Бубнач гурта Relikt Алесь Дземідзенка: «Мы — беларусы — такія як ёсць. Іншых не будзе. Трэба лаяльней ставіцца адно да аднаго»

20.06.2022 Музыка

Беларускі гурт Relikt пераехаў у Польшчу і рыхтуецца неўзабаве прэзентаваць свой новы рэліз. Пра тое, як праходзіць адаптацыя за мяжой, пра працу над новым альбомам, настальгію і планы на будучыню мы пагаварылі з бубначом гурта Relikt Алесем Дземідзенкам.


Дземідзенка_канцэрт у лютым2020.jpg
Алесь Дземідзнка на канцэрце ў Мінску, люты  2020

— Ці ўсе ўдзельнікі ўжо даехалі да Польшчы? 

Алесь Дземідзенка: Не, але спадзяемся, што гэта атрымаецца цягам некалькіх месяцаў.

— Як адаптаваліся?

А. Д.: Добра, бо мы з 2009 года рэгулярна мелі выступы ў Польшчы (дакладней, на Падляшшы) і добра ведаем гэтую краіну, маем шмат знаёмых. А таксама тут зараз шмат калег па IT і па музыцы, якія пераехалі, таму самотнымі сябе не адчуваем.

1.jpg
Алесь Дземідзенка, vk.com

— Ці ўзнікае пачуццё настальгіі, тугі па дому? У чым праяўляецца?

А. Д.: Так, нікуды і не знікае гэтае пачуццё — асабліва калі тычыцца нейкіх музычных справаў — дома былі свая студыя, музычная дзейнасць. Зараз гэтага няма і мы намагаемся адбудаваць усё наноў тут.

2.jpg
Fb«Мова Нанова» ў Варшаве

— Як узнікла ідэя зноў уз’яднацца? 

А. Д.: Гэта было зразумела адразу, галоўнае, каб атрымалася наладзіць працоўна-бытавыя моманты. А ўз’яднацца ці не — вельмі доўгі час мы былі разам, да таго ж мелі (і працягваем мець) некаторыя творчыя планы — цягам месяца хочам выдаць адзін рэліз і працуем яшчэ над адным. Вось гэты новы-новы альбом вельмі моцна натхняе — хочацца яго абавязкова дарабіць.

— Што адчувалі зноў, зайграўшы на «Мова нанова» праз працяглы час пасля развітання ў Беларусі?

А. Д.: Вось менавіта тугу і настальгію — бо мы заўжды пасля выступаў у Польшчы вярталіся дамоў — а зараз таго не адбылося. 

Цешыць адно — што для нас і нашых слухачоў наша музыка — той мост паміж мінулым і сучасным, апора, якую нельга згубіць.

— Як публіка ўспрыняла? Ці адрозніваецца беларуская аўдыторыя ў Варшаве і ў Беларусі? Калі так, то чым?

А. Д.: Мне здаецца, што з 2020 года беларуская аўдыторыя ўвогуле змянілася — стала лепей ставіцца да свайго, гэта мы адчулі.

3.jpg
Relikt, vk.com

— Распавядзіце трошку пра новы альбом. Калі рэліз, колькі там будзе песняў, калі напісаныя, на якую тэматыку, ці змянілася што ў музычным стылі гурта?

А. Д.: Рэліз плануецца ў 20-х чыслах чэрвеня, будзе складацца з 10 песняў — адна з яках гэта кавер на «Бонду» («Прыйшоў гэты дзень») — некаторыя з астатніх песняў мы часам маглі выконваць на канцэртах. Песні былі запісаныя намі падчас кавіднага лакдаўна за 2020–2021 гады, калі яны былі напісаныя — гэта будзе бачна пасля выхаду альбома. Ідэя стварэння гэтага рэлізу з’явілася яшчэ ў 2012 годзе, але атрымалася зрабіць толькі зараз. Тэма альбома (як бачым мы) — фіксацыя і «легалізацыя» беларускага року. 

— Якія канцэртныя планы маеце на бліжэйшую будучыню? 

А. Д.: Бліжэйшы пацверджаны выступ — 4 жніўня, Кракаў, Garage pub. Нарэшце — вялікі электрычны сольны канцэрт. Шчыра запрашаем усіх.

— Ці плануеце жывыя рэлізы альбома ў Польшчы, Літве, іншых краінах?

А. Д.: Пакуль цяжка пра гэта казаць, бо не зроблены базавыя рэчы, мы пакуль не сабраліся. Калі гэта адбудзецца, пачнем планаваць.

4.jpg
Fb«Мова Нанова» ў Варшаве

— Як ацэньваеце сітуацыю ў беларускай культуры? Як, на Ваш погляд, чалавек можа захаваць ды папулярызаваць сваю культуру, нацыянальную адметнасць, знаходзячыся за мяжой? 

А. Д.: Па-першае, выкарыстоўваць беларускую мову (як у кантэнце, так і ў камунікацыі), па-другое, рабіць місіянерскую працу — распавядаць пра сваіх любімых творцаў, творы іншым людзям, абмяркоўваць, па-трэцяе — збірацца разам фізічна (пакуль зноў ніякай хваробы не настала), па-чацвёртае, перастаць сварыцца і крыўдаваць адно на аднаго. Памятайма: мы — беларусы — такія як ёсць. Іншых не будзе. Трэба лаяльней ставіцца адно да аднаго, ісці насустрач, дамаўляцца. Будаваць адносіны.

— Што параіце рабіць тым, хто ў Беларусі, улічваючы актуальную сітуацыю ціску там?

А. Д.: Магу сказаць, што мы рабілі (бо не хачу даваць парады) — стваралі кантэнт, пісалі творы. Захоўвалі каштоўнасці, падтрымлівалі адно аднаго — куплялі прадукты ў беларускаарыентаваных крамах, хадзілі на імпрэзы. 

— Пры якіх умовах гатовыя вярнуцца дадому? 

А. Д.: Калі адбудзецца тур Relikt па ўсіх вёсках Беларусі (смяецца).

5.jpg
Fb «Мова Нанова» ў Варшаве 


ПЖ, budzma.org