«Народная воля» працягвае публікаваць фрагменты з кнігі «250 асоб з Беларусі ў дыялогах культур».
Сапегі
Сапегі — буйны магнацкі род у Вялікім Княстве Літоўскім і Рэчы Паспалітай. Яго прадстаўнікі ў XV–XVIII стагоддзях займалі вышэйшыя дзяржаўныя, адміністрацыйныя і вайсковыя пасады і былі буйнымі землеўладальнікамі. Род лічыўся другім па значэнні пасля Радзівілаў.
Вялікі герб Сапегаў расійскага падданства (створаны ў 1858–1859 гадах), які ўтрымлівае герб «Пагоня» і старадаўні герб «Ліс».
Сапегі паходзілі з баяр Смаленшчыны. У радаводах Сапегаў, якія складаліся ў XVII–XVIII стагоддзях, сцвярджалася пра іх быццам бы княжацкае паходжанне ад Нарымонта, сына Гедыміна. Першы Сапега, згаданы ў крыніцах, Сямён — пісар вялікага князя літоўскага Казіміра (у 1440-я гады). Ён лічыцца родапачынальнікам. З яго чатырох сыноў два, Багдан і Іван (Івашка, паводле крыніц), сталі пачынальнікамі дзвюх галоўных ліній роду: чарэйска-ружанскай і коданьскай. З Івана Сямёнавіча пачалося ўзвышэнне Сапегаў.
Сапегі напачатку былі праваслаўнымі. У другой палове XVI стагоддзя частка з іх далучылася да пратэстантызму, аднак ужо ў канцы XVI стагоддзя Сапегі прынялі каталіцтва.
Першапачаткова вялікія маёнткі Сапегаў знаходзіліся ў Смаленскай зямлі. У выніку войнаў Маскоўскай дзяржавы з Вялікім Княствам Літоўскім 1500–1503 і 1512–1522 гадоў яны страцілі частку ўладанняў. Але Сапегі набылі новыя маёнткі ў Беларусі і ў XVI стагоддзі ўвайшлі ў шэрагі магнатаў. У іх распараджэнні былі свае крэпасці, гарнізоны, ваеннаслужылыя людзі, у тым ліку шляхта.
У XVI–XVIII стагоддзях прадстаўнікі роду займалі пасады ваявод і кашталянаў, гетманаў вялікіх і польных, канцлераў і падканцлераў, маршалкаў вялікіх і дворных і іншыя. Яны выбіраліся пасламі на соймы, прызначаліся старостамі.
У апошняй чвэрці XVII стагоддзя род Сапегаў яшчэ больш узвысіўся. З аднаго боку, кароль Ян III Сабескі, каб супрацьстаяць магутнаму роду Пацаў, даваў дзяржаўныя пасады Сапегам. Умацаваўшы сваё становішча, яны выступілі супраць караля. З другога боку, усеўладства Сапегаў выклікала незадаволенасць шляхты Вялікага Княства Літоўскага, якая ў 1696 годзе пачала супраць іх адкрытую барацьбу. Канфлікт набыў характар грамадзянскай вайны. Войска Сапегаў было разбіта, яны былі пазбаўлены пасад, некаторыя з іх нават пакінулі краіну. Пасля Паўночнай вайны 1700–1721 гадоў Сапегі не аднавілі былога ўплыву, аднак па-ранейшаму атрымлівалі галоўныя пасады ў цэнтральнай і мясцовай адміністрацыі. У 1700 годзе прадстаўнікі чарэйска-ружанскай лініі роду Сапегаў атрымалі ад імператара Леапольда I, які хацеў узмацніць свой уплыў у Рэчы Паспалітай, тытул князёў Свяшчэннай Рымскай імперыі. Княжацкі тытул Сапегаў быў пацверджаны ў 1822 годзе ў Каралеўстве Польскім, у 1840 годзе — у Аўстрыі, у 1874 годзе — у Расіі. У Першую сусветную вайну Сапегі прэтэндавалі на трон Вялікага Княства Літоўскага, якое, як яны спадзяваліся, магло быць адроджана пасля магчымай перамогі Германіі.
Ружанскі палац
І ўсё ж Сапегі засталіся ў памяці як мецэнаты, якія будавалі палацы (у Ружанах, Дзярэчыне), дзе захоўвалі багатыя калекцыі твораў мастацтва, архівы. Іх тэатр у Дзярэчыне быў адным з лепшых у Рэчы Паспалітай. Бібліятэкі Сапегаў, што існавалі ў Слоніме, Ружанах, Дзярэчыне, Кодані, уяўлялі сабой другі па велічыні прыватны кнігазбор у Беларусі пасля бібліятэк Радзівілаў. Частка кніг была перададзена прадстаўнікамі роду Віленскай езуіцкай акадэміі, варшаўскаму Таварыству аматараў навук. Большасць кніг, што захаваліся, знаходзіцца ў Расійскай нацыянальнай бібліятэцы (Санкт-Пецярбург), у бібліятэках Вільнюскага і Варшаўскага універсітэтаў, а таксама ў іншых зборах.