Працягваем спазнаваць невядомыя мясціны Магілёўскай вобласці. Ужо былі ў Жылічах, наведалі Быхаў, Слаўгарад ды пакаштавалі вады з Сіняга Калодзежа, паглядзелі Чэрыкаў ды Крычаў. Сёння прапануем пазнаёміцца з горадам, да якога складана дабрацца, калі жывяце не на Магілёўшчыне, але яно таго варта. Едзем у старадаўні Мсціслаў, дзе пабачым старажытнае гарадзішча, рэшткі велічных касцёлаў, гаючыя крыніцы, нетыповы для Беларусі рэльеф і шмат іншых цікавостак.
Мсціслаў, панарама. Фота: planetabelarus.by
Горад Мсціслаў знаходзіцца на самым усходзе Беларусі амаль пад мяжой з Расіяй. Паселішча мае багатую гісторыю, сведак якой і да нашых дзён засталося нямала, што вельмі не характэрна для гарадоў на ўсходзе, якія рэгулярна цярпелі ад нападаў суседняй дзяржавы. Першыя пісьмовая згадкі пра Мсціслаў на рацэ Віхра датуюцца між 1136–1150 гадамі, але археалагічныя раскопкі сведчаць пра тое, што старажытнае паселішча тут узнікла значна раней.
Мсціслаў, на гарадзішчы. Фота: fotobel.by
1. Дзявочая гара
На гарадзішчы Дзявочая гара падчас археалагічных даследаванняў было знойдзена вельмі шмат цікавых матэрыялаў, якія сведчаць пра тое, што інтэнсіўнае жыццё тут існавала ўжо ў І стагоддзі н. э. У XII–XVII стагоддзях Дзявочая гара выкарыстоўвалася як гарадзішча-прытулак для абароны мясцовага насельніцтва, а гаспадарчае жыццё перамясцілася на Замкавую гару.
Мсціслаў, Гарадзішча Дзявочая гара. Фота: fotobel.by
2. Замкавая гара
Гарадзішча Замкавая гара таксама, як і Дзявочае гарадзішча, адкрытае ў 1893 годзе археолагам Еўдакімам Раманавічам Раманавым. Паводле археалагічных даследаванняў, інтэнсіўнае жыццё тут пачалося з XII стагоддзя.
Мсціслаў, гарадзішча Замкавая гара. Фота: planetabelarus.by
На гарадзішчы былі выяўлены рэшткі драўляных пабудоваў, самая ранняя з якіх датуецца 1204 годам, і рэшткі дзвюх вымашчаных бярвеннем перакрыжаваных вуліц. Старажытная маставая была пракладзена ў 1230-я — 1240-я гады. На ўсходнім баку вуліцы стаяла драўляная капліца з алтаром і пахаваннямі ўнутры.
Мсціслаў, на Замкавай гары
Як сведчаць спецыялісты, паводле раскопак найбольш інтэнсіўнае будаўніцтва ў сярэднявечным Мсціславе распачалося ў 1260-я гг. Былі вызначаны межы двароў, агароджаных адно ад аднога вастраколам. Выяўлены рэшткі абарончай вежы-данжона.
Мсціслаў на гарадзішчы. Фота: planetabelarus.by
Частка каштоўных знаходак, выяўленых падчас раскопак сярэдзіны ХХ стагоддзя і ў 2014 годзе на Мсціслаўскім замчышчы, размешчаны ў экспазіцыі мясцовага краязнаўчага музея. Гэта і ўпрыгожанні, і зброя, шкляныя і металічныя прадметы, адным з самых каштоўных экспанатаў з’яўляецца берасцяная грамата ХІІ стагоддзя. Гэта ўсё сведчыць пра высокі ўзровень развіцця гаспадарчага і культурнага жыцця сярэднявечнага горада.
