Што радніць нашы музеі з “Макдональдсам” і каму патрэбныя “пернікавыя домікі” замест прафесійнай кансервацыі гістарычных слаёў? Гісторык, культурны антраполаг і выкладчык ЕГУ Сцяпан Стурэйка разважае пра прычыны адтоку музейных кадраў, асаблівасці рэстаўрацыі Старога замка і балючыя месцы архітэктурнай спадчыны Гродна.
– Гэта агульная праблема крызісу сферы культуры ў нашай краіне. Асабліва ў кантэксце рэканструкцыі Старога замка. З аднаго боку, звальненне супрацоўнікаў па ўласным жаданні, з другога – аднаўленне замка. Гэтыя дзве тэмы, якія цыркулююць цяпер у СМІ, на мой погляд, выключаюць адзін аднаго.
Часцей за ўсё, калі кажуць аб аднаўленні замка, абмяркоўваюць архітэктурны праект, аднаўленне сцен. Але замак – гэта ж не сцены, а, у першую чаргу, музей. І як раз тут – вялікае “прасяданне”. Калі праекты аднаўлення замка хоць неяк абмяркоўваюцца, прасоўваюцца, ідуць дыскусіі архітэктараў, вылучаюцца хай невялікія, але грошы, то пра распрацоўку канцэпцыі будучага музея ў абноўленым будынку наогул нічога не чуваць. Але ж яна важнейшая за сцены! Нічога не робіцца, і я бачу ў гэтым вялікую праблему.
Я кантактаваў і кантактую з супрацоўнікамі музея, і многія з іх, сапраўды, настроены на звальненне і знаходзяцца ў бядотным матэрыяльным становішчы. Іх заробкі растуць не так хутка, як цэны ў крамах. І тое, што супрацоўнікі звальняюцца, – вельмі дрэнны знак.
– 19 заяў па ўласным жаданні – катастрофа для музея і ўжо тэндэнцыя для музейнай сферы Беларусі. Хто запоўніць гэтую нішу?
– Я не знаёмы з усімі гэтымі супрацоўнікамі, але мяркую, што большасць з іх – маладыя спецыялісты, якія адпрацавалі па размеркаванні. Зараз у бюджэтных культурных арганізацыях “цякучка” кадраў параўнальная з “Макдональдсам”. Людзі прыбываюць і адразу сыходзяць, таму што працаваць там бесперспектыўна.
Праз год будзе новы выпуск гродзенскага гістфаку, а, дакладней, яго рэшткаў, вось і будуць размяркоўваць маладых спецыялістаў па музеях. У любым выпадку, размеркавацца ў Стары замак у Гродне лепш, чым у якую-небудзь вёску. Гэта значыць, замяніць супрацоўнікаў будзе кім, але іншае пытанне – прафесіяналізм. Гэта таксама сур’ёзна перашкаджае распрацоўцы канцэпцыі новага музея ў Старым замку.
Нёман цячэ не ў той бок
– Замак уключаны ў дзяржпраграму “Замкі Беларусі” на 2012-2018 гады. Што будзе ўяўляць з сябе гэтая рэстаўрацыя – лубок, як было ў Міры, або кансервацыю, як у Еўропе?
– Безумоўна, замак уключаны ў праграму, шмат гадоў таму грамадскасці быў прадстаўлены праект архітэктара Уладзіміра Бачкова. Праект распрацоўваўся яшчэ ў канцы 80-х, і ён зараз змяняецца, дапрацоўваецца, і што будзе ўяўляць з сябе ў выніку, пакуль цяжка сказаць. Асабіста маё меркаванне, што гэты праект, з метадалагічнага пункту гледжання, з пункту гледжання сучаснай тэорыі рэстаўрацыі спадчыны, трохі састарэў. Ён прадугледжвае стварэнне гістарычнага вобраза замка ў большай ступені, чым экспанавання яго гістарычных слаёў.
Гэта значыць, новы вобраз – замак караля Стэфана Баторыя – будзе нагадваць замак Папялушкі ў Дыснэйлэндзе. Замест таго, каб карэктна паказаць усе сляды гісторыі гэтага замка, як ён выглядаў у розныя перыяды часу, будзе створаны адзіны вобраз.
Прычым, асноўнай іканаграфічнай крыніцай праекта з’яўляецца гравюра Макоўскага 1612 года – вельмі маленькі малюнак замка, памерам літаральна з пачак запалак. І мастак памыліўся ў тым, як цячэ Нёман. Так што ўжо казаць, ці мог ён памыліцца ў тым, як выглядае замак? Між тым, гэта з’яўляецца асноўнай іканаграфічнай крыніцай для рэстаўрацыі.
Таму тут занадта шмат пытанняў. Я б аддаў перавагу не аднаўленню цэлага вобраза, а экспанаванню гістарычных пластоў, частка якіх да гэтага часу схаваная. Гэта больш прафесійны, сучасны падыход да рэстаўрацыі. Але пакуль праект толькі адзін. І, паўтаруся, ён тычыцца сцен.
А вось экспазіцыя, ідэнтычнасць музея, яго пасланне – гэта пакуль не распрацоўваецца і, па-мойму, няма нават выразных праектаў.
