На паўночным захадзе Беларусі, ля самай мяжы з Літоўскай Рэспублікай размясцілася вёска Нача (Гродзенская вобл., Воранаўскі р-н.). Першыя пісьмовыя звесткі аб Начы адносяцца да 1517 года, але згодна з археалагічным даследаваннем вядомага беларускага археолага, выхадца Начы Вандаліна Шукевіча, першыя людзі тут пасяліліся 4-4.5 тысяч гадоў таму. Знойдзены стаянкі і могільнікі ва ўрочышчы Плітніца (1-2 ст. н.э.), Ланкішкі (6-8 ст., 12-16 ст.), ля вёсак Пузелі, Сабалюнцы. У ваколіцах вёскі знойдзена шмат свідраваных сякер, якія датуюцца 2-ой палавінай 3-га – пачаткам 1-га тысячагоддзя да н.э.
Існуе некалькі версій паходжання назвы. Адныя расказваюць легенду, што некалі праз гэтыя мясціны ішлі купцы. Дарога вяла праз пушчу, дзе ўладарылі бандыцкія шайкі, якія рабавалі купцоў, таму, падыходзячы да гэтага месца, купцы казалі: “Ну, началось!” альбо “Ну, начинается!”. Іншыя ж кажуць, што купцы скардзіліся не на бандытаў, а на дрэнныя дарогі ў гэтых мясцінах. Навукова версія сцвярджае, што яна мае паходжанне ад балцкага “nasus” – урадлівасць.
У 1517 годзе Нача – айчызная ўласнасць Венсела Станьковіча і Марціна Радзівілавіча, якую яны прадалі гаспадарскаму барыну Радунскага павета Шымку Міктавічу. У 1526 годзе маёнтак – уласнасць Януша і Марыі Касцевіч. Пасля смерці мужа Марыя заснавала тут парафію і пабудавала касцёл. Далей пасля 1559 года Нача належыла Кішкам і магнатам Радзівілам. З 1631 года заселена татарамі, нашчадкі якіх і па сённяшні дзень жывуць у суседняй вёсцы Некрашунцы. У 1690 годзе маёнтак – уласнасць лідскага архітэктара Людвіга Даўгірда. З 1795 года Нача была ў складзе Расійскай імперыі. У лютым 1863 года тут быў сфарміраваны паўстанцкі атрад пад кіраўніцтвам Людвіка Нарбута. У 1920-1922 гг. – у складзе сярэдняй Літвы, а затым у складзе Польшчы. З 1939 года Нача – ў складзе БССР, а з 1991 года, пасля атрымання незалежнасці,- у складзе Рэспублікі Беларусь.
Зараз насельніцтва вёскі (адпаведна перапісу 2004 года) налічвае прыкладна 444 чалавека, у вёсцы налічваецца 167 двароў. Працуюць 2 крамы, дзяржаўная і прыватная, касцёл, бібліятэка, Сельскі цэнтр нацыянальных культур, УА”НПК Нацкі дзіцячы сад-агульнаадукацыйная сярэдняя школа”, філіял “Беларусбанка”, Белпошта, фельчарска-акушэрскі пункт, пагранічны пост. З 2007 года адносіцца да Доцішскага сельскага савета.
Няхай Нача і невялікая вёсачка, але яна вельмі багатая на гістарычнае мінулае: помнікі архітэктуры, знакамітыя людзі, падзеі гістарычнай важнасці. Гонарам і адначасова візітоўкай вёскі з’яўляецца касцёл Успення Прасвятой Дзевы Марыі, якому ў гэтым годзе спаўняецца 100 год з дня пабудовы, а парафіі – 480 год з дня заснавання.
Парафія і касцёл у Начы ўзніклі ў снежні 1529 года. Заснавальніца парафіі – Марыя, удава па Янушу Касцевічу, з ваяводства Падляскага. Гэты касцёл служыў вернікам больш чым 200 год. Гэты касцёл быў зруйнаваны, а на яго месцы ў 1750 годзе ксяндзом Юзафам Кучэўскім быў пабудаваны новы касцёл, таксама драўляны. Ён меў тую ж даўжыню, што і папярэдні – 33 метры, шырыню – 18 метраў, быў закладзены пад прызывам Беззаганага Зачацця Прасвятой Дзевы Марыі, пакрыты і ашаляваны дошкай. У 1900-1910 гг новы цагляны касцёл, які зараз з’яўляецца гонарам вёскі.
