліліся не толькі кампактна, але з цягам часу — і дысперсна, зліваючыся з карэнным насельніцтвам: сёння мала хто ўспомніць, што Бараноўскія ці Міцкевічы былі і татарскага паходжання.
Лакалізацыя могілак ва Уруччы, агульны выгляд на сённяшні час, адно з захаваных намагілляў — «Прасковья Шырынская», (18)78 з памылкай у рускамоўным надпісе; уверсе — герб расійскага роду татарскіх князёў Шырынскіх (Мяшчорскіх), асобныя прадстаўнікі якога бралі ўдзел у «Смуце» на баку Рэчы Паспалітай на пачатку XVII ст., а ў ХІХ служылі на тэрыторыі Царства Польскага. У ніжняй чвэрці герба заўважна конная постаць, падобная на Пагоню — татарскі «Ездец»
Вяртаючыся да гісторыі Уручча, цікава прасачыць, што ў ягонай антрапаніміі, якая часткова захавалася на надмагільных надпісах з мясцовых могілак, сярод старадаўніх, тыповых для Беларусі прозвішчаў захаваліся і прадстаўнікі роду Шырынскіх. Шырынскія, як сведчаць некаторыя гербоўнікі, адносіліся да шляхецкіх родаў і паходзілі ад татараў-крымчакоў: Шырын быў адным з сямі магутных родаў князёў-бейеў у Крымскім ханстве (для параўнання — на расійскай тэрыторыі вядомыя Шырынскія, князі Мяшчорскага краю (паміж Разанню і Масквой). У слоўніку крымскіх татараў таксама можна сустрэць слова «уруч» — яно пазначае «уздым, узыходжанне» (напр., «(у)руч этмек» — «узыходзіць, паднімацца»), а ў рэлігійных тэкстах — «узнясенне» («уручи Иса» — «узнясенне Ісуса») — так што жыхарам Уручча ёсць падстава задумацца пра паходжанне сваё і свайго мікрараёна. А пакуль пакінем нашыя назіранні ў якасці цікавай гіпотэзы і паглядзім на іншыя рэбусы мінскай тапанімікі.
Назва Зялёны Луг, на першы погляд, таксама не выклікае асобных пытанняў — ён відавочна звязаны з прырэчнымі далінамі. Аднак у мінулай частцы шпацыру мы нездарма звярнулі ўвагу на зялёналужскі ландшафт — ён насамрэч зусім не «лугавы», далінны, а разнастайны, праз утвораныя ледніком халмы-марэны і даліны-зандры: тут і сёння можна пабачыць не лугі, але лагчыны, якімі прарэзаны марэнавыя халмы. Па ранніх мапах першай чвэрці ХІХ ст., дзе сустракаюцца назвы кшталту Зеленой Лог, можна падумаць, што змены ў напісанні адбыліся праз перакрыжаваныя запазычанні ў выніку перакладаў/транскрыпцыі тапонімаў на польскіх і расійскіх картах, з улікам асаблівасцяў моўнай графікі і мясцовай гаворкі.
На ранніх мапах заўважна, як назва Зялёны Луг яшчэ не мае ўнармаванага напісання: (а) проста «Зеленой» (мапа 1800 г. з атласа Расійскай імперыі); (б) «Зеліоной Лог» з плана Генеральнага межавання (1797–1800); (в) «Zelemoi logh» з французскай копіі расійскай мапы для Напалеона (1812); (г) «Zielony Lug» у правільнай фанетычнай перадачы — з «Атласа даўняй Польшчы» (W. Chrzanowski, выдана ў Парыжы к. 1859)
У беларускай тапаніміцы насамрэч і «лог», і «луг» могуць мець некалькі азначэнняў: так, «лог» — гэта не толькі «шырокая нізіна, даліна», але і «сухадольны луг ля вёсак, паміж палёў, каля рэчак, у неглыбокіх раўках», а ў Стаўбцоўскім раёне, напрыклад, гэта яшчэ і пазначэнне балоцістага месца на лузе. «Луг», у сваю чаргу, мог азначаць не толькі прырэчную сенажаць ці той жа сухадольны лог, але, як у некаторых раёнах, — і нізкае месца, запоўненае вадою, невялічкі вадаём на полі ці ў лесе, які звычайна выкарыстоўвалі ў гаспадарчых мэтах. У палескіх мясцінах «лугам» увогуле маглі называць падтоплены лес ці гай. З гэтых прыкладаў можна зразумець, што старажытныя назвы былі шматсэнсоўнымі, нашыя прашчуры былі больш уважлівыя да ланшафту, у якім жылі, і 200 гадоў таму, калі мясцовая тапаніміка ўпершыню стала фіксавацца на мапах, продкі маглі ўкладаць у іх зусім іншы сэнс, чым мы мяркуем сёння. Аднак, зразумела, дакладны адказ нам могуць даць толькі архіўныя крыніцы і філалагічныя даследаванні.
