Што цікавага паказваюць на кінафестывалі “Чалавечая годнасць, роўнасць, справядлівасць”?

04.12.2017 Афіша Кіно

1 снежня ў Мінску адкрыўся юбілейны кінафестываль “Чалавечая годнасць, роўнасць, справядлівасць”, на якім паказваюць стужкі, прысвечаныя чалавеку і ягоным правам. “Будзьма” наведала спецыяльную прэс-канферэнцыю з нагоды старту фестывалю і даведалася, што цікавага гледачам прапануюць сёлета.

festival_oon_big_new

Для кінафестывалю лічба “10” мае асаблівае значэнне. Цягам 10 гадоў фестываль праходзіць у пачатку снежня, і на ім дэманструюцца 10 стужак. Такім чынам арганізатары адзначаюць адразу два дні: Сусветны дзень барацьбы са СНІДам, які прыпадае на 1 снежня, і Міжнародны дзень правоў чалавека, які адзначаецца 10 снежня, калі ў далёкім 1948 годзе Генеральная асамблея ААН прыняла Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека. Арганізатарамі кінафестывалю ўжо традыцыйна выступаюць Арганізацыя Аб’яднаных Нацый у Беларусі і Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза.

Чаму варта наведаць хаця б адзін сеанс? Усё проста: кожная паказаная стужка дазваляе па-новаму зірнуць на праблему правоў чалавека, асэнсаваць яе праз прызму мастацтва. Кіраўніца Прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Андрэа Віктарын адзначыла, што арганізатары не збіраюцца чытаць лекцыі пра правы чалавека, але хочуць падштурхнуць гледача да развагаў над гэтай вельмі няпростай тэмай. Фільмы, якія прапануюцца сёлета, таксама вельмі розныя па змесце: прыемныя, якія падыходзяць для сямейнага прагляду, і вельмі складаныя. Напрыклад, разам з дзецьмі можна завітаць на фінскі фільм “Эла і сябры”.

Гледачы пабачаць не толькі еўрапейскі кінематограф. Сёлета на фестывалі будуць прадстаўленыя стужкі з трох кантынентаў. Усе адабраныя для фестывалю фільмы не толькі ўжо заваявалі шматлікія ўзнагароды і прызнанне, але і сталі прадметам шырокага абмеркавання, бо ў кожнай з іх уздымаліся складаныя праблемы.

Кіраўнік ААН у Беларусі Санака Самарасінха распавёў, што некаторыя фільмы ўжо дэманстраваліся ў беларускіх рэгіёнах і яму спадабалася рэакцыя гледачоў на іх. На яго думку фільмы – гэта інструмент, з дапамогай якога можна змяняць свет. Рэч у тым, што людзям не варта чакаць, пакуль нехта абароніць іх годнасць і правы, трэба і самім праяўляць смеласць.

Кінапаказы будуць адбывацца ў кінатэатры “Піянер”. Традыцыйна яны ўсе бясплатныя, але па квіткі ў фае кінатэатра лепей завітаць загадзя – выдаваць іх пачынаюць з 15-й у дзень сеанса.

Лявон Асіповіч

EU'Kino'Festival'2017

***
4 снежня (панядзелак), 19.00
“ЭКВІЛІБРЫСТЫ”
Італія, 2012 г., рэж. Івана дэ Матэа,107 хв.
Галоўны герой фільма Джуліа быў вымушаны сысці з сям’і пасля таго, як жонцы стала вядома пра яго здраду. Але ён імкнецца і далей утрымліваць жонку і дзяцей. Выканаць гэта становіцца няпроста, улічваючы зарплату службоўца. І паступова галоўны герой падае глыбей і глыбей у бездань галечы і роспачы. Гэта сумленная і глыбокая гісторыя мужчыны, які спрабуе захаваць чалавечнасць, нягледзячы на абставіны.

***

5 снежня (аўторак), 19.00
“МЫ МАЛАДЫЯ, МЫ МОЦНЫЯ”

Германія, 2014 г., рэж. Буран Кврбані,123 хв.
Фільм Бурана Кврбані закранае тэму, якая больш чым актуальная для сучаснасці: стаўленне еўрапейцаў да мігрантаў. Расток, жнівень 1992 года. Пасля падзення Берлінскай сцяны абстаноўка ў горадзе абвастраецца з кожным днём. Горад перажывае не найлепшыя часы: масавае беспрацоўе, рост цэнаў, нізкі ўзровень заробкаў. І ўсю сваю незадаволенасць радыкальна настроеныя жыхары накіроўваюць на “Дом са сланечнікамі” — велізарны будынак, у якім размяшчаецца інтэрнат для імігрантаў і бежанцаў. Апантаны натоўп маладых людзей абложвае і падпальвае жылы будынак.