У будынку школы знаходзіцца гістарычна-краязнаўчы музей імя Т. Остык-Нарбута. Адкрыты 17 лютага 2006 года. Заснаваны музей быў яшчэ ў 2000 годзе пры дапамозе вучняў і настаўнікаў. Спонсарскую дапамогу аказалі бацькі. Важны ўклад у стварэнне музея ўнёс мясцовы краязнаўца, былы настаўнік гісторыі Руль У.В., які перадаў музею кнігі, фотаздымкі, копіі прац, дапамог наладзіць сувязь з навукоўцамі, даваў слушныя парады ў падборы матэрыяла. На адкрыцці 17 лютага 2006 года прысутнічалі настаўнікі-ветэраны, дырэктары, якія кіравалі школай у розныя гады, дырэктары школ раёна, работнікі аддзела адукацыі, настаўнікі, вучні. Была прарэзана чырвоная стужка. Музей прыняў першых наведвальнікаў, экскурсію для якіх правялі вучні школы: Міклюкевіч І., Налівайка Ю., Язукевіч В., Янушкевіч В., Вайтоніс Л., Мікелевіч Н.
Музей размяшчаецца ў двух пакоях. У першым невялічкім пакоі створаны этнаграфічны куток, дзе змешчаны прадметы хатняга побыту, якімі карысталіся раней, нацыянальнае адзенне, вышыўкі мясцовых умеліц, саматканыя дываны і інш. У наступным пакоі знаходзяцца экспазіцыі “І няхай пакаленні помняць…”, “З гісторыі школы”, “Нашы славутыя землякі”, а таксама нядаўна была створана экспазіцыя “І вера,і вечнасць”, прысвечаная гісторыі Нацкай парафіі і касцёла.
З Начай звязаны імённы такіх знакамітых людзей як: Тэадор Остык-Нарбут (1784-1864 гг.), Людовік Нарбут(1830/1831-1863), Вандалін Аляксанадравіч Шукевіч (1852-1919гг), Міхаіл андрыёлі, М. Багушэвіч, Напалеон Орда і інш
Помнікі і будынкі Начы:
– Званіца з 1832 года, трывалая, трэць складаецца з каменя, а частка драўляная. У вышыню складае 12 аршынаў, а ў шырыню і даўжыню па 6 аршынаў.
– Жылы плябанны дом ад 1891 года, новы драўляны, пабудаваны з сасновага дрэва на каменным фундаменце, крыты гонтаю. У даўжыню 30 аршынаў, шырынёй 14 аршынаў, вышынёй у 4,5 аршына. З 1950 года ў ім у розныя гады размяшчаліся сельсавет, бальніца, садзік.
– Дом Людовы з 1932 года. Створаны для адпачынку моладзі. 3 1950 года аддадзены пад дом Культуры.
– Помнік паўстанцам 1863-1864 гг памерлым у баі ля в. Кавалькі. Знаходзіцца на пры касцельнай тэрыторыі.
– Магіла Тэадора Нарбута. Знаходзіцца на пры касцельнай тэрыторыі.
– Камень – на яго месцы раней стаяў стары касцёл, які знаходзіўся ў Начы да пабудовы цаглянага.
– Могілкі ксяндзоў Юрыя Готаўтта і Паўла Дабулевіча. Знаходзяцца на пры касцельнай тэрыторыі.
– Помнік загінуўшым у ВАв. Знаходзіцца ў цэнтры вёскі, на перасячэнні вуліц Леніна і 17 верасня.
– Капліца – радавое пахаванне Шукевічаў; гістарычны і архітэктурны помнік. Знаходзіцца прыкладна за 0.5 км на поўдзень ад вёскі. Уяўляе сабой прамавугольны будынак, накрыты двухсхільным дахам.
– Карчма – помнік народнай архітэктуры і побыту
– Пахаванне Арміі Краёвай. Знаходзіцца на нацкіх могілках.
Вось ужо каля 10 месяцаў ў сетцы інтэрнэта працуе персанальны сайт вёскі Нача. Яго адкрыццё было прымеркавана да сёлетніх юбілеяў. Таму што галоўная мэта яго стварэння – аб’яднаць усіх наччан, якія зараз знаходзяцца на вялікіх адлегласцях ад вёскі і адзін ад аднаго. Зараз, каб даведацца аб навінах вёскі і жыцці сваіх аднакласнікаў і аднавяскоўцаў, дастаткова будзе толькі зайсці ў інтэрнэт.
Ідэя ўзнікнення сайта выношвалася з часам. Выхадцам з вёскі захацелася, па-першае, узнавіць старыя школьныя сувязі ( а то параскідала ўсіх па свеце!), па-другое, расказаць усім навокал пра сваю невялікую па маштабах, але вельмі багатую на гісторыю Радзіму, і па-трэцяе, зараз гэта модна і прэстыжна – мець свой уласны сайт. Датай узнікнення вырашана лічыць першую суботу лютага, альбо “Вечар сустрэчы”.
На сайце прасочваюцца асноўныя падзеі вёскі, школы, Дома культурыЮ парафіі. Створаны рубрыкі “Нача гістарычная”, “Прыколы ад Куеля”, “Лёсы людзей”, “Тапонімы”, “Традыцыйная беларуская культура” і інш. Вывешваюцца фотарэпартажы.
Ідэя, стварэнне і абслугоўванне сайта – Янкоўскі Антон, Урублеўскі Віктар, Янушкевіч Вадзім.
Запрашаем усіх на старонкі нашага сайта! http://nacha.ucoz.org/