Не менш цікавым выглядае асэнсаванне назвы вёскі Копішча, якая вось-вось апынецца ў межах Мінска. На інтэрнэт-рэсурсах упэўнена разважаюць, што тапонім паходзіць ад «капішча», аднак гэта не так: па-першае, такі падмен галосных у націскным складзе немагчымы для беларускай мовы, а, па-другое, нашыя продкі, пры марфалагічнай блізкасці словаў, ясна раздзялялі сэнс «копішча» і «капішча». Насамрэч старадаўняя назва ўзыходзіць да часоў ВКЛ, калі пад словам «копа» (капа, копны суд) разумеўся агульны сход грамады паселішча ля межавых «капцоў» для вядзення следства і судовых разглядаў.
Вёска Копішча на старых мапах, ад 1800 да 1930-х гг.
Праўда, слоўнік Насовіча 1850 года ўпэўнівае, што так некалі зваліся могілкі (і ў тым ліку — і габрэйскія могілкі): перапады рэльефу ў раёне Копішча дазваляюць у нейкім сэнсе выкарыстаць і гэтае значэнне. Застаецца дадаць, што на захадзе Беларусі пад словам «копішча» разумелі могільнік для жывёл. У некаторых заходніх раёнах, як і на ўсходнім памежжы, «копішчам» проста называлі месца, дзе капалі зямлю — магчыма, на гэтым грунце базуецца мясцовае паданне, што такі няроўны ландшафт утвораны ў часы вайны са шведамі, якія тут капалі акопы, акопішчы, акопваліся.
Ну і сярод іншых рэбусаў застаецца разабрацца з тапонімам Камароўка. Народная этымалогія, звязаная з балотнымі камарамі, хоць і мае права на існаванне, але часткова. Антрапанімічнае паданне пра Федзьку Камара ўвогуле выглядае фантастычным.
Земскі падкаморны суд. У сярэдзіне — падкаморы земскі (гравюра з кнігі Statuta Y Metrika Przywileiow Koronnych Ięzykiem Polskim Spisane, Y porządkiem prawie pzryrodzonym a barzo snadnym nowo zebrane Przez Stanisława Sarnickiego 1594). У калажы выкарыстаныя сучасная гугл-мапа і план Генеральнага межавання 1797–1800 гг.
Як заўважаюць некаторыя даследчыкі, тапонім Камароўка ў часы ВКЛ меў крыху іншае вымаўленне: «КамОраўка», і ўтварыўся ён падобна назве Старажоўка — ад функцыянальнага прызначэння прадмесця. У актавых матэрыялах вялікалітоўскага часа згадваецца «комора» (камора) — у сэнсе канторы, кантрольнага пункту збору, напрыклад, дарожнага мыта, а таксама як месца для захоўвання тавараў ці рэчаў (у сэнсе — «кладоўка», «склеп»). У гэтыя часы вядомы таксама і падкаморскі (падкаморны) суд, які займаўся справамі зямельных размежаванняў паміж шляхтай — ягоныя прадстаўнікі былі важнымі «ўраднікамі» пры вялікакняскім двары. У такім сэнсе слова «комора» ўзыходзіць да пазначэння часткі гаспадарскага двара са скарбніцай (і нават склепам), за якую меў адказнасць спецыяльны чыноўнік — «subcamerarius», або падкаморы. Наколькі праўдападобнае прыведзенае меркаванне — пакажуць толькі новыя знаходкі актавых матэрыялаў.
Тапонімы — сведкі чалавечай дзейнасці
Тапонімы кшталту Дворышча і Замчышча (або Замэчак) — найбольш старажытныя сведчанні пабудовы нашымі продкамі сталых паселішчаў — у мінулых частках нашых вандровак мы распавядалі, што ў такіх месцах археолагі знаходзяць артэфакты, датычныя далетапісных часоў, за стагоддзі да ўпамінаў Мінска ў летапісах. У другой палове XVII — першай палове XVIII стст. айчынная гісторыя зазнала перыяд моцнага эканамічнага заняпаду, прычынамі якога былі зацятыя войны са шведамі, маскавітамі, казакамі. Шляхта праводзіла аднаўленчую палітыку за кошт росту сялянскіх гаспадарак: сялянам-новапасяленцам даваліся льготы ў павіннасцях. Гэтая з’ява знайшла адлюстраванне ў тапонімах, звязаных са словам «слабада» (вельмі блізкае ў тыя часы па сэнсе да слоў «свабода, воля»). Так, верагодна, утварылася Дварэцкая Слабада — як нанава засвоенае паселішча непадалёк ад старажытнага Дворышча.
