Беларуска Марыя Грыц, якая жыве ў Польшчы, рэалізуе праект па стварэнні ювелірнай рэплікі крыжа Сафіі Менскай. Гэты артэфакт XII стагоддзя захоўваецца ў Нацыянальным музеі Даніі. Працэс аднаўлення ўключае збор ахвяраванняў, працу з золатам і эмаллю, а таксама падрыхтоўку воднай экспедыцыі ў Капенгаген. Падрабязнасцямі праекта Марыя Грыц падзялілася ў размове з Budzma.org.
Марыя Грыц. Фота з асабістага архіва
Першае знаёмства з арыгіналам адбылося ў 2024 годзе ў Капенгагене. Марыя Грыц наведала музей, каб убачыць крыж, які належаў каралеве Сафіі Менскай.
«Напраўду гэта не была нейкая такая вялікая падзея для мяне. Калі мне сказалі: «Мы зараз цябе адвядзем у музей і там крыж, хутчэй за ўсё Сафіі Менскай», я ішла туды і трошачку хвалявалася. А калі я яго пабачыла... Гэтаму крыжу амаль 1000 гадоў, і час яго не шкадаваў. Ён выглядае сумна, стаміўся. 200 гадоў ён праляжаў у магіле, — распавяла Марыя. — Ён уражвае сваёй гісторыяй, але не сваім знешнім выглядам. Калі я яго пабачыла, гэта было нават трошачку расчараванне. Я думала, што ювелірны выраб — гэта штосьці бліскучае, прыгожае, рознакаляровае. А ён проста ёсць. І тады я падумала, што класна было б пабачыць яго такім, як ён быў першапачаткова».

Сафія Менская, уяўная выява
Марыя распавяла, што арыгінал выкананы з выкарыстаннем сярэднявечных тэхналогій, якія патрабавалі высокай дакладнасці. Ідэя аднаўлення ўзнікла з жадання ўбачыць, як гэты прадмет выглядаў у свой час, калі быў новым і поўным колераў.

Самы матэрыяльны, бачны сёння «след» Сафіі ў Даніі, апроч магілы ў саборы ў Рынгстэдзе, — гэта маленькі залаты крыж, які датчане ведаюць як крыж Дагмары
Калі Марыя Грыц пачала вывучаць рэплікі, зробленыя раней, уражанне змянілася. Яе здзівіла, што ў XII стагоддзі, калі з інструментаў былі фактычна толькі рукі і «штосьці падобнае на лупу», людзі маглі ствараць настолькі складаныя і тонкія творы ювелірнага мастацтва.
Марыя падкрэсліла, што арыгінал крыжа можна пабачыць у музеі. Але калі паглыбіцца ў тэму, становіцца відавочна: крыж Сафіі — не адзіны ў сваім родзе. У тыя часы існавала традыцыя вырабу падобных крыжоў, і нават у Гродне знаходзілі крыжы з падобнымі абрысамі. Гэта адкрывае шырокае поле для далейшых даследаванняў і параўнанняў.
«Мне вельмі захацелася пабачыць, як гэта было», — тлумачыць яна. Калі стала вядома, што ёсць майстры, здольныя аднавіць крыж з выкарыстаннем тэхнік, набліжаных да XII стагоддзя, ідэя набыла канкрэтную форму. Паводле задумы, арыгінал застанецца ў Капенгагене, а ў музеі Вольнай Беларусі можна будзе пабачыць рэпліку — вобраз таго, як крыж магла бачыць княжна Сафія.
Для Марыі гэта не толькі пра форму, але і пра змест. Яна кажа, што хоча распавядаць людзям пра тое, што ў беларускай гісторыі ёсць такія перліны — і гістарычныя, і мастацкія. Гісторыя Сафіі Менскай для яе выглядае як сапраўдны гістарычны дэтэктыў, які варты ўвагі і далейшага асэнсавання.

