Як толькі ўваходжу ў клуб “Графіці”, уражвае дзіўнае спалучэнне таго, што, здавалася б, зусім неспалучальнае: у сучасна-агрэсіўна-ўрбаністычных сценах “Графіці” гучаць беларускія абрадавыя песні, якія спявалі нашыя бабулі ў сваёй маладосці. І публіка тут, як падаецца, падкрэслена урбаністычная, але вось жа, ў маленькай залі клуба сабралося чалавек 40, каб паслухаць песні нашых бабуляў у выкананні прыгажунь з “Аканы”. А паслухаць сапраўды ёсць што. У гэтых песнях усё жыццё: і плач Зіначкі, якая замуж баіцца выходзіць, і вітанне сватоў, і песні пра жніво, і пра Купалле, і шмат яшчэ ўсяго, чым жылі нашы продкі. Цягучыя, кранальныя, эмацыйныя, пяшчотныя, журботныя або вясёлыя, рытмічныя, непамерна багатыя і глыбокія, карацей, розныя, як само жыццё. Словамі ўсяго не апішаш, трэба слухаць.
У пачатку камерная абстаноўка залі, падкрэсленая мяккім святлом зялёных ліхтарыкаў, наводзіць на роздум пра тое, як змянілася нашае жыццё ў параўнанні з тым, пра што спяваецца ў абрадавых песнях, а яшчэ пра тое, як бы адрэагавалі тыя самыя бабулі, што перадалі свае песні дзяўчатам з “Аканы”, пачуўшы іх новае гучанне. Сур’ёзныя роздумы перарывае Руся, якая, перш чым заспяваць сваю ўлюбёную “Зіначку”, жартуе, што цяпер замужам зусім не страшна. Публіка ажыўляецца. Праз колькі песень некаторыя пачынаюць танчыць. Уражанне злёгку іншапланетна-касмічнае. Цудоўная музыка, якая ў паўмроку залі падаецца адначасова вельмі блізкай і знаёмай і ў той жа час трохі нерэальнай.
Сапраўдным апагеем канцэрту становяцца апошнія некалькі песень, якія “Akana NHS” выконвае сумесна са сваімі сябрамі-калегамі па цэху – Уладзімірам Міхновічам (клавішы) ды Карэнам Карапецянам (скрыпка). “Вось заўсёды здзіўлялася, як гэта музыкі збіраюцца разам, граюць песні, якіх зусім не ведаюць, і нешта атрымліваецца,” – гаворыць Руся. І сапраўды атрымліваецца. Цудоўная жывая творчая майстэрня.
Выходжу з клуба і думаю пра тое, што дарэмна, мабыць, вырашыла, што прыемна будзе паслухаць “Akana NHS” восеньскім вечарам і ўзгадаць пра лета. Іх прыемна слухаць заўжды: і ў летнюю спёку, і ў зімовую сцюжу. Бо гэта сапраўдная музыка, якая прымушае думаць і заўжды стварае новыя ўражанні.