Вікторыя Лебедзева піша на budzma.by пра тое, як умацаваць здольнасць займацца руціннымі штодзённымі справамі без знешняй матывацыі і дасягаць выніку.
У наш час, поўны і нават перапоўнены разнастайнай інфармацыяй, магчымасцямі выбару, шматзадачнасцю ў кожнай сферы жыцця, бясконцымі хуткімі зменамі модных тэндэнцый і навуковых парадыгм, часта бывае вельмі складана засяродзіцца на штодзённай працы, над тым, што важнае менавіта для вас. Пракрастынацыя, бессэнсоўны сёрфінг па сеціве, заліпанне ў сацыяльных сетках і іншыя малакарысныя заняткі з’ядаюць увесь час і творчую энергію.
Чытайце таксама: Галава не хоча думаць: як ёй дапамагчы?
У такіх выпадках можа дапамагчы толькі самадысцыпліна — здольнасць займацца руціннымі, не вельмі цікавымі альбо складанымі штодзённымі справамі без знешняй матывацыі. Займацца імі пастаянна, пакуль не будуць дасягнутыя пэўныя вынікі.
На жаль, не існуе чароўнай пігулкі, каб атрымаць гэтую здольнасць адразу 80-га ўзроўню. Але яе можа развіць і пракачаць у сабе кожны чалавек!
У гэтым артыкуле мы даём пяць падказак, як і з чаго пачаць, каб вашыя мары і мэты спраўджваліся, а не заставаліся проста летуценнямі.
Падказка 1
Першае, што варта зрабіць, — сабраць усе вашы «адмазкі» і выкінуць іх у сметніцу. Фразы накшталт «не цяпер», «як толькі з’явіцца вольны час», «як падрастуць дзеці», «калі скончу ўніверсітэт», «з наступнага панядзелка» і іншыя быццам даюць нам надзею, што калі-небудзь мы абавязкова спраўдзім задуманае (вывучым замежную мову, пачнём весці здаровы лад жыцця, напішам кнігу, навучымся іграць на фартэпіяна, засвоім новыя камп’ютарныя праграмы і г. д.). Але насамрэч гэта проста форма самаабароны нашага хітрага мозга.
Эвалюцыйна так склалася, што чалавечы мозг заўжды шукае магчымасць не траціць лішнюю энергію. Нам прасцей прывыкнуць да маленькага заробку (прыбраць са спісу пакупак рэчы не першай неабходнасці, напрыклад) і абвясціць такія ўмовы «сваёй зонай камфорту», чым лішні раз паварушыцца, пашукаць іншую працу, павысіць сваю кваліфікацыю і да т. п.
І так амаль ва ўсім: ад прыроды чалавек досыць лянівы. І калі вы натхнёна хочаце павысіць якасць свайго жыцця, самаразвівацца, рабіць нешта, плён ад чаго не бачны адразу, мозг пачынае прыдумляць вось такія стопары: «ты не гатовы», «цяпер не найлепшы час», «у цябе няма на гэта часу»... Ведайце, гэта ўсё проста «адмазкі». Ніколі не бывае лепшага месца і часу, чым тут і цяпер.
Падказка 2
Псіхолагі адначаюць, што ўсе мы маем патрэбу ва ўхвале нашых дзеянняў. Дзеці чакаюць пахвалы ад бацькоў і настаўнікаў, дарослыя — ад сяброў, працадаўцаў і г. д. Нават калі вам пашанцавала быць выхаваным не «для карысці грамады», усё адно існуюць аўтарытэтныя асобы, да меркавання якіх вы прыслухоўваецеся. І гэта нам дапаможа!
Абярыце для сябе асобу, якая будзе «назіраць» за вашымі поспехамі. Гэта неабавязкова мусіць быць рэальны чалавек. На ролю такога «назіральніка» падыдзе і любімы герой кнігі, кінастужкі (нават калі ён не зусім чалавек).
Чытайце таксама: Падтрымліваем блізкіх правільна
Проста ўявіце, што ён/яна пільна сочыць за вашымі справамі, шчыра радуецца і хваліць вас за крок наперад і засмучаецца, калі вы лянуецеся ці шукаеце «адмазку». Калі гэта рэальны чалавек, ды яшчэ хто-небудзь з вашых блізкіх, такое можна не ўяўляць, а насамрэч папрасіць вас падтрымаць (ці асцярожна «папіхаць») у вашым імкненні самадысцыплінавацца.
