Аляксей Гайдукевіч піша на budzma.org пра «нацыябудаўніцтва» Македоніі як станоўчы прыклад развіцця нацыянальнай ідэнтычнасці, мовы і культуры для іншых славянскамоўных народаў.
Не толькі ад палітыкаў, але і ад некаторых гісторыкаў даводзіцца чуць пра непаўнавартаснасць беларускай і украінскай нацый. Маўляў да 20 стагоддзя ў гэтых народаў не было дзяржаваў, самасвядомасці, а мовы штучныя, сабраныя з розных дыялектаў.
Наратывы пра немагчымасць пашырэння ўжывання беларускай мовы, толькі цэрыманіяльную ролю для фальклорных гурткоў гучаць ужо больш за стагоддзе.
Асобна варта згадаць пра тэрмін «тутэйшасць» як доказ непаўнавартасці і брак самасвядомасці ў беларусаў.
Пры гэтым аўтары падобных меркаванняў забываюцца на тое, што такога кшталту саманазвы, як і змены назваў народаў і цэлых тэрыторый, ёсць цалкам у еўрапейскай традыцыі. Самы вядомы прыклад гэта паходжанне слова «deutsch». Першапачатковым яго значэннем было проста — народ. Зараз гэтае слова прынята перакладаць з нямецкай мовы, як «нямецкі».
Існавала і саманазва ў эстонцаў да атрымання незалежнасці ў 20 ст.- «людзі зямлі» (maarahvas).
А на поўдні Еўропы існуе славянскамоўная нацыя, якая яшчэ сто год таму называла сябе менавіта «тутэйшымі». Што не перашкодзіла ўжо праз некалькі дзесяцігоддзяў стварыць літаратурную мову. І зараз, нягледзячы на працяглы ціск з боку Грэцыі, Балгарыі і албанскай меншасці, паспяхова развівае сваю культуру.
Размова пра македонцаў — самую нешматлікую славянскамоўную нацыю, якая мае сваю асобную дзяржаўнасць.
Зараз у Македоніі жыве каля 1,3 млн македонцаў, 0,5 млн албанцаў і каля 0,2 млн іншых народаў.
Нягледзячы на вір падзеяў на Балканах, сапраўдны этнічны вулкан у рэгіёне, македонцы здолелі пранесці праз тысячагоддзі ідэнтычнасць і антычных сваіх продкаў, і славянскі складнік, каб на пачатку мінулага стагоддзя стварыць сапраўдную мадэрную нацыю.
Існуе шмат абгрунтаваных версій паходжання і фарміравання македонскай нацыі. Але ў гэтай публікацыі варта абапірацца на варыянт гісторыі, які спрыяў паўстанню і развіццю сучаснай македонскай нацыі, як паспяховы прыклад нацыябудаўніцтва.
Барацьба за антычную спадчыну
Нягледзячы на зменлівасць палітычнай накіраванасці ўрадаў Грэцыі, адразу пасля абвяшчэння незалежнасці Македоніі ў 1990 г. менавіта грэкі пачалі ціск на новую краіну на Балканах. Фармальна ішлося аб немагчымасці існавання краіны з назвай такой жа, як і ў адной з грэцкіх правінцый.
Грэкі блакавалі любыя спробы македонцаў паглыбляць супрацоўніцтва са структурамі ЕС і NATO, іншымі міжнароднымі арганізацыямі.
Такім чынам, у 1995 годзе македонцы былі вымушаныя змяніць сцяг. Бо выява на ім была такая ж, як і ў грэцкай Македоніі.
А ў 2020 годзе краіна змяніла афіцыйную назву на Паўночную Македонію, спадзяючыся, што Грэцыя больш не будзе супраць македонскай еўраінтэграцыі.
Хаця антаганізм паміж народамі і дзяржавамі мае больш глыбокія карані, чым можа падацца.
Бо ўласна паўстанне незалежнай Македоніі можна разглядаць, як магчымую пагрозу еднасці Грэцыі.
Як сцвярждаюць македонскія гісторыкі, адразу пасля вызвалення паўночнай часткі сучаснай Грэцыі з пад улады Асманскай імперыі ў 1912 г. «эленізацыя» мясцовага славянскага насельніцтва дасягнула апагею.
Менавіта славянскамоўныя жыхары з Салонік і рэгіёна называлі сябе «эндопі» (па-македонску «тукашни», па-беларуску «тутэйшыя»), бо дэманстраваць сваё паходжанне было небяспечна.
Македонцы запэўніваюць, што за некалькі дзесяцігоддзяў з 200 000 колькасць славянскамоўных скарацілася амаль у 10 разоў.
Вельмі істотным падаецца факт, што вялікая колькасць македонскай інтэлігенцыі і кіраўнікоў паўстанняў супраць асманскага панавання канца 19 — пачатку 20 стагоддзяў паходзяць менавіта з сённяшняй грэцкай Македоніі.
Напрыклад, Крсте Петков Мисирков — лінгвіст, кадыфікатар македонскай літаратурнай мовы нарадзіўся ў 1874 г. побач з Салонікамі.
Сваё стаўленне македонцы маюць і да антычнай гісторыі рэгіёна, што таксама турбуе грэкаў, якія лічаць, што маюць манаполію на інтэрпрытацыю падзеяў той эпохі.
Яшчэ на пачатку 20 ст. падчас паўстанняў і Балканскай вайны македонцы выкарыстоўвалі асобу Аляксандра Македонскага ў свай прапагандзе.
