За 10 гадоў колькасць школьнікаў, якія навучаюцца на беларускай мове, знізілася на 34,4%, паведамляе «Позірк» са спасылкай на даныя Нацыянальнага статыстычнага камітэта.
У цэлым па краіне на беларускай мове на канец 2014-га вучылася 135.523 школьнікаў, а на канец 2024 - усяго 88.885. Колькасць навучэнцаў на рускай мове наадварот павялічылася на 22,6% (з 808.293 да 991.274).
Падручнікі. Фота: adukar.com
У рэгіянальным разрэзе сітуацыя наступная:
Брэсцкая вобласць: на беларускай мове зніжэнне на 30,7 працэнта (з 32.425 да 22.479), на рускай павелічэнне на 17,9 працэнта (з 126.400 да 149.018);
Віцебская вобласць: −59,1% (з 13.112 да 5.366) і +14% (з 96.173 да 109.639) адпаведна;
Гомельская вобласць: −37,2% (з 18.567 да 11.669) і +17,7% (з 128.468 да 151.158);
Гродзенская вобласць: −43,2 працэнта (з 18.200 да 10.341) і +22,8 працэнта (з 89.146 да 109.509);
Мінская вобласць: −24,4 працэнта (з 35.811 да 27.074) і +34,4 працэнта (з 104.433 да 140.372);
Магілёўская вобласць: −43,7% (з 13.468 да 7.588) і 13,3% (з 94.724 да 107.366);
Мінск: +10,9% (з 3.940 да 4.368) і +32,7% (са 168.949 да 224.212).
Трэба адзначыць, што развіццё беларускай мовы і культуры дзесяцігоддзямі было прэрагатывай грамадскіх ініцыятыў і арганізацый.
Пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і ўзмоцненых рэпрэсій многія ініцыятывы, якія падтрымлівалі беларускую мову і культуру, былі ліквідаваны. Былі ліквідаваны такія арганізацыі, як Саюз беларускіх пісьменнікаў, Беларускі ПЭН-цэнтр, Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны і многія інш.
Моўную палітыку, якая праводзіцца сёння ў краіне, можна назваць русіфікацыяй. Паводле перапісу насельніцтва, колькасць беларусаў, якія лічаць сваёй роднай мовай беларускую, знізілася з 85,6% у 1999 годзе да 61,2% у 2019-м.