Сафія Менская, рэканструкцыя галавы
Падчас краўдфандынгу крыж Сафіі Менскай параўноўваюць з крыжом Еўфрасінні Полацкай. Але, паводле Марыі, гэтыя артэфакты мелі розныя функцыі. Акрамя таго, сваю ролю адыграў і «маркетынг» гісторыі.
Крыж Сафіі стаў культавым прадметам для Даніі, а для Беларусі такое значэнне мае крыж Еўфрасінні.
Яна адзначае, што ў падручніках па гісторыі мы бачым пераважна адзін і той жа вобраз, у той час як іншыя ўнікальныя рэчы, напрыклад, Тураўскія каменныя крыжы, застаюцца менш вядомымі. Гісторыя крыжа Сафіі Менскай, на яе думку, толькі пачынаецца.
Марыя Грыц узгадала размову з даследчыцай, якая параўноўвала крыж Сафіі і крыж Еўфрасінні. Яе ўразіла маштабнасць навуковай працы і тое, што ідэя сувязі крыжа з Усходняй Еўропай узнікла яшчэ ў 1970-х гадах у дацкай даследчыцы — тагачаснай дырэктаркі Нацыянальнага гістарычнага музея Даніі.
За савецкім часам такія даследаванні былі фактычна немагчымымі. Сёння ж з’яўляецца шанец не толькі працягнуць навуковую дыскусію, але і заахвоціць да яе гісторыкаў.
Для Марыі важна, каб гэтая гісторыя гучала ў абодвух кантэкстах — і беларускім, і дацкім.
Ювеліра, які ўзяўся за працу, Марыя Грыц знайшла ў Літве. Паводле яе слоў, ён паставіўся да задачы максімальна адказна, кансультаваўся з калегамі і вызначаў, якія працэсы можна паўтарыць сёння, а дзе давядзецца прыняць кампраміс з сучаснымі тэхналогіямі. Праца будзе ручной, без станкоў, бо майстар сказаў, што «аўра праекта не прадугледжвае станок».
Крыж Сафіі — гэта медальён. У адрозненне ад вялікага крыжа Еўфрасінні Полацкай, яго насілі на сабе, часта з мошчамі святых унутры. Тэхніка перагародкавай эмалі прадугледжвае стварэнне тонкіх перагародачак, у якія закладаецца эмаль і па чарзе запякаецца ў печы. Потым паверхню счышчаюць, каб атрымаць роўны і завершаны выраб.

Так можа выглядаць рэпліка. Такім бачылі Крыж нашыя князі ў XII стагоддзі і такім яго можам пабачыць мы і нашыя нашчадкі
Марыя Грыц падкрэслівае, што гэты праект не пра змаганне. Яна згадвае словы Уладзіміра Караткевіча пра «нечаканае» і лічыць, што культура не можа чакаць ідэальнага моманту. «Не бывае такога дня, калі мы ўсё пераможам і толькі потым возьмемся за культуру», — кажа Марыя.
На яе думку, культура — гэта назапашванне. Калі кожны ўкладае хаця б крышку, утвараецца ланцуг, які ўжо немагчыма разарваць. Менавіта таму збор сродкаў на крыж існуе не замест іншых ініцыятыў, а побач з імі.
Марыя Грыц «шчаслівая», што вакол постаці Сафіі Менскай і самога крыжа пачаліся гістарычныя спрэчкі.
«Я шчаслівая, што ёсць такія спрэчкі. Што ў нас ёсць хоць якія спрэчкі не пра Ціханоўскую, не пра Ціханоўскага, увогуле без палітыкаў! Гэта так класна, што нарэшце мы можам штосьці яшчэ абмяркоўваць. Таму што, ну, не гэтай парай адзінай мусіць напаўняцца наша жыццё. Увогуле класна было б, каб яны не займалі столькі месца. Таму, гэта вельмі здорава, вельмі класна. І я вельмі ўсцешаная, калі людзі гатовыя да дыялогу, да абмеркавання, да нейкай публічнай дыскусіі».
У будучыні Марыя плануе публічнае абмеркаванне з удзелам беларускіх і дацкіх гісторыкаў, дзе кожны бок зможа агучыць свае аргументы.
Фінальная мэта праекта — зрабіць крыж максімальна публічным. Яго плануюць размясціць у Музеі Вольнай Беларусі ў Варшаве, паказваць на розных імпрэзах, выставах, у межах ініцыятывы «Лятучы музей». Марыя лічыць, што праз крыж можна распавядаць пра маштабныя падарожжы майстроў XII стагоддзя, пра ювелірнае мастацтва, пра ролю жанчын у хрысціянскай традыцыі і пра еўрапейскі кантэкст беларускай гісторыі.
«Мы размаўлялі з Цімохам Акудовічам, ці можа ён не толькі пра здабыткі мецэнатаў распавядаць, як напрыклад пра мапу Радзівілаў, з якой ён ездзіў па розных месцах і распавядаў пра яе. А яшчэ і пра крыж. Ён сказаў, што так».
Пасля закрыцця збору пачнецца лагістыка падарожжа ў Капенгаген.
«Мы правядзём культурніцкую экспедыцыю ў Данію, каб нагадаць свету і сабе самім, што беларускасць — еўрапейская традыцыя, глыбіня і ўнікальнасць», — кажа Марыя.
З Капенгагена, паводле задумы, і стартуе публічны шлях беларускай рэплікі крыжа Сафіі Менскай. Марыя Грыц не хавае, што план можа мяняцца, бо праект расце і да яго далучаецца ўсё больш людзей.
Антон Шаранкевіч, Budzma.org