Кажуць, застаўся ў краіне — і ты «агент», а «зваліў» — здраднік. Ці ёсць ў нашай сітуацыі хоць якія падставы для выкарыстання гэтых «тэрмінаў»? Хтосьці едзе за «бугор», бо баіцца за сябе, сям’ю ці родных, нямала і тых, хто скарыстаўся момантам, каб атрымаць жаданы замежны дакумент аб легалізацыі і пачаць там новае жыццё.
Але будзем гаварыць пра тых, хто застаўся. Кагосьці трымаюць абставіны: хворыя бацькі, нерухомасць, або проста жаданне жыць на сваёй зямлі насуперак усяму. Так, гэтыя людзі штодня сярод ночы ўскокваюць у ложку пры першым шоргату за дзвярыма, а як іначай?
Мы навучыліся жыць тут і так, у пастаянным страху. Мы прывыклі за кароткі тэрмін да таго, што хтосьці з сяброў ці знаёмых за гадзіну збірае «клункі», купляе першы квіток за «бугор» і валіць. Валіць, бо баіцца за сябе, а ты, таксама боючыся, праводзіш іх і думаеш, што, магчыма, ніколі не ўбачыш, і выціраючы слязу з твару, маніш ім, што калісьці яны вернуцца дадому, а сам ужо ў гэта слаба верыш.
Калі тыя, хто з’ехаў, ганьбяць беларусаў, якія засталіся, заўсёды хочацца прывесці прыклад Кастуся Каліноўскага, які адмовіўся ехаць у эміграцыю і захаваць жыццё, ён вырашыў ісці да апошняга. Яго шлях да турмы быў толькі адзін — шыбеніца. Не кідайце каменні ў тых, хто гатовы паўтарыць яго шлях.
Змітрук Залеўскі, budzma.org