22 сакавіка былі затрыманыя наведнікі курсаў «Мова Нанова», якія праходзілі ў Ваўкавыску. Па словах відавочаў, усіх удзельнікаў адвезлі ў РАУС, а перад затрыманнем сілавікі перакрылі вуліцу, на якой месцілася памяшканне, дзе праходзілі курсы.
Па словах арганізатара курсаў Глеба Лабадзенкі, па стане на 20:35 усе слухачы і выкладчыкі курсаў Мова Нанова ў Ваўкавыску былі вызваленыя. У міліцыю былі тэрмінова прадстаўленыя ўсе неабходныя дакументы, якія сведчаць пра законнасць і легальнасць курсаў. Людзі кажуць, што абыходзіліся з усімі карэктна.
Таксама ў сеціве з'явілася інфармацыя пра затрыманне музыкі Ігара Варашкевіча, які меўся выступаць на курсах. Але ў момант затрыманняў музыка знаходзіўся не ў памяшканні курсаў.
Відавочцы кажуць, што сілавікі пракаментавалі інцыдэнт словамі: «Быў сігнал».