Беларускія навукоўцы аднавілі знешні выгляд шахцёра, які жыў на тэрыторыі сучаснай Беларусі каля 4,5 тысячы гадоў таму. Гэтая праца стала часткай маштабнага даследчага праекта «Насельніцтва Беларусі. Альбом у тварах — погляд у мінулае», прэзентацыя якога адбылася ў Мінску, паведамляе БелТА.

Выданне падрыхтавалі спецыялісты Інстытута гісторыі НАН Беларусі сумесна з навукоўцамі Інстытута этналогіі і антрапалогіі Расійскай акадэміі навук. Выданне ўяўляе сабой фундаментальную працу па антрапалогіі насельніцтва беларускіх земляў і змяшчае шырокі навуковы і ілюстрацыйны матэрыял.
Паводле слоў дырэктара Інстытута гісторыі Вадзіма Лакізы, навукоўцамі праводзіліся даследаванні многіх аб’ектаў, у першую чаргу пахавальных комплексаў. Пры дапамозе адмысловых аналізаў касцяных рэштак і чэрапоў атрымалася зразумець, якім быў нешні выгляд людзей ад каменнага веку да позняга Сярэднявечча і ранняга Новага часу. У кнізе паказаны рэканструяваныя вобразы 26 чалавек з 23 археалагічных помнікаў па ўсёй Беларусі з розных гістарычных перыядаў.
Як паведаміў Вадзім Лакіза, у Ваўкавыскім раёне ёсць унікальны аб’ект, дзе быў знойдзены старажытны чэрап і касцяныя матэрыялы шахцёра, які жыў 4,5 тыс. гадоў таму і працаваў на тэрыторыі Краснасельскіх крэмнездабыўных шахт. Скульптар раней зрабіў бюст гэтага шахцёра, а зараз, дзякуючы новым дадзеным зроблена рэканструкцыя яго знешняга выгляду. Адноўлены вобраз плануюць выкарыстоўваць для музеефікацыі археалагічнага комплексу.
Навукоўцы аднавілі таксама аблічча жыхароў розных рэгіёнаў і эпох: селяніна з Палесся, жанчыны з паселішча на рацэ Менка, жыхароў верхняга цячэння Бярэзіны, а таксама жанчыны з сярэднявечнай вёскі ў Дзятлаўскім раёне. Там быў знойдзены могільнік XIII–XIV стагоддзяў з добра захаванымі касцянымі парэшткамі.

Даследаванні праводзіліся і на хрысціянскіх могілках у Бялынічах, якія дзейнічалі з канца XVI да XIX стагоддзя. Дзякуючы сучасным тэхналогіям атрымалася аднавіць не толькі знешнасць мужчын і жанчын, пахаваных на гэтых могілках, але і прыкладны выгляд іх адзення. Таксама быў рэканструяваны знешні выгляд людзей, што жылі калісьці ў Нясвіжы.

Пачата праца па напаўненні новымі матэрыяламі і перавыданню кнігі. Таксама у планах падрыхтоўка асобных навукова-папулярных выданняў аб насельніцтве Гродзенскай вобласці, Віцебшчыны і іншых рэгіёнаў.