Дзяцей навучаць ствараць робатаў. З верасня ў беларускіх школах запрацуюць інавацыйныя інжынерныя класы

22.08.2022 Адукацыя

З 1 верасня ў беларускіх школах адкрыюць 150 інавацыйных інжынерных класаў. Яны будуць забяспечаны сучасным робататэхнічным абсталяваннем, дзякуючы якому вучні любога ўзросту змогуць асвойваць прафесіі будучыні, распавядае "Мінск-Навіны".


Pavel-Rusak-1-of-32-kopiya.jpg

Распрацоўкай такіх тэхнічных міні-лабараторый займаецца расійская кампанія "Роббо"

Прэзентацыя Роба-класа прайшла ў сталічнай СШ № 105. Яго напаўненне намінальна мае салідныя тэхналогіі: 3D-прынтары, робататэхнічныя платформы, наборы схематэхнікі і мікраэлектронікі для навучання. Усё гэта, на думку распрацоўшчыкаў такіх міні-лабараторый, дапаможа рыхтаваць праграмістаў і інжынераў новага пакалення ўжо са школьнай лавы.

Школьнікаў хочуць пазнаёміць з 3D-мадэляваннем, прататыпаваннем, мікраэлектронікай, «Інтэрнэтам рэчаў», асновамі робататэхнікі. Вучні змогуць вывучаць квадракоптары і нейраінтэрфейсы.

З часам тэхналагічнае абсталяванне інжынерных класаў будзе дапаўняцца. Так, неўзабаве тут з'явяцца прыборы і праграмы для працы са штучным інтэлектам. Падобныя праекты кампанія рэалізуе ў Японіі, Кітаі, Паўднёвай Карэі, Фінляндыі.

Займацца ў Роба-класах могуць дзеці з 5-6 гадоў. Стартуюць з візуальнага праграмавання, а далей вучацца вырашаць інжынерныя задачы. У планах кампаніі —  адкрыць такія класы ў кожнай беларускай школе.