Здавалася б, мы шмат ведаем аб дзяржавах свету, аднак толькі пагутарыўшы з выхадцамі з той ці іншай краіны, можна даведацца пра жыцце, культуру і традыцыі. Карэспандэнт iprosto.org пазнаёміўся са студэнткамі з Паўднёвай Карэі і развеяў самыя распаўсюджаныя стэрэатыпы.
Што тыповы беларус ведае пра Карэю і яе жыхароў? Хіба тое, што існуе дзве асобныя краіны з адной мовай – Паўночная і Паўднёвая Карэі. Ведае, што ў Паўночнай Карэі аўтарытарны рэжым цягнецца з часоў… Кім Ір Сэна. А менавіта пра Паўднёвую, хіба тое, што гэта дэмакратычная краіна з даволі спакойным ладам жыцця. Некаторыя яшчэ ведаюць Паўднёвую Карэю па сусветнавядомых “дыназаўрах” сучасных тэхналогій: Samsung, LG і інш.
І вось у гэтым годзе я пазнаёміўся з паўднёва-карэянкамі (сябра параіў пазаймацца з імі вялікай і магутнай рускай мовай). Мне, як чалавеку камунікабельнаму, гэтая прапанова прыйшлася даспадобы. Я без хвіліны сумневу пагадзіўся. Да таго ж, вопыт камунікацыі з замежнікамі ўжо быў даволі багаты. Па-першае, жыў на 2 курсе ў інтэрнаце ў пакоі і блоку з кітайцамі. Па-другое, маю знаёмых туркаў і іранцаў. Пасля меў шчасце ў Польшчы пазнаёміцца з канадцамі, амерыканцамі, бразільцамі, нігерыйцамі, англічанамі, немцамі, сербамі, славакамі, літоўцамі, латышамі, эстонцамі, чэхамі, украінцамі і нават дамініканцамі. Усіх нацыянальнасцяў ўжо і не згадаю…
Напачатку перапісваліся (дамаўляліся пра сустрэчу) праз смс-кі па-англійску. Карэянкі прыехалі сюды на год, на факультэт даўнівэрсітэцкай адукацыі БДУ вывучаць рускую мову. У Паўднёвай Карэі яны ўжо вучацца ва ўніверсітэтах на філалагічным факультэце, рускае аддзяленне. Сюды ж прыехалі авалодваць жывой гутарковай мовай.
На спатканне прыйшлі 2 карэянкі, і каб бліжэй пазнаёміцца, я прапанаваў схадзіць у кавярню ды выпіць па куфлі-другім беларускага піва.
Пасля першага куфля размова пайшла больш адкрыта, несарамліва. Яны распытваліся пра мяне, пра краіну, а я пра іх і, адпаведна, пра іх Радзіму.
Пытанні і адказы.
Пасля знаёмства з Кім Ын Йонг і Сі Нэ, я спытаў у іх, ці чулі яны ў Карэі што-небудзь пра Беларусь? Ці ўвогуле карэйцы ведаюць гэты забыты Богам кавалак еўрапейскай зямлі?
Ведалі яны, як ні дзіўна, увогуле нічога. Нават назвы такой не чулі. Бацькі іх таксама не чулі. Адзінае, калі пачалі шукаць інфармацыю, то згадалі пра СССР і што, мабыць, калісьці Беларусь туды ўваходзіла.
Далей пытаю: А ці падабаецца Вам у нас? Ці камфортна вы тут пачуваецеся?
Адказ быў кароткі: Нармальна. Людзей у вас мала вельмі. Таму трохі нязвыкла.
Далей я пачаў пытацца пра паўночных суседзяў. Як там? Што там? Ці хацелі б аб’яднацца? На жаль, пра сваіх братоў па крыві яны ведаюць яшчэ менш чым я… Таму новага нічога я не даведаўся. Аб’ядноўвацца ў іх жаданьня няма. “Навошта нам яшчэ і іх карміць?”
Я ім распавёў крыху пра нашу краіну. Пра палітычны строй, пра культуру, літаратуру, мову, гісторыю і менталітэт. Ім, здаецца, слухаць новае было цікава. Задавалі шмат пытанняў на ламанай руска-англійскай.
Высветлілася, што жывем мы ў адным інтэрнаце БДУ. Вызначыліся з днямі і часам заняткаў, абмовіліі пэўныя акалічнасці. Ад мяне патрабавалася практыкаваць вуснае маўленне, таму праблем з заняткамі не было. Абмяркоўвалі абсалютна розныя тэмы: ад назваў гародніны да абсцэннай лексікі.
Скардзіліся, што тутэйшыя лекцыі ва ўнівэрсітэце ім не падабаюцца. Выкладчыкі старыя, гультаяватыя… А пра сваіх карэйскіх казалі, што ўсе выдатныя, што прыемна і з ахвотаю наведваюць усе прадметы. У іх з выкладчыкамі больш вольныя стасункі. Настаўнікі са студэнтамі наведваюць агульныя імпрэзы. Праўда, саромеюцца з імі піць.
