Мастацкае шматкроп’е ў музычных кампазіцыях ставіцца часцей за чоткую і зразумелую кропку. Кажу метафарамі, бо сённяшнія рэлізы настолькі супярэчлівыя, наколькі і лёгказразумелыя, і большасць з іх пра каханне і ўсё, што з ім звязана. У рубрыцы «Гітара Мулявіна» сабралі маладых выканаўцаў, якія вярнуліся з новай музыкай пасля невялікіх творчых адпачынкаў. Чытаем і слухаем!
Flashback
Артыст з Барысава, вядомы ў музычнай індустрыі пад нікнэймам Nikitata, выпусціў меланхалічны зімовы поп-трэк «Flashback».
Папулярнасць прыйшла да Мікіты менавіта праз ТikTok, дзе так часта вірусіліся кароткія ўрыўкі з яго новых песень.
Крыху адышошы ад канцэпцыі цік-кток-хітоў у апошніх некалькіх трэках, у песні Flashback выканаўца зноў вярнтаецца да прывычнага яму і слухачам гучання: павольны куплет, паўза на секунду і моцны прыпеў з эфектным інструменталам і салодкім вакалам на заядаючых рыфмаваных радках. Хоць песня і мае ўсе атрыбуты тыповай поп-балады, але адзначу, што на працягу кампазіцыі абсалютна не адчуваецца пластыкавасці і наігранасці, так часта характэрнай менавіта для гэтага жанру. Шчырасць, бадай, адзін з самых важных кампанентаў сінгла. Разам з тым, як бы крута ні быў спрадусаваны трэк, Nikitata застаецца ў сваім амплуа і не намагаецца выходзіць за межы, бо яны даюць камфорт, падтрымліваючы чаканні адданых фанатаў і тых, для каго такі вобраз музыкі найбольш арганічны для ўспрымання. Можа, так яно і трэба?
Даўно не бачыліся
Такімі словамі спявачка Nevika пракаментавала выхад новага сінгла «Эндарфін» у адным са сваіх цік-токаў.
Вікторыя сапраўды стала ледзь не галоўным адкрыццём беларускай, жаночай поп-музыкі за мінулы год. З большага, канешне, брала яна прадуктыўнасцю, бо новыя трэкі выходзілі часта, гучалі якасна, але з канцэпцуальнасцю былі пытанні. Скажу так: маім любімым трэкам так і застаўся «лепшы сябар». Новая кампазіцыя не выклікала шчырага водгука і наўрадці можа прэтэндаваць на долю наватарства. Моцны сярэдні поп-трэк, у якім па задумцы галоўнай каштоўнасцю з’яўляецца прыпеў, які ўсё роўна не чапляе, нягледзячы на ўсе намаганні мякка падвесці да гэтага інструментал. Лайк і рухаемся далей.
Ці такім лайтовым з’яўляецца лайтовы?
Гэтым пытаннем я задаваўся на працягу ўсяго часу, пакуль з калонак граў трэк «Твой добры сусед» ад мінскага рэпера лайтовага.
Андэграўндныя і эксперыментальныя накірункі — тое, у чым выканаўца сапраўды адчувае сябе, як рыба ў вадзе. Памятаю і яго калыханку пад назвай «Поўня» і пазітыўны этна-рэп-трэк «Сонейкам». Незалежна ад хуткасці біта, рытмаў і іншых умоўнасцяў, Аляксей усё роўна гучыць свежа і па-сапраўднаму стала. Не адмятаю таго фактара, што кампазіцыя пра суседа прыйдзецца даспадобны далёка не ўсім, бо гэта, калі хочаце, артхаўс, толькі ў музыцы. Тыя, хто сапраўды знойдзе ў сабе сілы праслухаць трэк да канца, верагодна, паставяць яго на паўтор яшчэ хаця б раз. Распавядаць дэтальна пра яго тут — дарэмна губляць час. Лепш адзін раз паслухаць.
Хатні Томпсан, budzma.org