Выйшаў новы выпуск гістарычнага серыяла «Сармат», прысвечанага шляхецкай культуры ў розных яе аспектах: як жылі, за што жылі, пра што думалі і марылі нашы продкі-шляхцічы.
Чаму дзецям у сем’ях шляхты надавалі так шмат увагі? Ці забаранялі маладым паненкам чытаць кнігі і сустракацца з хлопцамі? Ці была ўлада бацькоў абсалютнай? Вырвацца на свабоду: як і ў якім узросце? Як, згодна з часам, змянялася выхаванне эліты ў Рэчы Паспалітай?
Расказвае вядоўца праекта «Сармат», акцёр, рэжысёр, выкладчык гістарычнага фехтавання Васіль Калач.
РАСШЫФРОЎКА ВІДЭА
Школа «Мантэсоры»? «Педагагічная паэма» Макаранкі?.. Нашы продкі пра такое не ведалі. Можа — і добра, што не ведалі. Малы шляхцюк — будучы рыцар, спадкаемца гаспадаркі або палітык. Малая шляхцянка — будучая маці, гаспадыня.
Перада мной, недарма, дубцы (розгі), бо часам выхоўвалі сувора, але заўжды з думкай пра будучыню. Не толькі дзетак, але і ўсяго роду.
Але перада мной і пальцат — палка, якой вучылі біцца ў шаблі, бо заўсёды выхоўвалі ў гонары, і заўжды з думкай пра будучыню, не толькі роду, але і Айчыны.
Мяне завуць Васіль Калач. У праекце «Сармат» мы размаўляем пра шляхецкую культуру ў розных яе аспектах: як жылі, за што жылі, пра што думалі і марылі нашы продкі-шляхцічы. А сёння — пагаворым пра выхаванне.
Сям’я ў разуменні шляхты
«Чайлдфры» — гэта не пра шляхту. Вялікае гора, калі не маеш нашчадкаў, бо род згасне. Таму дзетак чакалі, асабліва хлопчыкаў. Былі родавыя імёны, якія давалі хлапцам-першынцам. На добрую ўдачу. У Радзівілаў, напрыклад, такім было імя Мікалай. Таму Мікалаяў Радзівілаў так шмат, а каб адрозніваць, для іх прыдумлялі мянушкі: Стары, Чорны, Руды, Сіротка і так далей.
Усё пачыналася з дома. Незалежна, ці гэта сядзіба ўбогай шляхты, ці палац магнатаў, дзе ўсё круцілася вакол статусу і амбіцыяў сям’і.
Надзвычай важным быў лад жыцця бацькі, бо менавіта ён вызначаў у доме ўсё.
Другі чалавек — мама.
Але ёсць момант: у 7-гадовым узросце хлапцоў у мамы забіралі, а пакідалі толькі дачок. Навошта? Каб не разбэсціўся хлопец.
Так, дарэчы, казалі пра Жыгімонта Аўгуста — што яго мамка сапсавала. І таму хлопчыкаў пасля сямі гадаваў бацька, дзядзькі ці наёмны настаўнік.
Выхаванне хлопчыкаў
Хлопца выхоўвалі як будучага рыцара. Таму — фізічнай падрыхтоўка, конная язда, стральба з лука і вагнепальнай зброі, танцы (настаўнік па танцах зваўся «скочак»).
Ну і шармерка — фехтаванне — канешне ж. Для пачатку не сапраўднай шабляй, але на пальцатах. Пальцаты суправаджалі хлопца і далей — у езуіцкім ці кальвінскім калегіуме: не толькі ж там маліцца.
А кніжкі? — спытаеце вы. Канешне. Калі бацька меў бібліятэку. Як не, то абмяжоўваліся граматай.
Шляхціч не можа не ўмець чытаць хаця б таму, што гаспадарка застанецца на яго, а гэта праца з дакументамі.
Малога вучылі граць у шахматы. Калі хлопец нейкім цудам абыгрываў бацьку — ну ўсё, дарога ў палітыку — на соймы і соймікі, рабіць кар’еру.
Выхаванне дзяўчынак
Дзяўчынку рыхтавалі найперш як жонку і гаспадыню. Таму ў XVI ст. дзяўчат нават не заўжды вучылі чытаць/пісаць — быў такі забабон, што навука можа сапсаваць дзяўчо. Але ў добрых сем’ях былі для дзяўчыны і мова, і кнігі, і танцы, і манеры — камплект.
Наогул за дзяўчатамі сачылі больш, чым за хлопцамі, бо баяліся, што вольналюбівае дзяўчо можа прынесці сям’і больш сораму, чым карысці. Таму лісты ці падарункі ад юнакоў, не кажучы пра сустрэчы — сувора забароненыя. Або пад жорсткім кантролем: напрыклад, старэйшых братоў.
Узрост паўналецця і вызваленне з-пад улады сям’і
Паводле Статуту ВКЛ, паўналецця дзяўчаты дасягалі ў 13 год. Хлопцы — у 18. Але з-пад улады сям’і канчаткова вызваляліся толькі калі ўступалі ў шлюб.
Ну і, канешне, усё ў сям’і вырашаў бацька.
Ён вызначаў, каму з кім жаніцца, выходзіць замуж, куды ехаць ці не ехаць вучыцца. Добры ці дрэнны — гэта аўтарытэт і прыклад. Таму — аніводнага дрэннага слова ў ягоны бок. Нават за стол першым сесці — нельга! Толькі павага і пашана, нават праз сілу.
Што такое парафіяльныя школы
Для дробнай шляхты існавалі парафіяльныя школы. Вучыліся там невялікімі групамі, узрост — ад 7 да 20 гадоў. Навучанне — восенню і зімой, калі няма працы ў полі.
