Адсутнасьць вострых вуглоў, звыклы пляскаты гумар, абавязковы ўра-растаманскі нумар ды туга па Цою і моры. Віталь Артыст працягвае пісаць лісты сабе самому ў дзяцінства ў новым альбоме “Без билета”.
Віталь Артыст у сваім рэпертуары: ён па-ранейшаму сьпявае пра бясконцасьць космасу, вечнае лета ды адну мару на дваіх. “Без билета” – умелыя інтэрпрэтатары і тым выгадна адрозьніваюцца ад безаблічнай масы кавэр-бэндаў, якія калі і бяруцца за ўласны матэрыял, то прапануюць прадукт другасны і малацікавы, бо надта ўжо цісьне на іх ужо-кімсьці-створанае. Новы альбом ББ таксама поўніцца цытатамі ды спасылкамі, але чужы даробак умела апрацаваны і прапушчаны празь сябе такім чынам, што фармуе пазнавальны імідж каманды – весельчакоў, якія любяць Цоя і мора, мультфільм пра брэменскіх музыкаў, індыйскія мэлядрамы і трошачкі дыска-музыку 80-х. Туга па позьнесавецкім дзяцінстве ў гэтай працы яшчэ больш выразная, чым у мінулым альбоме “Звезда” з настальгічным сынглам-кліпам. Віталік нібы працягвае пісаць лісты сабе самому ў дзяцінства. Ці проста працягвае заставацца маладым. Прынамсі, ёсьць трывалае адчуваньне, што тэксты ББ піша як мінімум 15-гадовы падлетак.
Пры гэтым Артыст выдатна разумее кан’юнктуру і добра адчувае, як павінная гучаць музыка ў сярэдзіне 10-х гадоў XXI стагодзьдзя. Беларускімі Daft Punk гурт не назавеш, але тое, што творчасьць французаў паўплывала на гэтую працу, адчувальна ледзь не ў палове песень (асабліва у “Одна на двоих мечта”). Гучаньне ББ стала яшчэ больш мяккім і пралічаным, што можа працягнуць новых прыхільнікаў, але пры гэтым распалохать старых, якія паважалі творчасьць Артыста найперш за няроўнасьць і агульную непрадказальнасьць. “Море” – добры поп-альбом, зусім бяз вострых вуглоў, з тым самым звыклым пляскатым гумарам (“Пятніца”) ды абавязковым ура-растаманскім нумарам (“На Ямайку”). Праўда, сюрпрыз тут усё ж ёсьць – апошні інструмэнтальны трэк “Ночной маяк” з налётам world-music. ББ пачыналі з этнікі, і было б вельмі цікава, каб яны да яе вярнуліся ўжо з улікам атрыманага досьведу. Магла б атрымацца сапраўды фантастычная праграма, а ня гэтае салодкае і дабрадушнае нішто.
Альбом “Море” можна набыць праз iTunes, паслухаць у афіцыйнай суполцы гурта.
Ідэя: 6
Выкананьне: 8
Тэксты: 6
Запіс: 9
Аздабленьне: 8
Сяргей Будкін