Доктар гістарычных навук, прафесар Алесь Краўцэвіч працягвае на ўласным YouTube-канале распавядаць пра малавядомыя факты з беларускай гісторыі.
Ці сапраўды быў заключаны саюз паміж князямі Ягайлам і Мамаем? Навошта магло спатрэбіцца гэтае пагадненне? Удзел войскаў ВКЛ у Кулікоўскай бітве — праўда ці гістарычны міф? Чым падобная вайсковая выправа магла быць карыснай Ягайлу? Шукаць адказы на пытанні адпраўляецца ў мінулае доктар гістарычных навук Алесь Краўцэвіч.
Расшфроўка відэа
Даволі часта ў літаратуры, як даведачнай, папулярнай, але таксама і ў навуковай можна сустрэць аповед пра саюз вялікага князя літоўскага Ягайлы з уладаром Белай Арды (заходняя частка Залатой Арды) беклярбекам Мамаем напярэдадні Кулікоўскай бітвы 1380 г.
Гэты аповед абапіраецца на вельмі адрывачныя, няпэўныя і неадназначныя звесткі, таму ён выклікае дыскусіі як пра характар саюзу, так і пра сам факт ягонага існавання, а менавіта, быў ён ці не. Найбольш падрабязнае яго апісанне ў «Аповесці пра Мамаева пабоішча» — літаратурным творы ці то з XV, ці то з XVI ст. Больш раннія летапісныя звесткі, паўтораныя ў некалькіх летапісах, атрымалі ў літаратуры назву «Летапісная аповесць пра Кулікоўскую бітву». У ёй канкрэтна гаворыцца: «Таксама сабраўся з Мамаем аднадумна і аднадушна і літоўскі князь Ягайла Альгердавіч з усімі сіламі літоўскімі і польскімі...» (згадка пра польскія сілы сведчыць пра пазнейшы запіс, калі Ягайла ўжо быў польскім каралём).
Сюжэт аповеду ў тым, што Ягайла ў пачатку верасня 1380 г. ішоў на падмогу Мамаю, аднак па невядомых прычынах спазніўся на Кулікоўскую бітву (пра прычыны «спазнення» маецца шмат версій, у тым ліку беларуская, маўляў, беларускія ваяры з дружыны Ягайлы не хацелі біцца з аднаверцамі маскоўцамі).
Акрамя публіцыстычных маскоўскіх твораў, прысвечаных Кулікоўскай бітве, інфармацыя пра намер злучэння войскаў Ягайлы і Мамая змешчаная ў цвярскім Рагожскім летапісе, створаным у XV ст. Незалежны ад Масквы цвярскі летапісец запісаў, што маскоўскі князь Дзмітры Іванавіч атрымаў данясенне: «повѣдаша ему Мамая за Дономъ собравшася, въ полѣ стояща и ждуща къ собѣ Ягайла на помощь, рати Литовскые». Гэтую звестку пра намер злучэння ліцвінскага войска з татарскім паўтарылі некаторыя беларуска-літоўскія летапісы, хоць агулам пра паход Ягайлы яны нічога не паведамляюць. Зусім нічога.
Калі сапраўды меў месца ўдзел войска Ягайлы ў антымаскоўскім татарскім паходзе, то гэта надавала вагі перамозе маскоўскага князя і падкрэслівала ягоны ваенны талент. Дзмітры Іванавіч нібыта дзейнічаў на апераджэнне, каб не дапусціць злучэння татарскага войска з ліцвінскім, выступіў насустрач Мамаю ў вярхоўі Дона і разграміў яго на Куліковым полі 8 верасня 1380 г. А Ягайла спалохаўся маскоўскай сілы і пайшоў дахаты. Дадаткова маецца яшчэ блытаная звестка з пазнейшых нямецкіх хронік пра тое, што ліцвіны абрабавалі абоз пераможцаў; блытаная таму, што бітва пры гэтым назваецца Сіняводскай (перамога Альгерда над татарамі адбылася на 18 гадоў раней у 1362 г.).
Няпэўнасць і адрывачнасць звестак крыніц выклікала ў даследчыкаў сумненне як у існаванні саюзу Ягайлы з Мамаем, так і намеру Ягайлы ўдзельнічаць у Кулікоўскай бітве.
Паводле крытэрыю палітычнай выгады маюцца аргументы як за, так і супраць татарска-ліцвінскага саюза. Ягайла мог быць патэнцыяльным саюзнікам Мамая, бо рыхтаваўся да расправы з Кейстутам і меў патрэбу ў забеспячэнні ўсходніх межаў дзяржавы ад татарскіх набегаў. З іншага боку, яму не патрэбна было ўзмацненне Мамая, бо саюз з ім, як і ўвогуле з татарамі, быў справай няпэўнай — сёння саюзнік, а заўтра ўжо прыйшоў з набегам.
Найлепшым рашэннем для Ягайлы было не ўмешвацца, чакаць, пакуль маскавіты з татарамі паб’юцца між сабой як з найбольшымі стратамі для абодвух бакоў. Для ягонай дзяржавы было выгодным захаванне пры ўсходняй мяжы дзвюх варожых між сабой сілаў.
Адсюль, калі нават і мела месца дамова Ягайлы з Мамаем, вялікаму князю не было сэнсу ўмешвацца ў бітву, і далейшае развіццё падзей паказала, што такое захаванне было аптымальным.
Мамай хоць і здолеў зноў сабраць войска, але пацярпеў паразу ад хана Сіняй (г.зн. усходняй) Арды Тахтамышам, сапраўдным Чынгізідам, і быў забіты. А Тахтамыш праз два гады зруйнаваў сталіцу пераможцы на Куліковым полі Дзмітрыя Данскога, які прадбачліва з Масквы выехаў, а потым выплаціў даніну хану. А Ягайла атрымаў час спакою пры ўсходняй мяжы і заняўся інтрыгай супраць Кейстута.