Цягам аднаго чалавечага жыцця свет можа змяніцца да непазнавальнасці. Пакуль егіпецкі лекар вучыцца свайму рамяству, падарожнічае па свеце, улазіць у справы царскай сям’і і спрабуе разабрацца з уласнымі ўяўленнямі пра праўду і справядлівасць, у Егіпце пачынаецца некалькі войнаў, Хецкае царства рыхтуецца заваяваць сусвет, Мітанні перастае існаваць, на Крыце памірае бог, а вялікі Амон на некаторы час саступае першынства дзіўнаму і мала каму зразумеламу Атону, і толькі самыя верныя сябры гатовыя падтрымаць звар’яцелага фараона. Не проста тоўсты, а вельмі тоўсты раман “Сінухе-егіпцянін” фінскага пісьменніка Міка Валтары (1908—1979) выйшаў у 1945 годзе, запачаткаваўшы серыю гістарычных твораў аўтара, дзеянне якіх адбываецца ў розных краінах і ў розныя эпохі. Аднак менавіта гэты першы раман пра Егіпет эпохі Новага царства і праўлення фараона Эхнатона, вядомага сваімі рашучымі рэлігійнымі рэформамі, а таксама жонкай — эталонам егіпецкай прыгажосці Неферціці, — зрабіўся самым знакамітым.
Таямніцы егіпецкай гісторыі
Асноўная крыніца рамана “Сінухе-егіпцянін” — старажытнаегіпецкае “Казанне Сінухе”, адзін з самых старых вядомых на сёння ўзораў мастацкай прозы, створаны падчас кіравання фараона Аменемхета І (з фараонам Эхнатонам, які зрабіўся адным з герояў рамана, яго раздзяляе каля 600 гадоў). Гэты твор расказвае пра жыццё чалавека на імя Сінухе (ці Сінухет), якому даводзіцца шмат бадзяцца па свеце, сустракацца з вялікімі ўладарамі і трапляць у палацавыя інтрыгі, праз што яго жыццё не раз аказваецца пад пагрозай. Міка Валтары пазычае ў “Казання” агульныя матывы і дае свайму галоўнаму герою імя егіпецкага персанажа (навукоўцы дагэтуль не ведаюць дакладна, ці быў у яго рэальны прататып), а сам старажытны твор некалькі разоў згадваецца на старонках рамана як казка, якую Сінухе расказвае прыёмная маці і якой яго дражняць сябры.
Раман складаецца з 15 частак, а дакладней, “папірусаў”, у якіх галоўны герой паслядоўна і падрабязна апісвае сваё жыццё ад ранняга дзяцінства да старасці, калі яго адпраўляюць у выгнанне і ён мае досыць часу ўсё ўспомніць і запісаць. Жыццё Сінухе багатае на падарожжы і падзеі: аўтар адпраўляе яго вандраваць не толькі па Егіпце, але і па Сірыі, Мітанні, Вавілоніі, хецкіх уладаннях і Крыце, шырока прадстаўляючы тагачасную геаграфію і лад жыцця ў розных рэгіёнах. Егіптолагі высока ацэньваюць працу Міка Валтары па ўзнаўленні гістарычнага кантэксту (фараон Эхнатон правіў у 1375—1336 гг. да н.э.) і адлюстраванні палітычных, сацыяльных і рэлігійных узаемаадносінаў у грамадстве — а гэта адзін з самых незвычайных перыядаў у егіпецкай гісторыі. Фараон Аменхатэп IV, які пасля прыняў імя Эхнатон, здзейсніў у краіне кардынальны рэлігійны пераварот, увёўшы культ малавядомага і не асабліва папулярнага на той час бога Атона замест культу галоўнага бога Амона, за якім стаяць неверагодна магутныя сілы разбагацелага пасля шэрагу ўдалых захопніцкіх войнаў фіванскага жрэцтва.
Міка Валтары ўводзіць у раман шэраг герояў, якія сапраўды існавалі ці, прынамсі, маглі існаваць — калі справа датычыць Старажытнага Егіпта, ніколі нічога нельга сказаць напэўна. Сярод дзейных асобаў твора — скульптар Тутмас Малодшы, аўтар знакамітай выявы Неферціці (існаванне такога творцы пацвярджае чарапок з імем, знойдзены ў майстэрні зніклага горада Ахетатона), фараон Эхнатон і яго жонка Неферціці, будучы фараон Тутанхамон (пра якога дагэтуль невядома, быў ён сынам Эхнатона, яго пляменнікам ці ўнукам), тагачасныя ўладары Хецкага царства, Вавілоніі і іншых краінаў, карацей кажучы, усе асноўныя героі падручнікаў па гісторыі старажытнага свету, якіх усе калісьці вывучалі ў школе, але чые экзатычныя імёны амаль ніхто не запомніў. Аднак усе гэтыя загадкі ў свеце, створаным Міка Валтары, проста не існуюць: яго версія падзеяў вельмі прадуманая і выразная, і ніхто не зможа даказаць, што ўсё гэта было не так, як ён апісаў.