Параўнанне філалагічных адукацый
Што да паступлення на філфак:
Конкурс там малы, амаль як і ў нас. Бяруць амаль усіх. Цікавы факт: нават на філфак экзамен па матэматыцы – абавязковы!
Універсітэты, як і ўсюды, прыватныя і дзяржаўныя. Прыкладна 50 на 50. Яны вучацца ў дзяржаўных. Маўлялі, выдаткаў менш. Адукацыя цалкам платная. Месца ў інтэрнаце каштуе тое самае, як здымаць кватэру ў горадзе.
Выкладчыкаў там цэняць і паважаюць. Добра падтрымліваюць грашова. Заробак у сярэднім складае 4 000$ + бясплатная кватэра. Не ў аграгарадку! На гэты заробак можаш жыць месяц бестурботна і ў пазыкі дакладана не залезеш.
Універсітэцкую адукацыю можна атрымаць за 4 гады. Навучанне ў школе – 12 год. Служба ў войску (для хлопцаў) 2 гады. Казалі, было б менш, калі б не напружанае становішча на мяжы паміж Паўднёвай і Паўночнай Карэямі.
Цікава ведаць
Кухня Паўднёвай Карэі вядомая нізкім утрыманнем тлушчаў.
У Карэі, калі чалавек нараджаецца, яму ўжо год.
Далёка не ўсе карэйцы ядуць сабак. Сабак спецыяльна гадуюць, і сабачаціна каштуе даволі шмат. Набываюць яе, у асноўным, на вялікія святы, накшталт Новага Года.
Карэйцы вельмі не любяць японцаў, бо яны забралі востраў (ці колькі астравоў) без вайны. Кажуць, хітрыя вельмі.
У адрозненне ад Японіі або паўночных правінцый Кітая, Карэйскі паўвостраў геалагічна стабільны. На ім няма актыўных вулканаў і практычна не бывае моцных землятрусаў.
Кітайскі праліў у карэйцаў не называецца кітайскім. Кітайцаў не любяць за гвалт карэйскіх жыхароў у самой Карэі. Яшчэ кажуць, што кітайцы брудныя і неахайныя.
Тапонім “Карэя” па-карэйску і блізка так не гучыць.
Карэйскія іерогліфы і сама граматыка нашмат прасцейшыя за кітайскія.
Метрапалітэн у Сеуле па аб’ёмах пасажыраперавозак займае адно з першых месцаў у Азіі.
Карэйцы не робяць татуіровак з карэйскіх іерогліфаў. Гэта выклікае ў іх смех. Накшталт беларуса\рускага, які робіць тату-надпіс на сваёй мове. Папулярныя кітайскія іерогліфы, ангельская мова, латынь.
У карэйскіх рэстарацыях не прынята пакідаць “на гарбату”.
У карэйцаў не прынята размаўляць пра сэкс ці пра інтымныя адносіны.
У асноўным у Карэі усё па раёнах, гэта значыць — калі хочаце ў клубы, то вам у адзін раён, калі тэхніку купіць-то ў іншы.
Самы лепшы час для наведвання Карэі — вясна, калі расцвітаюць вішні, і восень, калі жаўцее лісце на дрэвах. Узімку вельмі холадна і ветрана, летам неверагодна горача, вільготна і дажджліва.
Большасць карэйцаў – арэлігійныя. Ёсць буддысты, крышнаіты, пратэстанты, праваслаўныя і каталікі, але іх мала. Не вераць у існаванне душы. Чалавек памёр і кропка. Далей нічога няма.
Амаль усе карэйцы цікавяцца хірамантыяй. Старэйшае пакаленне (бабулі асабліва) ведаюць дасканала і свята вераць ва ўласны лёс, напісаны на руках. Робяць аперацыі на далоні, каб, напрыклад, дадаць лініі на багацце. Прычым, запэўнівалі мяне, што сапраўды дапамагае, што сапраўды людзі тады робяцца больш багатымі. Я адказаў ім усмешкай.
У Паўднёвай Карэі самы высокахуткасны Інтэрнэт.
Карэйцы слаба цікавяцца заходнееўрапейскай ці амерыканскай культурай. Напрыклад, калі ўзяць музыку, то ніводная з 4-х “маіх” карэянак ня ведае гурт “Нірвана” і Курта Кабэйна, не ўсе ведаюць нават легендарных “Бітлоў”. Але большасьць ведае Віктара Цоя (вядома, чаму). “Группа крови” выконвае па-карэйску рок-спявак. З музыкі, у асноўным, слухаюць карэйскую папсу і хіп-хоп. Альбо цікава з ведамі па геаграфіі – Англію ведаюць, а United Kingdom ужо не.
Салату “Морква па-карэйску” у Карэі няма. Яны яго адкрылі для сябе менавіта ў Беларусі.
Даволі шмат ужываюць алкагольных напояў. Дзве з чатырох карэйскіх сябровак пілі нашую танную гарэлку нават не запіваючы ды не закусваючы.
Аўтар: Валер Прычынец, iprosto.org