На старых мапах можна сустрэць засценак Глінішкі і вёску Глінішчы
Праезд Глінішча ў Масюкоўшчыне, ля мемарыяла ахвярам фашызму — гэта ўсё, што засталося ад вёскі, назва якой пазначае месца, дзе здабываюць гліну або ўласна гліністы ўчастак поля.
Назоў Пастойка (былая паштовая станцыя на поўдзень ад сённяшняй чыгуначнай станцыі Азярышча) пазначае месца, дзе збіраюцца і доўга стаяць людзі (кірмаш, напрыклад), а таксама абгароджанае месца для жывёлы ў полі або лесе.
Лакалізацыя паштовай станцыі Пастойка
Пасёлак Гоцішча, бачны на некаторых мапах на поўначы сучаснага Зялёнага Луга, нічога агульнага з «готамі» і «готыкай» не мае.
Лакалізацыя пасёлка Гоцішча ў сённяшнім Зялёным Лузе — на поўнач ад «Макдональдса» па дарозе на «Экспабел»
Хучэй за ўсё — гэта памылка пры транскрыпцыі або абдрукоўка пры перадачы слова «гацішча» (то-бок, вялікая гаць) — дарога на балоце ў выглядзе землянога насыпу або насцілу з бярвенняў; у некаторых мясцінах «гацішча» пазначала ўласна балота. Дарэчы, такім «гацішчам» сто гадоў таму была, напрыклад, вуліца Максіма Багдановіча.
Назвай Цагельня пазначалі ўчастак прылесся, дзе здабываецца гліна, а таксама завод па вырабе цэглы. Цагельні ўтвараліся ў розных месцах на ўскрайках Мінска, але стаць тапонімам пашанцавала толькі адной — у раёне сённяшняй Чыжоўкі, у ваколіцах парка Красная Слабада.
Сённяшні мікрараён Лебядзіны (менавіта так павінна гучаць па-беларуску назва «Лебяжий») цалкам праглынуў вёску Ржавец — тапонім, вядомы ад 1582 года! Старажытны тапонім паходзіць ад назвы балота з іржавай вадой і жалезнай рудой (варыянты ў іншых месцах — «ржава», «ржавіна»). Вёска ўвайшла ў склад Мінска ў 2004 г., а ўжо з 2007 г. за праектаваным на той момант раёнам было замацаванае вядомая ўсім назва Лебядзіны. Памяць пра вёску захавалася ў назве Ржавецкай вуліцы і Ржавецкага завулка, прыватны сектар якіх паступова знік пад экскаватарамі і бульдозерамі.
Засценак Ржавец на старых мапах (1800 і 1871 гг.), а вось вёска Ржавец нават не на ўсіх міжваенных мапах пазначана
Чаму сталася так, што старадаўні тапонім так і не застаўся чутным, на слыху?
Прычын некалькі, і галоўная з іх — дамінаванне рускамоўных формаў у мінскай тапаніміцы. Калі «Ржавец» не гучыць па-руску, то з пераходам на беларускую «Лебяжий» страчвае сваю рускамоўную «рамантычнасць» (бо выдае штучнасць такой назвы). Акром таго, знос вёскі прайшоў зусім незаўважна і для СМІ, і для навукоўцаў (калі не лічыць хутка затушаванага скандала з незаконным памяншэннем ахоўнай зоны заказніка «Лебядзіны») — а між тым, Ржавец знаходзіцца зусім побач з былым і важным для беларускай археалогіі гарадзішчам Банцараўшчына, пра якое мы распавядалі ў мінулай вандроўцы. Указанне на наяўнасць балотнай руды павінна было насцярожыць навуковых супрацоўнікаў, бо нашыя продкі проста так назвамі не раскідваліся — з гэтага вынікае, што на месцы паселішча часоў ВКЛ, з доляй верагоднасці, мог знаходзіцца і больш старажытны слой пасялення рамеснікаў і рудаздабытчыкаў, магчыма, адначасовы з банцараўскім. Аднак... маем што маем — мы ўжо не раз згадвалі непрыязнае стаўленне будаўнікоў і чынавенства да спробаў навукоўцаў умяшацца ці запаволіць будаўнічы працэс дзеля даследавання раскапаных культурных слаёў...
