Пра намер «захаваць помнік архітэктуры» паведамляў райвыканкам у верасні мінулага года.
Касцёл Святога Духа каля вёскі Язвіны Драгічынскага раёна маюць намер пазбавіць статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці. Пра гэта даведаўся katolik.life з абвешчанага тэндару. Драгічынскі сельвыканкам размясціў дзяржзакупку на падрыхтоўку заключэння на пазбаўленне статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці аб’екта «руіны Святадухаўскага касцёла».
Паводле тэндару, заключэнне павінна быць падрыхтавана не пазней за 11 жніўня 2025 года.
Яшчэ ў верасні 2024 года Драгічынскі райвыканкам паведамляў пра намер «захаваць помнік архітэктуры», для гэтага неабходна было правядзенне кансервацыйных работ. Тады ж быў адкрыты спонсарскі рахунак для пералічэння сродкаў на кансервацыю гістарычнага помніка.
Гэты касцёл вядомы тым, што яго маляваў Напалеон Орда — у той час храм быў перабудаваны пад праваслаўны. У 1919 годзе — вернуты Каталіцкай царкве. Але ў савецкі час касцёл зачынілі, будынак не выкарыстоўваўся з 60-х гадоў мінулага стагоддзя.
У 2002 годзе збудаванне ўключылі ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь як помнік архітэктуры барока XVIII стагоддзя.
Зараз храм у паўразбураным стане: захаваліся толькі знешнія сцены з цэглы, на большай частцы якіх адсутнічае тынкавы пласт.
Паглядзець на 3D-мадэль Касцёла Святога Духа можна па спасылцы (даступна толькі на мабільных прыладах).