Што і як беларусы адзначалі ў жніўні

Апошні месяц лета, таксама як і першы, быў багаты на справы для дбайных гаспадароў. Ды й застаецца такім і сёння: загатоўкі ягад, грыбоў ды ўсяго, што саспявае ў садзе ды агародзе. Таму, бадай, усе жнівеньскія адметныя дні — гэта святы новага ўраджаю.

Што за дзень такі — Макрыны, што рабілі нашы продкі, каб асвяціць яблыкі да Яблычнага Спасу, калі царква была далёка, у якія жнівеньскія прыкметы верылі, распавядаем у артыкуле пра народны каляндар беларусаў на жнівень.


Культурныя адметнасці кожнага народа праяўляюцца ў розных сферах жыцця. Бадай, найбольш яскравыя іх праявы можна назіраць праз народны каляндар: тут і рытуальныя дзеянні, якія паказваюць асноўныя заняткі, і традыцыйная вопратка, і адметнасці кухні, і праявы грамадскіх і роднасных стасункаў… І ўсё гэта грунтуецца на каштоўнасцях і глыбіннай карціне свету таго ці іншага народа.

Народны каляндар беларусаў, багаты і цікавы — прымеркаваны да руху нябесных свяцілаў і цыклаў земляробчых работ, з імі звязаных. Да таго ж, наш каляндар мае свае асаблівасці: амаль усё мы святкуем двойчы — па старым (юльянскім календары) і новым (грыгарыянскім календары) стылі — з прыкладнай розніцай у 2 тыдні.

1 (па старым стылі) жніўня — Макрыны (Макрэдка).

42.jpg
Крыніца: vk.com/wall-114112001_65008

Дзень, па якім меркавалі пра тое, якая прыйдзе восень: цёплая ды сухая ці з залевамі. Калі жнівень пачынаўся з дажджу, то хвалялваліся, каб не пагніла бульба ў зямлі. Таксама лічылася, што ад гэтага дня дажджы ўжо халодныя.

2 (па старым стылі) жніўня — Ілля.

Свята ў гонар апекуна земляробаў і абаронцы ад нячыстай сілы. Дзень дажджоў і навальніц. Лічылася, што ад сёння лета заканчваецца і пачынаецца восень: «На Іллю да абеду лета, а пасля абеду — восень». З Іллі пачыналі жніво. Таксама ладзілі талаку, каб накасіць травы для ўдоў.

44.jpg
Крыніца: pinterest.com

Дарэчы, чаму б не скарыстацца нагодай і сёння? Можна сабрацца з сябрамі і дапамагчы семьям палітзняволеных альбо разам прыбраць ваш любімы сквер ці бераг бліжэйшага вадаёма. І справу карысную зробіце, і з сябрамі пабачыцеся. Бо ў сённяшняй мітусні звычайна ні ў каго не хапае часу і натхнення на жывыя сустрэчы.

9 (па старым стылі) жніўня — Панцеляймон (Панцялей).

Нашы продкі ў гэты дзень стараліся не працаваць у полі - бо шанцаваць не будзе.

14 жніўня — Макавей (Мядовы Спас).

Усе тры Спасы ў традыцыйнай культуры — па сутнасці святы новага ўраджаю. Асноўным дзеяннем на іх было асвячэнне пладоў, кветак, зёлак у царкве.

46.jpg
Крыніца: online.ua

Першы Спас прысвечаны мёду і маку. Пасля яго мёд у пчол ужо не забіралі. А асвечаны мак выкарыстоўвалі ў розных магічных дзеяннях: па ім варажылі, сыпалі ў калодзеж, каб выклікаць дождж. Таксама мак лічыўся надзейным сродкам абароны ад вядзьмарак.

Акрамя маку і мёду асвячалі ў гэты дзень букеты з зёлак, кветак і морквы. Таксама на Макавея свяцілі ваду, якую потым выкарыстоўвалі для лячэння розных хвароб.

15 (па новым стылі) і 28 (па старым стылі) жніўня — Успенне (Прачыстая, Спажа).

У хрысціянстве гэта дзень смерці і ўзяцця на неба Маці Божай. У народным календары — дзень, што размяжоўвае лета і восень. Адпаведна тлумачыцца і назва свята: «Успенне» — саспелі плады, ягады, арэхі; «Прачыстая» — палі стаюць чыстымі, бо ўраджай ужо сабраны.

У гэты дзень прынята асвячаць плады новага ўраджаю, збожжа, кветкі, зёлкі.

19 жніўня — Яблычны (Вялікі) Спас.

Да гэтага дня намагаліся скончыць жніво. Свяцілі яблыкі ды розную садавіну. Цікава, што ў выпадках, калі царква знаходзілася занадта далёка, яблыкі клалі проста на страху і верылі, што яны пасвецяцца «паветрана-кропельным шляхам».

48.jpg
Крыніца: budzma.org

Каб даведацца, якімі будуць наступныя зіма ды вясна, назіралі за бусламі. Калі птушкі адляталі да свята, чакалі раннюю ды халодную зіму, а вясну — цёплую. Калі ж буслы затрымліваліся да другога Спасу, то зіма мусіла надысці позна, а вясну чакалі халодную.

26 і 27 жніўня — Спасаўскія Дзяды.

У пятніцу і суботу напярэдадні Успення ладзіліся памінальныя вячэры ў некаторых рэгіёнах. Яшчэ адна добрая нагода сабрацца разам з сямейнымі ды ўзгадаць сваіх продкаў.

Чытайце па тэмэ: Як адзначыць Дзяды ў горадзе: чэк-ліст ад «Будзьма беларусамі!»

29 жніўня — Арэхавы (Хлебны Спас).

Апошні (Малы) Спас. Шмат дзе спраўлялі дажынкі. Асвячалі збожжа, якое пасля дадавалі ў насенне, каб лепей быў наступны ўраджай. Альбо неслі ў царкву апошні сноп, упрыгожаны стужкамі, кветкамі. Каласкі з яго пасля выкарыстоўвалі ў магічных рытуалах і замовах увесь наступны год.

54.jpg
Крыніца: millerrussian.com

Таксама на Спасы было прынята наведваць крыніцы і пакідаць ім ахвяру — грошы, яблыкі, тканіну). У гэты ж час (з 14 па 28 жніўня) ладзіліся кірмашы.

У артыкуле выкарыстаны матэрыялы з манаграфіі Алены Ляшкевіч «Традыцыйны каляндар. Нарысы» (Мн.: 2022)

Чытайце яшчэ: Фалькларыстка Алена Ляшкевіч: «На беларускую традыцыйную культуру быў, ёсць і будзе попыт сярод беларусаў дома і ў замежжы»


Падрыхтавала Ева Вятрыскіна, budzma.org