Сучасныя македонскія гісторыкі сцвярджаюць, што антычныя македонцы вельмі адрозніваліся ад тагачасных грэкаў, і нават ёсць узгадкі пра асобную мову гэтага рэгіёна.
Менавіта яе рэшткі, па меркаванні македонцаў, захавалі славянскія плямёны, якія трапілі на гэтую тэрыторыю пазней, што ў спалучэнні са славянскай мовай стала падмуркам для сучаснай літаратурнай.
Браты не вартыя ўласнай дзяржаўнасці
Не менш рэўнасна ставяцца да македонскай версіі агульнай гісторыі і балгары, хаця меркаванні некалькі разоў змяняліся ў залежнасці ад палітычнай кан’юнктуры.
Некаторыя выказванні балгарскіх палітыкаў аб македонцах можна смела параўнаць з шаблонамі крамлёўскай прапаганды, якая не раз адмаўляла ў паўнавартаснасці беларускаму і украінскаму народам.
Напрыклад, знаходзячыся на пасадзе міністра абароны балгарскі палітык Красімір Каракачанаў такім чынам выказаўся аб магчымай будучыні Македоніі: «Праз 20 год Македонія будзе правінцыяй Албаніі альбо далучыцца да ЕС у складзе Балгарыі».
І гэта не самае рэзкае меркаванне з боку балгараў наконт македонцаў і македонскай мовы.
Балгарскія гісторыкі падкрэсліваюць, што знаходжанне сённяшняй македонскай тэрыторыі ў складзе Балгарскага царства (681-1018 г.г.) не дае права лічыць македонцаў асобным народам. А мова з’яўляецца дыялектам болгарскай мовы, прынятай ў Паўночнай Македоніі за афіцыйную.
Сапраўды, пасля стагоддзяў панавання Візантыі, Асманскай імперыі некаторыя жыхары сучаснай Македоніі яшчэ на пачатку мінулага стагоддзя мелі «падвоеную самасвядомасць» — называлі сябе македонскімі балгарамі.
Нават першая македонская інтэлігенцыя, асабліва падчас вымушанай эміграцыі ў Сафію пасля 1908 г., калі Балгарыя вызвалілася ад асманскай акупацыі, а іх радзіма ўсё яшчэ знаходзілася пад уладай імперыі , у сваіх працах не адразу апелявала да неабходнасці незалежнасці Македоніі.
Меркаванні македонцаў змяняліся ад усведамлення неабходнасці аўтаноміі ў складзе Балгарыі да незалежніцкіх памкненняў. І балгары, і македонцы нават маюць некалькі «супольных» герояў таго перыяду, якія супрацьстаялі асманам.
Македонскія гісторыкі лічаць, што канчаткова стаўленне да балгараў у Македоніі пагоршылася пасля заняцця тэрыторыі краіны войскамі Балгарыі на чале з царом Барысам падчас другой сусветнай вайны.
Македонскі народ не дараваў балгарам супрацоўніцтва з немцамі і палітыку асіміляцыі ў перыяд з 1942 па 1944 г.
Сацыялістычная Югаславія, у складзе якрй Македонія знаходзілася з часоў заканчэння другой сусветнай вайны па 1991 г., не замінала македонцам развіваць мову і культуру.
Таму балгары называюць македонскую нацыю праектам югаслаўскага кіраўніка Ціта, які, па іх меркаванні, спрыяў нацыябудаўніцтву Македоніі ў якасці супрацьвагі Балгарыі.
Пагадзіцеся, падобная рыторыка падобная на прапагандыстскія штампы і на ўсходзе Еўропы.
Без азірання на суседзяў
Нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы і канкурэнцыю з боку суседзяў, збройны канфлікт з албанскімі грамадзянамі Македоніі ў 2001 г., македонцы даволі паспяхова развіваюць сваю культуру.
Істотную ролю ў гэтым працэсе грае і шматлікая дыяспара ў Еўропе, Паўночнай Амерыцы і Аўстраліі.
Акрамя таго, што дзякуючы сваёй актыўнасці, македонцы замежжа пашыраюць веды аб сваім краі ў свеце, яны з’яўляюцца плацёжаздатнымі спажыўцамі культурнага прадукта.
Не трэба хадзіць далёка, дастаткова хаця б спраўдзіць колькасць праглядаў у сацыяльных сетках кліпаў папулярных музычных выканаўцаў з Македоніі. Гэта хіба што адзін з самых відавочных і простых параметраў ацэнкі запатрабаванасці і самадастатковасці любой сучаснай культуры.
Дзякуючы блізкасці македонскай і балгарскай моваў, музыкі з Македоніі даволі паспяхова прысутнічаюць і на музычным рынку Балгарыі.
Хацелася б спадзявацца, што македонцы здолеюць пераадолець вельмі небяспечную сітуацыю ў краіне, звязаную ў першую чаргу з албанскай меншасцю і ўплывамі крамлёўскіх гульцоў на палітыку дзяржавы. І надалей будуць паспяхова развіваць свой такі своеасаблівы праект нацыябудаўніцтва, і стануць у пэўнай ступені жывым прыкладам непахіснай барацьбы за сваю ідэнтычнасць і культурную спадчыну і будучыню для іншых народаў.
Аляксей Гайдукевіч, budzma.org
У артыкуле выкарыстаныя выявы з сайта https://мна.мкд