Замест эпілогу
Мінск расце і разбудоўваецца. Не толькі ўшыркі і па дыяметры. За час інтэнсіўнага будаўніцтва (за апошнія 100 гадоў) значная плошча горада была выпрастана, выпрамлена, сцясана. Першыя падобныя работы пачаліся ў гістарычнай частцы горада ўжо з пракладкі трамвайнай трасы — афіцыйнай прычынай таму сталі тлумачэнні, што вялікія перапады і выразныя схілы замінаюць трамвайгаму ходу: на той момант дапушчальнай нормай ухілу лічылася не болей за 3 градусы (у цэнтры і па сёння можна заўважыць рэшткі схілаў у 5, а дзесьці — і да 8 градусаў). Пасля вайны працэс паскорыўся праз разбудову жылых кварталаў і будаўніцтва новых, а таксама праз пашырэнне і выпростванне гістарычнай сеткі вуліц. Цяжка паверыць, што раён сённяшняй Кастрычніцкай плошчы складаўся з цэлага масіву халмоў, большую частку якіх зрэзалі або іхныя схілы згладзілі.
У пасляваенныя 1950-я гг., падчас пашырэння і добраўпарадкавання праспекта, значныя аб’ёмы мінскага рэльефу сплошчылі, зрэзалі, сцясалі (здымкі з фондаў БДАКФФД)
За час інтэнсіўнага будаўніцтва была кардынальна зменена і водная сістэма горада: зніклі такія прытокі Свіслачы, як ручай Ржавец (працягласць каля 5,8 км), рэчкі Пярэспа (3,9 км), Няміга (5,5 км), Серабранка (3,6 км) і Слоўць (10,5 км). Зніклі таксама прытокі Мышкі — ручаі Цівалі (даўжыня прыблізна 5,5 км) і Грушаўскі (5,0 км), прыток Лошы — Малінаўка (5,2 км). Амаль знікла р. Крупка даўжынёй каля 3,5 км — у нізоўі захаваўся невялічкі ручай працягласцю да 0,5 км. Толькі ў сваім нізоўі захавалася р. Тарасаўка (Качынка), у нізоўі і ніжнім цячэнні — Трасцянка. З-за высыхання ў верхніх частках скараціліся Лоша, Мышка і Сеніца. За кошт скарачэння даўжыні і выпроствання звілістых участкаў агульная працягласць вадацёку скарацілася больш чым на траціну — коштам утвораных вадасховішчаў; краі поймаў умацавалі штучнымі матэрыяламі, часткі рэчышчаў завялі ў калектары.
Схематычная мапа Мінскай воднай сістэмы да яе змянення, накладзеная на сучасную мапу горада
Дробныя вадаёмы горада таксама зведалі змены: многія зніклі ў працэсе асваення тэрыторыі, частка захавалася на месцы высахлых рэчышчаў рэк і раўчукоў. Будаўнічыя працы і правядзенне камунікацыйных ліній прыводзяць да далейшага знікнення воднага ландшафту.
Мінск працягвае расці ў вышыню: калі ў хуткім часе лесапарк Тарасава будзе ўключаны ў гарадскія межы, тады Мінск падымецца ўгару яшчэ больш — там фіксуецца кропка каля 290 метраў! Застаецца дадаць, што ўсё ж лідарства па вышыні трымае, на жаль, аб’ект антрапагеннага ландшафту — гара, узнятая чалавечымі рукамі. Размова вядзецца пра закансерваваны сметнік — палігон «Паўночны» — там найвышэйшая кропка фіксуецца на адзнацы 295 м... І ёсць нядобрае адчуванне, што падобная кропка — не апошняя ў гісторыі сучаснага Мінска...
Асноўныя крыніцы ілюстратыўнага матэрыялу — Вікіпедыя і сэрвіс «Рухомая мапа Беларусі» (orda.of.by). Асноўныя крыніцы тлумачальных тэкстаў — «Мікратапанімія Беларусі. Матэрыялы» (1974), «Беларускія геаграфічныя назвы» (Яшкін І. А., 1971), «Этымалагічны слоўнік беларускай мовы» ў 5 т. (1978–2017)
Змітро Пілецкі, budzma.org