«Пратэст здзьмуўся?», «Што будзе далей?», «Хто перамог?»: спрабуем адказаць адразу на ўсё. Невялікі аналіз сітуацыі.
Рэвалюцыя ці пратэсты
Нізы не хочуць жыць па-старому, а вярхі не могуць — такі прынцып рэвалюцыі сфармулявалі яшчэ ў мінулым стагоддзі. Найбольш ён падыходзіў для Лютаўскай рэвалюцыі, бо Кастрычніцкую большасць гісторыкаў лічаць не інакш як пераваротам.
У Беларусі праз забівальніцтва ўладаў на пандэмію да выбараў, агульную млявасць чыноўнікаў і проста стомленасць людзей ад дзейнай улады напярэдадні выбараў склаўся тыповы «крызіс нізоў». Хаця нізамі незадаволены і нябедны сярэдні клас тут назваць цяжка.
На той момант «вярхі», калі лічыць вярхамі беларускія ўлады, яшчэ маглі і, больш за тое, хацелі кіраваць па старому: спярша пачалі гульню «Выбары», а калі гэтая гульня стала пагражаць — пачалі закручваць гайкі па старых рэцэптах.
На дзіва, для ўладаў старыя рэцэпты гэтым разам не спрацавалі, улады атрымалі доўгі цягучы і мірны пратэст, нягледзячы на ўвесь гвалт. Да «нізоў», якія жыць па-старому не хочуць, дадаліся «вярхі», якія кіраваць па-старому не могуць, бо мадэль не працуе. Відавочна, падзеі ў Беларусі нельга назваць рэвалюцыяй, бо пакуль заўважных сур’ёзных зменаў не адбылося, але мы маем класічную рэвалюцыйную сітуацыю: «вярхі» не могуць запіхнуць незадаволенасць грамадства назад, а грамадства не збіраецца мірыцца з дзеяннямі ўладаў.
Правалы
Абурае, калі пратэсты ў Беларусі пачынаюць адлічваць ад жніўня. Першыя пратэсты адбыліся яшчэ ў траўні, таму з гледзішча гістарычнага працэсу адмяраць пачатак варта з нашумелай акцыі ў Гродне і арышту Сяргея Ціханоўскага. Менавіта тады пачалася рэакцыя ўладаў на падзеі.
На месца старой апазіцыі ў Беларусі чакана прыйшла новая, якая прадстаўляе іншыя сацыяльныя групы і настроі: банкір Бабарыка, айцішнік Цапкала, блогер Ціханоўскі. Інтарэсы гэтых людзей не заўжды супадалі з ідэяй беларускай мовы як асноўнай, бел-чырвона-белага сцяга як дзяржаўнага і еўраінтэграцыі як мэты. Такія тэзісы былі ўласцівыя старой апазіцыі.
Нябітасць новай апазіцыі сыграла з імі і злы жарт. Спачатку каманда Бабарыкі была ўпэўненая ў рэгістрацыі яго як кандыдата ў прэзідэнты, верыла ў непахіснасць юрыдычных нормаў і ў дапамогу права, якое перастала працаваць.
Сваю ролю сыграла і адсутнасць канкрэтнага плану дзеянняў, стратэгіі і метадалогіі перамогі. «Дарожную карту» адхілення састарэлай улады штабы альтэрнатыўных кандыдатаў бачылі ўмоўна. Скінуць уладу праз мірны пратэст спрабавала і старая апазіцыя ў 2001, 2006, 2010 — гэта не атрымалася. Безумоўна, цяперашні маштаб акцый у 100-200 тысяч уразіў не толькі ўдзельнікаў, але і ўвесь цывілізаваны свет, толькі да мэты гэта не прывяло. Генерацыя, якая пайшла за новай апазіцыяй, раней не была ангажаваная ў палітычныя працэсы, таму «суткі», гвалт і збіццё сталі адкрыццём і шакавалі людзей. Калі раней адседкі ўмоўных Дашкевіча і Севярынца нікога асабліва не шакавалі, то цяпер такімі Севярынцамі і Дашкевічамі сталі дзясяткі тысяч чалавек.
Паміж палітычнай дэкларацыяй кшталту «мы супраць, нам не падабаецца, мы асуджаем» і палітычным дзеяннем «мы стаім тут да выканання нашых патрабаванняў», «мы бастуем пакуль не будуць выкананыя нашы ўмовы» — істотная розніца. Беларускі пратэст збольшага дэклараваў, а дзеяннем сталі толькі маштабныя вулічныя акцыі пасля выбараў. Яны ж не ператварыліся ў няспыннае дзеянне да выканання ўмоваў: «Мы тут застанёмся, пакуль вы не зробіце наступнае». Першым такім патрабаваннем магло быць не катэгарычнае «Сыходзь!», а хаця б «Выпусці, а потым пагаворым».