Старая экспазіцыя была створана ў 70-я гады, яна маральна і фізічна састарэла. Яе трэба не проста абнаўляць, а ствараць зноў. Адносна кошту рэстаўрацыі ўсяго замка сума на перастварэнне экспазіцыі – параўнальна невялікая. Але важнасць экспазіцыя мае не меншую, а нават большую, чым рэстаўрацыя сцен і вонкавага аблічча будынка.
Калі мы хочам атрымаць якасную экспазіцыю, ужо цяпер трэба яе праектаваць, праводзіць грамадскае абмеркаванне, прыцягваць спецыялістаў, працаваць над ёй на 100%.
Лямус, кірха, сінагога і купецкі дом
– Якая агульная сітуацыя з захаваннем архітэктурнай спадчыны ў Гродне? Якія помнікі архітэктуры ў найгоршым стане?
– Ёсць як пазітыўныя, так і негатыўныя бакі. Сказаць пра гэта ў двух словах будзе празмерным спрашчэннем. У самым сумным становішчы – гэта і лямус XVIII стагоддзя, драўляны будынак, і спыненая рэстаўрацыя гродзенскай кірхі, сродкі на якую нечакана скончыліся у абшчыны, гэта і шэраг закінутых будынкаў у цэнтры горада… У некаторых з будынкаў працы і не пачыналіся. А, напрыклад, распачатую ў 2006 годзе рэстаўрацыю дома купца Мураўёва да гэтага часу не могуць давесці да канца, праламваюцца дзвярныя праёмы будынка…
З іншага боку, ёсць і пазітыў. Паступова будынкі ўводзяцца ў гаспадарчы абарот, з’яўляюцца кавярні, новыя элементы дэкору. Напрыклад, нядаўна да фестывалю культур быў пастаўлены памятны знак на месцы знесенай Фары Вітаўта. Усё ж такі, пачалася рэстаўрацыя кірхі, літаральна ў канцы мінулага года, а да гэтага яе вельмі доўга чакалі.Працягваецца рэстаўрацыя сінагогі і Брыгіцкага касцёла. Усё гэта, вядома, сіламі абшчын. Роля дзяржавы тут таксама ёсць, але галоўнае, што рэстаўрацыя патрэбна тым, хто помнікам рэальна карыстаецца.
Вярнуць рэстаўрацыйныя майстэрні
– Што б вы хацелі змяніць у палітыцы гарадскіх уладаў датычна гістарычнай спадчыны?
– Гэта таксама даволі шырокае пытанне. Асабіста мне не хапае пастаянна дзеючых інстытуцый: адраджэння рэстаўрацыйных майстэрняў, якія маглі б пастаянна займацца рэстаўрацыяй, такой установы, якая б засяроджвала асноўную гаспадарчую дзейнасць на рэстаўрацыі архітэктурнай спадчыны горада.
На інтэлектуальным узроўні не хапае пастаянна дзеючага навукова-метадычнага семінара, дзе маглі б выступаць гісторыкі, архітэктары, грамадскія актывісты і ўзгадняць пазіцыі ў асэнсаванні гарадскога асяроддзя, інтэрпрэтацыі помнікаў і гэтак далей. Гэта значыць, востра не хапае публічнай інтэлектуальнай дзейнасці.
І, безумоўна, рэстаўрацыяй не павінны займацца хай нават ужо дасведчаныя людзі, але ўсё яшчэ не спецыялісты ў гэтай сферы. Што ўжо казаць, калі ў праекце Каложскай царквы, апублікаваным некалькі гадоў таму, прадугледжвалася ўстаноўка цёплай падлогі. У царкве XII стагоддзя…
Мне здаецца, “Гроднаграмадзянпраекту”, які ажыццяўляе большасць работ у гістарычным цэнтры горада, не хапае кваліфікацыі. Хоць там ёсць і вельмі адукаваныя спецыялісты, але не хапае асобнага прадпрыемства, якое б займалася рэстаўрацыяй. Рэстаўрацыйныя майстэрні былі, але іх зачынілі ў пачатку 2000-х. І ёсць прыклады добрага падыходу да аб’ектаў у Гродне: напрыклад, Савецкая, 1 – палац Сангушкаў, рэстаран “Стары лямус”, кавярня “Раскоша” з шыкоўна раскрытымі і праэкспанаванымі сутарэннямі, з добрым інтэр’ерам, над якім працавалі, у тым ліку, і рэстаўратары. У прынцыпе, могуць, калі хочуць. Але якасная праца не пастаўлена на паток, таму што няма спецыялізаваных устаноў прафесійнай рэстаўрацыі.
І, вядома, надзвычай важна наладзіць у быццам бы каралеўскім горадзе нармальную атмасферу ў інтэлектуальным асяроддзі, спыніць звальненні яркіх гісторыкаў, даць зялёнае святло незлічоным грамадскім ініцыятывам. У любым горадзе галоўнае – гэта людзі, значыць, у гістарычным горадзе – гісторыкі! А яны пакуль у няміласці.
Тэгі: Гродна