Неўміручыя нямецкія рокеры зноў далі жару ў «Мінск-арэне», прыехаўшы ў Беларусь з чарговым развітальным канцэртам.
За два гады, што прайшлі з папярэдняга выступу гурта ў Мінску, Scorpions выпусцілі альбом Comeblack, у якім на новы лад пераспявалі свае хіты 1960–1970-х, а таксама, як яны кажуць самі, па настойлівых просьбах слухачоў, вырашылі аднавіць гастрольны тур, што атрымаў назву The Final Sting.
Самыя гарачыя меламанскія абмеркаванні можна было пачуць перад канцэртам у аўтобусе №1, які быў дашчэнту забіты фанатамі гурта ды іх нецярплівым чаканнем хуткага шоу. Маладыя людзі разважалі пра тое, што вярнуцца на сцэну старычкоў змусіў эканамічны крызіс. Людзі старэйшыя аддаваліся настальгіі: «Я страшна любіў ставіць павольныя песні Скорпаў на дыскатэках у 80-я. Тады быў самы іх росквіт», – згадвае мужчына, павіснуўшы на парэнчах. «А вы што, дыджэй?» – спрабуе какетнічаць з ім жанчына, прыціснутая шчакой да шкла. – А я ўвогуле іх адданая фанатка з 30-гадовым стажам!» На канцэрт многія прыходзілі тандэмам дзяцей і маладжавых бацькоў, у якіх былі заўважныя прыкметы колішняга рокавага юнацтва.
Два гады таму Scorpions прыемна ўразілі гледачоў беларускамоўным прывітаннем. Гэтым разам паўтарыць яго яны чамусьці не пажадалі, звярнуўшыся да публікі па-руску. У астатнім з’яўленне куміраў на сцэне было ўсё такім жа эфектным – яны выйшлі з кампазіцыяй Sting in the Tail, адразу вывергнуўшыся на «Мінск-Арэну» гарачай лавай гуку. Далей музыкі распальвалі залу, не шкадуючы сябе. Саліст Клаўс Майнэ працінаў паветра сваім магутным вакалам. Паджары 64-гадовы Рудольф Шэнкер лётаў па сцэне, часам заміраючы і выдаючы экстазныя гітарныя рыфы. А напорысты гітарны сэт Маціяса Ябса, здавалася, зараз выкліча землятрус у зале.
Самая ўражвальная частка канцэрту – Kottack Attack – сольны выступ бубнача, амерыканца Джэймса Котака, галоўнага харызматыка гурта. Барабанная ўстаноўка разам з музыкам узнялася пад столю на спецыяльнай тумбе, і бубнач некалькі хвілін відовішчна дэманстраваў сваё майстэрства, падкідаючы палачкі і абліваючыся вадой. Ён адпіў глыток піва са шклянкі, у наступны момант яна паляцела ў нябёсы. «А!» – быццам штосьці раптам згадаўшы, ён лёгка ўскочыў на ўстаноўку, павярнуўся спінай да залы, дэманструючы надпіс Rock&Roll Forever, і тут жа агаліў спіну з такой жа татуіроўкай.
Гэта ўсё не пакідала раўнадушных. Каля сцэны на плячах у таты сядзеў хлопчык гадоў чатырох, які час ад часу няўклюдна складаў пальчыкі ў казу і трос светлымі курчавымі валосікамі.
Дзесьці ў сярэдзіне канцэрта Scorpions ненадоўга сцішылі тэмпературу, праспяваўшы некалькі сваіх вядомых рокавых баладаў. І ўжо, здавалася, яны не вернуцца да таго высокага градусу, які ўзялі спачатку. Але насамрэч усё толькі пачыналася, музыкі выкладваліся напоўніцу.
Выхад на біс быў традыцыйным – не абышлося без чаканых хітоў (Wind of Change сярод іх, вядома), а напаследак музыкі, бы кормячы хлебам качак у гарадскім парку, як заўжды, кінулі ў залу жменю медыятараў і барабанных палачак. У адказ на гэта з фанзоны да іх выйшаў плюшавы сабачка, якога гітарыст Маціяс Ябс адразу пяшчотна пасадзіў сабе на скураное калена.
фота – Аляксандр Ждановіч,
тэкст – Аляксандра Дорская