Падказка 3
Знакаміты коўч Браян Трэйсі (аўтар шэрагу самых чытаных кніг па самаарганізацыі, у тым ліку і бэстсэлера «Няма апраўданняў. Моц самадысцыпліны») сцвярджае, што поспех па жыцці на 99,9% залежыць ад нашых... штодзённых звычак. Ён не адно дзесяцігоддзе вывучае звычкі паспяховых людзей і прыйшоў да высновы, што яны больш-менш падобныя.
З асноўных звычак «паспяховасці» спадар Браян вылучае раннія пад’ёмы (у прамежак з пятай да шостай ранку), клопат пра сваё здароўе (дастатковая фізічная нагрузка, здаровае харчаванне, рэгулярны і працяглы адпачынак), штодзённае навучанне (чытанне прафесійнай літаратуры, праслухоўванне падкастаў па дарозе на працу, праходжанне трэнінгаў і семінараў).
Як бачыце, нічога звышнатуральнага. Нагадаю, звычка ў сярэднім фарміруецца за 21-23 дні. То бок за год вы можаце сфарміраваць у сябе 12 (!) карысных звычак. Так што складайце спіс пажаданых «супермагчымасцяў» — і наперад!
Падказка 4
Выкарыстоўвайце прынцып паступовасці. Натуральна, што хочацца палепшыць сябе з усіх бакоў адразу і зрабіць/дарабіць шмат задуманых спраў. Але! Тут важна не «перагарэць»: занадта рэзкія змены ладу жыцця і напружаная праца па ўсіх кірунках можа даць адваротны эфект — вы ўвогуле страціце ўсе жаданні і сілы штось паляпшаць.
Таму пачынаем з зусім маленькіх крокаў. Напрыклад, з таго, што вы не адкладаеце ўставанне з ложка на 5-10-15 хвілін, а падымаецеся з першымі гукамі будзільніка. Тыдзень у вас такое атрымліваецца, пахваліце сябе і далучыце да гэтай перамогі яшчэ што-небудзь неабходнае вам — напрыклад, дыхальную ёгу зранку (якраз на тыя самыя 15 хвілін, якія вы вызвалілі).
Правільны ранак – паспяховы дзень. Як хутка прачнуцца
Фішка тут у тым, што, пачынаючы з простых маленькіх дзеянняў, вы амаль на 100% застрахаваныя ад паразы. І, накапіўшы 5-7 невялікіх перамог, смела можаце паставіць сабе за мэту штосьці складанейшае — тое, да чаго «не даходзяць рукі» ўжо не адзін год.
Падказка 5
Вядзіце дзённік. Так, прыйдзецца выкройваць 10-15 хвілін штодня на тое, каб занатаваць свае ўражанні, назіранні, думкі, жаданні. Гэта будзе вашая асабістая кніга поспеху.
Лепш за ўсё рабіць гэта ў канцы дня, калі вы зможаце выдыхнуць і спакойна прааналізаваць мінулы дзень, вашыя перамогі і моманты, якія трэба «дапрацаваць».
Сюды ж можаце дадаць своеасаблівы чэк-ліст па працы над сваёй марай. Напрыклад, калі вы вучыце замежную мову, дадайце пару радкоў: колькі новых словаў вы даведаліся, колькі прачыталі/праслухалі, якія раздзелы ведаеце з граматыкі і г. д. Пакідаць гэтыя радкі пустымі будзе няёмка, і вы міжволі будзеце імкнуцца зрабіць хаця б штосьці, каб увечары было што запісаць у дзённік.
Уладкоўваем сваё жыццё: 4 крокі
Яшчэ вельмі важна не толькі ставіць перад сабой задачы і адзначаць «выканана/не выканана». Важна кожны дзень знаходзіць, за што сябе пахваліць. Так, не толькі знешні назіральнік мусіць надаваць вам матывацыі пахвалой, а і вы самі. Нават у першую чаргу вы самі. Хваліць сябе можна па-рознаму: падумаць альбо сказаць свайму адлюстраванню: «Які ж ты малайчына!» А можна і штось смачнае для сябе прызапасіць. Ці пабалаваць паходам у кіно, тэатр, новай кнігай ці «пазапланавым» адпачынкам з сябрамі. Так будзе фарміравацца ўстойлівая сувязь: зрабіў гэта — атрымаў асалоду. І тады ваш мозг не будзе хавацца за рознымі «адмазкамі», а наадварот, будзе імкнуцца зрабіць у гэтым кірунку больш, каб атрымаць сваю «смачнюшку».
Вікторыя Лебедзева, budzma.by