Мірны і нямірны пратэст
Ад пачатку новая апазіцыя транслявала мэсідж мірнага пратэсту. Аднак 9-10 жніўня ён не заўжды быў такі. У адказ на гвалт 9 жніўня 10-11 на вуліцу выйшлі раззлаваныя людзі, гатовыя аказваць супраціў: адзінкавыя выпадкі кідання кактэйляў Молатава, выкарыстанне піратэхнікі, адзінкавыя бойкі з сілавікамі.
Гэта прадэманстравала імкненне невялікай часткі грамадства (бо масавай тэндэнцыі гэта не набыло) да рашучых дзеянняў.
Пераход пратэсту ў выключна мірнае рэчышча адбыўся адразу пасля 14 жніўня. Сілавікі ж, шакаваныя рэакцыяй грамадства, былі вымушаныя часова адступіць. Шакаваным засталося і само грамадства. Далей на 2 месяцы статысячныя шэсці набылі адценне карнавалу: музыка, шарыкі, перфомансы. Акцыі дэманстравалі ўладам незадаволенасць, але да мэты не прыводзілі. Беганне Лукашэнкі з аўтаматам і нерашучасць сілавікоў паказвалі, што пратэст дзейнічае. Улады заўважалі гэта, але рэакцыі не было.
З кастрычніка ў шматлікіх раённых чаціках пачаліся абмеркаванні магчымага адпору сілавікам, на той момант гвалт зноў пачаўся і рос па экспаненце, але заявы заявамі і засталіся. Магчыма, гэта выклікана спеласцю і развітасцю беларускага грамадства, якое тут паўстае ў некалькі разоў больш гуманным, чым сілавікі. Для грамадства гвалт не стаў магчымым спосабам вырашэння праблемы.
Крэатыў
Беларускія пратэсты аказаліся хіба самымі крэатыўнымі на постсавецкай прасторы: маршы жанчын, пенсіянераў, людзей з інваліднасцю, бясконцыя перфомансы і культурніцкія формы выказвання нязгоды. Менавіта дзякуючы крэатыву і нечаканаму падыходу ў гісторыі перамагалі войны за незалежнасць і рэвалюцыі.
У лістападзе крэатыў нечакана скончыўся, саступіўшы месца класічным акцыям, якія пакуль не даюць выніку.
Дасягненні
Беларускія пратэсты прадэманстравалі ўсяму свету імкненне грамадства да пераменаў, схілілі на свой бок большасць беларусаў і дэлегітымізавалі ўладу ў вачах грамадзян і міжнароднай супольнасці.
Праз палітычны крызіс стала відавочным няўменне і нежаданне ўладаў пайсці на дыялог хаця б для падтрымання эканомікі. Усе прагнозы зводзяцца да будучага эканамічнага крызісу і збяднення людзей. Улады ж дэманструюць жаданне заставацца там, дзе яны цяпер, то бок кіраваць — і напляваць на праблемы народа.
Гэта ў будучыні можа далучыць да пратэсту яшчэ большую колькасць людзей. Пры гэтым такія мэты, як вызваленне палітвязняў, новыя выбары і спыненне гвалту засталіся недасягальнымі.
Контррэвалюцыя
Новы фармат дваровых маршаў даў уладам падставу думаць, што пратэсты драбнеюць. Ацаніць колькасць удзельнікаў гэтых акцый немагчыма, нават удзельнікі часта не ведаюць, дзе і калі яны збіраюцца.
Такія змены — статысячныя маршы і маршы на дзясяткі чалавек, але па ўсіх раёнах — далі ўладам падставы думаць, што рэпрэсіі спрацавалі, і яны на правільным шляху. Адсюль новыя затрыманні, драконаўскія тэрміны пакарання ды іншыя атрыбуты рэакцыі. Логіка — вось-вось дадушым, і ўсё будзе як было.
Стары тэзіс аб тым, што гісторыя вучыць толькі аднаму — не вучыць зусім, тут бы падышоў найбольш. Канвертаваць пратэсты ў лаяльнасць не атрымаецца. Яшчэ напярэдадні выбараў 7-8 жніўня ўлады думалі, што рэакцыя спрацавала і ўсіх ужо разагналі. Але сталася не так.
Грамадства не змірылася, а ўзяло паўзу, а якія наступствы нясе накопленая злосць і незадаволенасць, прыпраўленая падзеннем даходаў, не прадкажа ні адзін сацыёлаг.
Што далей
Эканамічныя праблемы, якія яшчэ толькі пачынаюцца праз палітычны крызіс, могуць даць новы імпульс пратэсту і далучыць да яго новыя слаі грамадства. Нават улада пра гэта адкрыта кажа (выступ Церцеля на «Гродна Азоце»). У адным старшыня КДБ памыляецца: пра пагрозы «баявых дзеянняў» улады кажуць са жніўня, але ніколі іх так і не прымянілі, значыць, не прыменяць.
Грамадства чакае спрыяльнага моманту для новага вітка пратэстаў, і толькі ад уладаў залежыць, ці будуць яны заставацца мірнымі. На цяперашні момант улады робяць усё, каб было наадварот.
Васіль Драбяза, budzma.by