Паэму «Сарматыя» беларускай літаратаркі Марыі Мартысевіч сёлета пераклалі на польскую мову. У суседняй краіне яе выдалі кнігаю і прадставілі ў выглядзе тэатральна-музычнай пастаноўкі. Паэма, напісаная ў 2018 годзе ў выглядзе лістоў да «сястры», у 2022 прачытваецца ўжо інакш, піша @tetiaIra.
««Сарматыя» — твор, які жыве сваім жыццём, — кажа пра гэта аўтарка. — З ім нешта адбываецца таму, што гэтага хочуць людзі».
Кніга з паэмай «Сарматыя» Марыі Мартысевіч у перакладзе на польскую мову
Каханне. Эміграцыя. Лісты
Нагодаю для перакладу паэмы на польскую мову стаў запыт тэатра. Напрыканцы 2021 года рэжысёрка Паліна Дабравольская рыхтавала да пастаноўкі ва Ўроцлаве музычны монаспектакль паводле «Сарматыі». Зрабіць пераклад пагадзіўся паэт Багдан Задура. Паралельна выявілася, што паэма па-польску выдатна трапляе ў фармат серыі Inicjał выдавецтва Pogranicze. «Так што яно само неяк атрымалася», — робіць выснову паэтка.
Марыя Мартысевіч на прэзентацыі перакладу «Сарматыі». Вільня, жнівень 2022
Дзя яна — Сарматыя?
Сарматы — напаўміфічныя качэўнікі, апісаныя яшчэ Герадотам. Іх плямёны засялялі Паўночнае Прычарнамор’е ў ІІІ—IV ст. н. э. Праз тузін стагоддзяў ад іх пачала весці свой род шляхта Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, адмяжоўваючыся такім чынам ад сялянскага саслоўя.
«Сарматыя» — эпісталярная паэма, якая апісвае гісторыю кахання, што адбывалася невядома калі і невядома дзе. Беларусы пазнаюць у Сарматыі Беларусь, а палякі ўбачылі ў ёй Польшчу. Насамрэч, гэта не так і важна. Бо «Сарматыя» — гісторыя пра тое, што здараецца з людзьмі, якія наважыліся быць не падобнымі да іншых, у любыя часы і ў любой краіне.
За кнігу «Сарматыя» Марыя Мартысевіч атрымала прэміі «Кніга году 2018» і паэтычную прэмію імя Наталлі Арсенневай у 2019 годзе.
«СармаТЫ/Я» на сцэне — ад року да хіп-хопу
Рэжысёрка і акторка Паліна Дабравольская пабачыла ў «Сарматыі» трагічную гісторыю няздольнасці прыжыцца ў чужым свеце, эміграцыю і каханне, якое не прымае грамадства. Створаная ёй саўнд-драма спалучыла ў сабе беларускі фальклор з яркім візуальным шэрагам і сучасным музычным аздабленнем.
Паліна Дабравольская ў монаспектаклі «СармаТЫ/Я». Люблін, 2022. Крыніца фота: https://ck.lublin.pl/wydarzenie/sarmaty-ja-pl-by/
«Саўнддрама SarmaTyJa Паліны Дабравольскай — гэта магутнае шоў, дзе мой тэкст выконваецца то ў рок-версіі, то хіп-хопам, — распавядае Марыя Мартысевіч. — Тэкст твору, спалучаны з анімацыяй Юліі Рудзіцкай, атачае гледача на трох вялікіх экранах, як бы беручы яго ў палон. Калі б беларусы Еўропы маглі парэкамендаваць «Сарматыю» уладальнікам клубаў і канцэрт-колам гарадоў, дзе жывуць, я была б вельмі радая за Паліну».
Паліна Дабравольская ў монаспектаклі «СармаТЫ/Я». Люблін, 2022. Крыніца фота: https://ck.lublin.pl/wydarzenie/sarmaty-ja-pl-by/
«Май над Віліяй», які выпаў на жнівень
Пераклад паэмы на польскую Марыя прэзентавала ў Вільні, падчас фестывалю «Май над Віліяй». Гэта традыцыйны фестываль, які збірае аўтараў, што адраджаюць і захоўваюць польскую культуру Віленшчыны. У 2022 годзе, праз збег абставін, ён адбываўся ў жніўні. На прэзентацыю кнігі прыйшлі як удзельнікі фестывалю, так і беларусы Вільні, якія апынуліся ў Літве цягам апошніх двух гадоў.
Марыя Мартысевіч на прэзентацыі перакладу «Сарматыі». Вільня, жнівень 2022
«Я думаю, гэта была асаблівая аўдыторыя. Віленскім палякам вельмі добра знаёмая эстэтыка і ідэалогія шляхецкага сарматызму, з якой я іранізую, таму яны маглі належна ацаніць усё напісанае. Але ў арыгінале тэкст маёй паэмы ім не надта быў зразумелы. Пераклад Багдана Задуры змог наблізіць для іх паэтыку і сэнс вершаў».
Сястра — хто яна?
«Сарматыя» — эпісталярная паэма, напісаная як шэраг лістоў. Меркаваннем аўтаркі, такі прыём быў універсальным для еўрапейскай літаратуры, таму і ў польскім перакладзе таксама выглядае натуральна.
«Ужо напісаўшы і выдаўшы кнігу, я задумалася, адкуль узялася сястра як адрасатка», — кажа Марыя Мартысевіч. — Думаю, паўплываў сентыментальны тон раману «Франкенштэйн, або Сучасны Праметэй» Мэры Шэлі, які я ў тым годзе перачытвала ў беларускім перакладзе Марыны Дзергачовай. Там герой акурат піша лісты да сястры з халоднага краю».
Разварот кнігі з перакладам паэмы «Сарматыя» Марыі Мартысевіч на польскую мову