Сацыяльны праект «Чытаем па-беларуску з velcom» з удзелам знакамітых беларускіх пісьменнікаў распачаўся ў беларускіх школах
8 кастрычніка ў Мінску прайшоў першы ўрок новага адукацыйнага праекта «Чытаем па-беларуску з velcom». Цягам 3 месяцаў больш як у 30 школах Мінска, а таксама ў 2 школах для дзяцей з асаблівасцямі развіцця пройдуць урокі па адмыслова распрацаванай праграме. Вучні 2–3 класаў будуць ня толькі знаёміцца з сучаснай беларускай літаратурай, але і атрымліваць практычныя лінгвістычныя навыкі. Першы урок праекта адбыўся 8 кастрычніка ў сярэдняй школе № 136 г. Мінска з тэатральным ухілам.
Ініцыятарам праекта з’яўляецца кампанія velcom пры падтрымцы Камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама. Настаўнікамі праекта «Чытаем па-беларуску з velcom» стануць: беларускі дзіцячы пісьменнік, галоўны рэдактар часопіса «Вясёлка», лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Ліпскі, пісьменніца, лаўрэатка Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Раіса Баравікова, пісьменніца-казачніца Алена Масла, паэтка і публіцыстка Таццяна Сівец, а таксама вядомы беларускі акцёр і тэлевядучы Юрый Жыгамонт.
«Мы пачынаем сацыяльны праект «Чытаем па-беларуску з velcom», каб пазнаёміць вучняў школ з беларускімі пісьменнікамі і іх творамі, зацікавіць дзяцей родным словам, беларускімі нацыянальнымі традыцыямі, – каментуе кіраўнік аддзела карпаратыўных камунікацый кампаніі velcom Вячаслаў Смірноў. – Вельмі важна, што мы звяртаемся да дзіцячай аўдыторыі вуснамі вядомых літаратараў, якія самі прадставяць дзецям свае творы. Спадзяемся, што гэтыя ўрокі стануць добрым дадаткам да школьнай праграмы і яркай падзеяй для кожнага ўдзельніка».
«Гэты праект блізкі маёй душы, майму сэрцу і маёй сутнасці, – адзначае пісьменнік Уладзімір Ліпскі. – Таму што мова – гэта душа чалавека. Чалавек не можа быць паўнацэнным, калі яго душа не мае пэўных мускулаў. А мова, чытанне, літаратура – гэта і ёсць мускулы душы. Сёння моладзь захопліваецца інтэрнэтам. Але мы, дарослыя, павінны зрабіць усё, каб кніга стала добрым магнітам для дзяцей. З магчымасцямі velcom мы можам многае зрабіць. Я ўдзячны, што кампанія ініцыявала гэты праект і разам з беларускімі пісьменнікамі хоча нешта зрабіць. Імя мецэната Марозава, які не шкадаваў грошай на культуру і духоўнасць, засталося ў гісторыі. velcom можа стаць добрым прыкладам такіх адносінаў. Давайце ўкладаць грошы ў развіццё нашай краіны, роднай Беларусі, дзяцей – галоўнага нашага скарбу».
Паводле прэс-рэлізу