Фільм, у якім не знялася Манро
У 1954 годзе Майкл Кёрціс, рэжысёр “Касабланкі”, зняў паводле рамана “Сінухе-егіпцянін” фільм “Егіпцянін”, на адну з роляў у якім прэтэндавала сама Мэрылін Манро, але так яе і не атрымала, а на ролю галоўнага героя быў запрошаны Марлон Брандо, які адмовіўся ад здымак сам. Выхад фільма супадае з гадамі росквіту такога кінажанру, як пеплум. Гэта доўгае (звычайная працягласць — не менш за дзве гадзіны) і маштабнае гістарычнае кіно з сур’ёзнымі батальнымі сцэнамі і вялізнай масоўкай, якое, аднак, дапускае пэўныя гістарычныя недакладнасці дзеля відовішчнасці і цікавага сюжэту: усё тое, што мы так добра ведаем па кінастужках “Троя” і “Аляксандр”, якія вярнулі моду на гэты жанр у ХХІ стагоддзі. А таму няма нічога дзіўнага, што фільм быў добра ўспрыняты публікай, нават нягледзячы на адсутнасць у ім Мэрылін Манро і Марлона Брандо.
Пра што думалі егіпцяне?
Пераказваць сюжэт рамана “Сінухе-егіпцянін” не мае сэнсу: нават на Вікіпедыі, складальнікі якой могуць у адным абзацы апісаць змест эпапеі, такі пераказ заняў вельмі шмат месца. Пачаўшы з ранняга дзяцінства героя, аўтар паціху ўцягвае чытача ў асноўныя падзеі тагачаснай гісторыі, не забываючы падтрымліваць яго ўвагу напружанымі эпізодамі і таямніцамі, некаторыя з якіх адкрыюцца толькі бліжэй да канца шматстаронкавага твора, напрыклад, таямніца нараджэння Сінухе. Калі спачатку аповед можа падацца трохі занудлівым і манатонным, то ўжо пачынаючы з трэцяга папіруса адарвацца ад кнігі складана. Лірычныя эпізоды, напрыклад, папірус пра каханне Сінухе да крыцкай жрыцы Мінеі, перамяжоўваюцца камічнымі гісторыямі пра слугу Каптаха, які трапляе ў незвычайныя сітуацыі, напрыклад, на адзін дзень ператвараецца ў цара.
Цікава, што аўтар, які спрабуе з усёй дакладнасцю рэканструяваць быт старажытных егіпцянаў і з немалым поспехам гэта робіць, укладае ў вусны свайго галоўнага героя словы, якія больш падыходзяць чалавеку сярэдзіны ХХ стагоддзя, чым старажытнаму. Відавочна, Міка Валтары не імкнуўся ўзнавіць псіхалогію тагачаснага чалавека (што, зразумела, было б надзвычай складана), а надзяліў свайго героя сучасным складам розуму і самарэфлексіўнасцю. Сінухе ў рамане — класічны “чарот, што мысліць” ХХ стагоддзя, бо нават у рамане ХІХ стагоддзя думкі герояў будуць адлюстраваныя трохі інакш; што ўжо казаць пра больш аддаленыя эпохі? У гэтым плане твор Міка Валтары блізкі да знакамітага рамана Баляслава Пруса “Фараон”, дзе расказваецца пра выдуманага фараона Рамсеса ІІІ, што змагаецца супраць улады жрацоў і выказвае ідэі, немагчымыя ў тыя часы.
Фінскі Егіпет па-беларуску
Беларускі пераклад рамана, зроблены з фінскай мовы Якубам Лапаткам, выйшаў у выдавецтве Змітра Коласа ў 2006 годзе, аднак дагэтуль час ад часу сустракаецца ў кнігарнях. Беларускі тэкст “Сінухе-егіпцяніна” чытаецца даволі лёгка і не без прыемнасці, аднак вялікая колькасць памылак друку і асобныя недагляды рэдактара (калі ён увогуле быў — выходныя дадзеныя гэты факт замоўчваюць) трохі пагаршаюць уражанне ад выдання. Не вельмі зручны для чытання і дробны шрыфт, але ў дадзеным выпадку хочацца стаць на бок выдаўца: паколькі раман не проста тоўсты, а вельмі тоўсты, уціснуць яго пад адну вокладку, не разбіўшы на два тамы, было, відаць, даволі цяжка. Так што чытачам, якія вырашаць дабрацца да гэтай кнігі падчас летняга адпачынку, давядзецца мірыцца з пэўнымі нязручнасцямі. Але “Сінухе-егіпцянін” гэтага дакладна варты.
Ганна Янкута