Мсціслаў, краявіды з гарадзішча. Фота: planetabelarus.by
Мсціслаў на гарадзішчы. 7 Фота: planetabelarus.by
Штогод улетку Замкавая гара прымае свята сярэднявечнай культуры «Рыцарскі фэст». Тэрыторыя вакол гарадзішча вельмі дагледжаная, прыемная для шпацыраў, асабліва ўвесну, калі ўсё квітнее. Уражваюць і маляўнічыя краявіды, што адкрываюцца з вышыні стромкіх пагоркаў, яны вельмі незвычайныя для раўніннай беларускай мясцовасці. На адным з самых высокіх месцаў гарадзішча ўладкаваная аглядная пляцоўка, адкуль адкрываецца цудоўны выгляд на наваколле.
Мсціслаў, краявіды з гарадзішча. Фота: planetabelarus.by
Мсціслаў, краявіды з гарадзішча. Фота: planetabelarus.by
3. Крыніца «Кагальны калодзеж»
Калі прагуляцца сцежкамі вакол гарадзішча, можна выйсці да маляўнічай крынічкі, якая знаходзіцца пад самай Замкавай гарой на самым пачатку вуліцы Леніна. Гэта ахоўны гідралагічны помнік прыроды мясцовага значэння — крыніца «Кагальны калодзеж». У свой час менавіта гэты калодзеж быў асноўнай крыніцай пітной вады ў горадзе. А яшчэ вадой з крыніцы поўніўся абарончы роў вакол замчышча, які быў істотнай перашкодай для захопнікаў.
Мсціслаў, крыніцы. Фота: planetabelarus.by
Назва «Кагальны» адсылае да яўрэйскіх каранёў, якія, вядома, мае Мсціслаў гэтаксама, як і пераважная большасць беларускіх гарадоў ды мястэчак, дзе яшчэ стагоддзе таму больш за палову насельніцтва складалі юдэі. Кагальны — значыць супольны, грамадскі. Старажылы яшчэ памятаюць, як мясцовыя яўрэі за прымальную ўзнагароду развозілі ваду з крынічкі па горадзе.
Крыніца «Кагальны калодзеж». Фота: planetabelarus.by
Не так даўно побач з крыніцай уладкавалі купель, пабудова аздоблена праваслаўнымі крыжамі ды абразамі. Побач вісіць шыльда, дзе можна пацікавіцца складам вады ды запланаваць наступнае падарожжа па Магілёўскім турыстычным маршруце «Край гаючых крыніц» ды пакаштаваць вады з навакольных ключоў. Мсціслаўская ж вада абяцае дадаць сіл і бадзёрасці, але знаўцы не раяць ужываць яе шмат з-за высокай мінералізацыі і не самых лепшых мікрабіялагічных паказчыкаў
Крыніца «Кагальны калодзеж». Фота: planetabelarus.by
Крыніца «Кагальны калодзеж», у купелі. Фота: planetabelarus.by
Дзе паесці
У Мсціславе невялікі выбар месцаў, дзе можна падсілкавацца свежапрыгатаванай ежай, але некалькі кавярняў усё ж функцыянуюць. Рэстаран «Віхра» прапануе пакаштаваць хатняй гарачай ежы па прымальных коштах штодня, апроч панядзелка.
У «Сушы дом», апроч сушы, можна пакаштаваць і мясцовай шаўрмы ды піцы, працуе дастаўка. Кавы можна выпіць у кавярні «Брыз» штодня, апроч нядзелі. З іншымі варыянтамі можна азнаёміцца тут.
Дзе заночыць
У Мсціславе ёсць гасцініца, якая мае назву «Мсціслаўль» на 41 нумар і 74 месцы. Кошты з чалавека за аднамесны нумар стартуюць ад 35 BYN. Гасцініца пабудаваная за савецкім часам, але мае прыстойны рамонт у нумарох вышэйшых катэгорыяў. Яшчэ больш бюджэтны варыянт спыніцца ў Мсціслаўскім цэнтры фізкультурна-аздараўленчай працы за ноч 20 BYN з чалавека.
Яшчэ ёсць варыянт зняць кватэру ці засяліцца ў аграсядзібу ў самім Мсціславе ці ваколіцах. З варыянтамі можна азнаёміцца тут.
Працяг будзе!
Язэп Вараніцкі, budzma.org