Розніца, канешне, была: калі правінцыя — адно, а калі парафія ў Вільні, то і школа, і настаўнікі, і бібліятэка — адпаведныя. Быў моцны рэлігійны фактар у навучанні, так. Затое — можна было пазнаёміцца з Авідзіем, Вергіліем, Плутархам — адкрыць для сябе антычны свет. А яшчэ матэматыка, музыка, мовы, гісторыя, карыстанне календаром.
Для каго і якой была хатняя адукацыя
У заможных сем’ях быў папулярны фармат хатняй адукацыі. З настаўнікамі з Італіі, Францыі, Германіі, рознымі цётухнамі... Зрэшты, дзеткі пасля часта ўзгадвалі гэта як кашмар: царства дысцыпліны і несвабоды.
Выбар выхавацеляў быў не заўжды ўдалы. Адзін з мемуарыстаў XVIII ст. піша, што ў межах такой гіперапекі яму накладалі на лоб смаляныя пластыры, купленыя ў цырульніка француза — рабілі дэпіляцыю! Каб хлопчык, маўляў, рос прыгожы і з высокім ілбом. Оххх... спачуваю. Хутчэй бы ўжо вырвацца, бо — цесна. Але куды?
Куды вырвацца з дома
Гімназіі і калегіумы ў Вільні, Полацку, Кракаве — вось гэта іншы свет! Калегіумы былі не толькі езуіцкія, але і кальвінскія, лютэранскія, арыянскія. Арыянская школа ў Ракаве, напрыклад, была суперадукацыйным цэнтрам у першай палове XVII ст., туды ехалі з усёй Еўропы. Матэматыка, тэалогія, філалогія — шмат цікавага. Калегіумы езуітаў — таксама пра элітную адукацыю, але з перакосамі ў рэлігійны бок: малітвы, споведзі, удзел у набажэнствах. Нават калі вучнёўскія спектаклі — то на рэлігійную тэму.
Зрэшты, ці варта здзіўляцца? Каталіцтва ад XVII ст. было дзяржаўнай ідэалогіяй. Але не варта думаць, што ўсе, хто атрымліваў каталіцкую адукацыю, былі пабожнымі каталікамі. Выхаванцам езуітаў, як не дзіўна, быў шляхціч Багдан Хмяльніцкі, які пасля ваяваў з тымі, хто яго выхаваў. Таму рэлігія не заўжды фармавала асобу і лад жыцця вучня.
Ужо пазней, у сярэдзіне XVIIІ ст. паўстаў Collegium Nobilium піяраў. Гэта была куды больш свецкая ўстанова. Бо мы — Еўропа, а ў Еўропе надыходзіў час Асветніцтва. Тут упор ішоў на мовы, вайсковую муштру, конную язду, дакладныя навукі, логіку. Менш рэлігіі, больш патрыятызму. Калегіум рыхтаваў дзяржаўных дзеячаў новага кшталту. Шмат хто з выхаванцаў пасля апынуўся ў камандзе рэфарматараў Панятоўскага ці — паўстанцаў Касцюшкі.
Падарожніцтва як элемент выхавання
Для тых, хто папрасцей — у Вільню, Львоў, Кракаў. Гэта ўжо была фантастыка, калі ты ўпершыню вырваўся з сядзібы, дзе на падворку куры ходзяць. Для больш заможных — Рым, Парыж, Святая Зямля. Пазней Афрыка ці Новы Свет. Адзін з педагогаў XVII ст. Геранім Балінскі пісаў, што першае падарожжа мае быць у 12 гадоў. Праз 2–3 гады трэба вярнуцца ў бацькоўскі дом: наноў пазнаёміцца з сядзібай, глянуць свежым вокам. Пасля — зноўку з’ехаць у 15.
Недарма ўжо ў ХІХ ст. асобны блок шляхецкіх бібліятэк складалі «трэвэлінгі»: кнігі пра далёкія землі, гарады, акіяны.
Дзеткі спачатку чыталі Байрана або Жуль Верна, разглядалі альбомы з гравюрамі, літаграфіямі, вывучалі і — марылі! А калі шчасціла, то і ехалі. Мы абавязкова неяк зробім выпуск пра падарожжы і авантуры нашай шляхты, але не сёння.
Адукацыя: класічны набор прадметаў
Падсумоўваючы, скажам, што наша шляхта атрымлівала класічную адукацыю. Знаёмілася з традыцыямі Грэцыі і Рыма, бо шляхта акурат лічыла сябе духоўнымі нашчадкамі гэтых цывілізацыяў. Фармат патрыятызму, дэмакратыя — адтуль. Класічны набор: грэцкая мова і лаціна, філасофія, логіка, матэматыка, музыка, малюнак — усё гэта было дасяжна. Ну і галоўнае, спосаб прымаць рашэнні, гартаванне характару — усё гэта і рабіла эліту — элітай. Не толькі па нараджэнні, але па ўнутраных якасцях.
Папярэднія выпускі гістрачынага серыяла «Сармат» глядзіце па спасылцы.
Глядзіце гістарычны цыкл «Сармат», дзяліцеся ўражаннямі ў каментарах пад відэа, дасылайце нам свае прапановы і ідэі для наступных выпускаў на электронную пошту [email protected] або ў тэлеграм-бот @BudzmaSuviaz_Bot.
Новыя серыі відэапраекта «Сармат» будуць выходзіць на нашым ютуб-канале штопятніцу. Падпісвайцеся на канал, каб не прапусціць.
Калі вам падабаюцца нашыя відэапраекты і аўтарскія артыкулы, вы можаце падтрымаць рэдакцыю «Будзьмы», набыўшы нам кубачак кавы. Гэта дапаможа нам стварыць больш цікавых відэаролікаў і арыгінальных артыкулаў.