***
6 снежня (серада), 19.00
“АНКЛАЎ”

Сербія, 2015 г., рэж. Горан Радаванавіч,92 хв.
Фільм — спроба асэнсавання наступстваў трагічных косаўскіх падзей. Дзеянне адбываецца ў адным з невялікіх ізаляваных паселішчаў-анклаваў у Косаве. 10-гадовы хлопчык Нянад разам са сваёй сям’ёй вымушаны жыць у вельмі кепскіх умовах. Заўчасная смерць дзядулі робіцца для хлопчыка сапраўдным шокам. Яшчэ страшнейшым стала тое, што могілкі на варожай тэрыторыі. Аднак герой не здаецца і праяўляе небывалую адвагу. І часам у жыцці адбываецца так, што ворагі могуць ператварыцца ў сяброў …

***
7 снежня (чацвер), 19.00
“СЫНОК”

Нідэрланды, 2011 г., рэж. Марыя Пітэрс,130 хв.
Гісторыя кахання выхадца з Сурынама і нідэрландскай дзяўчыны, якая прыпала на самы пачатак Другой сусветнай вайны ў Еўропе. Здавалася б, іх адносіны асуджаныя, бо на шляху герояў узнікае мноства выпрабаванняў: расавая дыскрымінацыя, асуджэнне, няпростыя ўзаемаадносіны, цяжкі і напружаны час вымушаюць герояў змагацца за права быць шчаслівымі. Іх каханне змагло вытрымаць удары жорсткага свету, але ці зможа яно справіцца з нялюдскасцю і бязлітаснасцю вайны?

***
8 снежня (пятніца), 19.00
“НІХТО МЯНЕ НЕ АБАРОНІЦЬ”
Японія, 2009 г., рэж. Роіці Кімідзука, 118 хв.
Фільм знаёміць нас з лёсам 15-гадовай дзяўчынкі, якая аказалася ў цэнтры ўвагі ў сувязі з арыштам брата, які падазраецца ў забойстве дзвюх вучаніц пачатковай школы. Адразу ж гераіня трапляе пад апеку паліцэйскага, каб абараніць яе ад гневу грамадскасці. Але дзяўчынка не адчувае сябе ў бяспецы, таму што ніяк не можа знайсці агульную мову з паліцыянтам. Мы ўбачым, што гераіня ўсё роўна здольная супрацьстаяць ціску зменлівага і непрымірымага грамадства.

***
9 снежня (субота), 17.00
“ЭЛА І СЯБРЫ”
Фінляндыя, 2012 г., рэж. Танэлі Мустанен,78 хв.
Фільм зняты па матывах дзіцячых кніг папулярнага фінскага пісьменніка Ціма Парвела. Сямейная прыгодніцкая камедыя, якая атрымала галоўны прыз на кінафестывалі “Крылы” ў Кіеве, Украіна.

Эла — няўрымслівая і непаседлівая дзяўчынка, якая шукае прыгод і не дае сумаваць ні сваім сябрам, ні настаўнікам. Гэтым разам Эла і яе сябры устрывожаныя нечаканай навіной. Аказваецца, што на месцы іх любімай школы хочуць пракласці гоначную трасу. Эла і яе каманда з гэтым не згодныя і тэрмінова робяць рашучыя захады, каб не дапусціць закрыцця школы.

***

10 снежня (нядзеля), 19.00
“АПОШНІ КАТ”

Вялікабрытанія, 2005 г., рэж. Адрыян Шэргалд, 95 хв.
Фільм расказвае рэальную гісторыю жыцця вядомага брытанскага ката Альберта П’ерпойнта, які яшчэ ў маладосці вырашыў працягнуць справу свайго бацькі і дзядзькі і пачаў караць смерцю людзей. Але ніхто з навакольных не падазрае пра яго жахлівае рамяство. Прыходзячы з працы, П’ерпойнт становіцца звычайным мужчынам. Ён бавіць час з жонкай, ходзіць з сябрамі ў паб. У душы герой імкнецца дасягнуць дасканаласці ў сваёй прафесіі. Але аднойчы ён акажацца перад вельмі няпростым выбарам: прысуджаным да найвышэйшай меры стане яго блізкі сябар.