Арганізатары “Року па вакацыях” вырашылі зрабіць добрую міну пры кепскай гульні. Такімі тэмпамі адзін з найстарэйшых беларускіх рок-фэстаў рызыкуе ператварыцца ў агляд-конкурс кавер-бэндаў. Уратавалі мерапрыемства Pomidor/off і Akute.
Сёлета ўрэшце “Рок па вакацыях” вярнуў сабе статус опэн-эйра. Фэст адрадзіў яго заснавальнік Юры Цыбін у 2008 годзе, а потым арганізацыю цалкам узяў на сябе Павал Кашырын. У 90-я “Рок па вакацыях” традыцыйна праводзіўся ў парку Чалюскінцаў, але ўсе спробы вярнуцца на гэтае месца не прынеслі выніку. Таму была абраная канцэртная пляцоўка, што знаходзіцца на тэрыторыі парку забаваў Dreamland – месца, не вельмі зручнага для даезду, але някепскага ў плане сцэны і гуку. Дарэчы, непадалёк ад яго калісьці знаходзіўся цырк-шапіто, дзе прайшоў першы “Рок па вакацыях” у 1993 годзе. Праўда, нікога з заўсёднікаў фэстаў 90-х не паклікалі.
Канцэрт распачалі музыкі з ZM99 на чале з Зояй Сахончык, прадстаўленай публіцы як рок-князёўна Беларусі. Сёлета каманда святкуе 13-годдзе, але, мяркуючы па стаўленні гледачоў, так пакуль і не здабыла прыхільнікаў. Зрэшты, рэакцыя публікі была агулам млявай, нягледзячы на высілкі наступных выступоўцаў. Падабраныя музыкі былі немаведама па якім прынцыпе, таму фэст выглядаў безыдэйнай салянкай. Вакаліст J-J Bingz марна намагаўся разварушыць прысутных сваімі і чужымі песнямі. “Хочацца, каб вы выйшлі за межы, хоць у нас не асабліва і выйдзеш”, – падбадзёрваў спявак і прапанаваў сваё бачанне поп-хіта 90-х “Солнышко в руках» (хэдлайнерам “Року па вакацыях” 90-х, мусіць, добра ікнулася ў гэты момант). Эстафету перанялі іх паплечнікі, маладая джаз-фанкавая каманда Step Hall, пасля якіх выйшлі піянеры беларускага паган-металу Znich.
Змяркалася, але святла на сцэне ўсё не было. Таму ў пэўны момант пачало здавацца, што музыкі ды слухачы пракраліся сюды цішком, нелегальна. Праўда, потым высветлілася, што гэта тэхнічныя праблемы. Clover club пасля выступу “знічоў” выглядалі трохі недарэчы і не маглі з гэтым нічога зрабіць, у сувязі з чым выказалі сваё шкадаванне. Пры канцы выпусцілі цяжкую артылерыю. Цяперашнія рок-каралі, гурт Pomidor/off, вырашылі паставіць на песні з першага альбома “Свята пакрадзенае”. У пачатку выступу лідар каманды Аляксандр Памідораў згадаў добрым словамі заснавальніка каманды “Ы-Ы-Ы” Васіля Шугалея, які калісьці таксама выступаў на “Року па вакацыях”, ды заявіў, што “гітарных сола і балад у гэты вечар не будзе”. Музыкі адыгралі на ўздыме, і якраз падчас іх выступу нібы вярнулася тая атмасфера незалежных беларускіх фэстаў 90-х. Тое самае адчувалася і падчас сэту Akute, які мелі гонар закрываць фэст. Магілёўцы не інакш як перанялі ў N.R.M. статус беларускай народнай рок-каманды. Прынамсі, усе іх песні слухачы добра ведалі і падпявалі ад пачатку да канца.
Сяргей Будкін, фота – Зарына Кандрацьева