«Гэтую агрэсію ня спыніш перамовамі. Вайну не пагасіш, кідаючы ў ейны агонь усялякія саступкі — мяккія фармулёўкі, украінскія тэрыторыі, зьняцьце санкцыяў. Наадварот. Ад усяго гэтага монстр вайны будзе павялічвацца». Лявон Вольскі разважае пра няўдалыя перамовы ў ЗША аб сканчэнні вайны ва Украіне, а таксама пра тое, дзе мяжа цярпення беларусаў і хто нам можа дапамагчы ў сённяшняй сітуацыі.
Лявон Вольскі
Гэта было даўно. Хутка ўжо міне пяць гадоў з таго часу. Беларусы беглі, уцякалі са сваёй краіны. Ратаваліся ад турмы, ад сьмерці, ад небясьпекі. Беларусаў гасьцінна прыймалі іншыя краіны Эўропы — Польшча, Украіна, Славаччына, Літва, Нямеччына... Беларусы пачыналі новае жыцьцё, спадзеючыся, што вось празь месяц (ну добра, год, два) невыносны абсурд у іхнай краіне скончыцца, і ўсе вернуцца дадому.
Хтосьці бег туды, дзе бліжэй — адлегласьць, мова, культура. Найбліжэйшай у гэтым сэнсе была Ўкраіна.
Для беларускамоўных украінская мова не была чужою, бо ўжо з 2014-га яны чыталі, глядзелі навіны па-ўкраінску, слухалі блёгераў. Таму для іх пачаць размаўляць на ўраінскай мове не было цяжка. Для расейскамоўных было яшчэ лягчэй — ва Ўкраіне разумелі па-расейску, дзе-нідзе самі на ёй размаўлялі. Уладкавацца на працу расейскамоўным было там ня цяжка — ніхто не прымушаў абавязкова вучыць украінскую — ну, пажадана валодаць, а там — як ужо пойдзе.
І вось на Ўкраіну нападае Расея. У тым ліку, як вы ведаеце, выкарыстоўваючы беларускую тэрыторыю. Як пляцдарм для войскаў. Для шпіталёў. Для тэхнікі.
Стаўленьне да беларусаў у сьвеце зьмяняецца. Раней гэта быў народ, што пакутуе ад доўгатэрміновай дыктатуры і вымушаны ад яе ратавацца. Цяпер гэта народ-суагрэсар, які дапамагае крамлёўскаму монстру захапіць Украіну.
Гэтае «новае стаўленьне» адчулі на сабе ўсе беларусы за мяжой. Пачалі згортвацца праграмы дапамогі — чаго дапамагаць прадстаўнікам дзяржавы-суагрэсара? І можна было колькі хочаш даказваць, што ты супраць вайны і дыктатуры, і ўжо шмат гадоў, але вельмі цяжка, амаль немагчыма змагацца са стэрэатыпамі. А стары стэрэатып зьмяніўся на новы. І гэты новы — далёка не станоўчы, мяккі й пухнаты.
Што ўжо казаць пра беларусаў, якія абралі для новага жыцьця Ўкраіну! Ім давялося масава бегчы адтуль — прыхапіўшы толькі самае неабходнае.
Чакалі, што скончыцца абсурд на радзіме, а прычакалі новага абсурду — вайны ва Ўкраіне.
Раней казалі: у новай вайне не спатрэбяцца танкі, пяхота і артылерыя. Гэта будзе змаганьне тэхналёгіяў. Але высьветлілася, што ўсё ня так. За сто гадоў ад папярэдняе вайны мала што зьмянілася, і зноў расейскія камандзіры звыкла пасылаюць «на забой» дзясяткі тысячаў сваіх жаўнераў, каб скарыстаць «перавагу ў жывой сіле і тэхніцы».
Цяпер беларусы пачалі спадзявацца на перамогу Ўкраіны. Маўляў, яна пераможа, Расея разваліцца, і Беларусь вызваліцца.
Тым болей, што ўвесь сьвет дапамагае Ўкраіне. Уся Эўропа. І Злучаныя Штаты. Як у Другую Сусьветную.
Пачакай, але вось Вугоршчына нешта ня надта дапамагае.
І Славаччына.
І аўстрыйскі ўрад мармыча пра расейскі газ.
А Злучаныя Штаты? А яны зьнянацку робяць элегантны разварот, і вось ужо прадстаўнікі ЗША ў ААН прапануюць не называць Расею «краінай-агрэсарам», бо навошта так рэзка? Давайце зьмягчым выразы. «Ня трэба злаваць дзеда», памятаеце? Ну, вось. Скажаце: чарговы абсурд? А для кагосьці гэта — рэальная палітыка.
А потым Злучаныя Штаты праводзяць кулюарныя перамовы з расейскімі прадстаўнікамі (не запрасіўшы туды прадстаўнікоў Украіны), і ніхто ня ведае канкрэтных вынікаў гэтых перамоваў.
А потым у Вашынгтон прылятае Зяленскі. І зь ім ужо ніхто не вядзе кулюарных перамоваў — наадварот, усё, чамусьці, адбываецца ў жывым этэры (хіба так прынята ў міжнароднай перамоўнай практыцы?), і тон размовы такі: «два стараслужачыя размаўляюць з салабонам». Ці «дырэктар і ягоны намесьнік выклікалі на дыван мэнэджэра».
Ясна, што ўсё зрываецца, бо Зяленскі не салабон і ня мэнэджэр, а кіраўнік дзяржавы, якая знаходзіцца ў стане вайны з суседам-монстрам вось ужо чацьверты год. І супрацьстаіць агрэсіі.
Гэтую агрэсію ня спыніш перамовамі. Вайну не пагасіш, кідаючы ў ейны агонь усялякія саступкі — мяккія фармулёўкі, украінскія тэрыторыі, зьняцьце санкцыяў. Наадварот. Ад усяго гэтага монстр вайны будзе павялічвацца, расьці, прагнуць новых і новых ахвяраў...
Малюнак Лявона Вольскага
Гавораць: беларусы памяркоўныя-рахманыя, але, калі ўжо насамрэч прыпячэ... Дзе ж гэтая мяжа прыпёку? Тых, хто ў краіне, максымальна прыціснулі, нельга нават піскнуць. Тыя, хто зьехаў, ліхаманкава перабіраюць варыянты: ехаць куды далей ці ўжо заставацца тут (у Польшчы, Літве, Нямеччыне), хаця сюды можа заўтра прыйсьці вайна?
Няма на каго спадзявацца. Не дапаможа ані Банапарт-вызвольнік, ані кайзэр Вільгельм, ані савет па справах нацыянальнасьцяў, ані нямецкая акупацыйная адміністрацыя, ані савецкі жаўнер, ані заакіянская дэмакратыя, ані Ўкраінская перамога.
Толькі мы самі. Гэта трэба зразумець. І гэтым трэба займацца. Неадкладна.
Лявон Вольскі, Budzma.org