Што паглядзець у навагоднюю ноч: гайд па беларускім YouTube

Няма жадання глядзець «традыцыйнае» з экранаў беларускага (ды й расейскага) ТБ? Зрабілі падборку святочных беларускіх праграм пад Новы год.

Незалежны беларускі навагодні YouTube не сказаць, каб надта разнастайны сёлета, але выбраць штосьці пад настрой можна. Не забывайце пра бяспеку — некаторыя беларускія каналы з гайду прызнаныя ў самой Беларусі экстрэмісцкімі.


Навагодняя ноч на «Белсаце»

Самае маштабнае шоў застаецца за тэлебачаннем — Навагодняя ноч на «Белсаце» Каманда тэлеканала абяцае «неверагодна цёплую і душэўную праграму навагодняга вечара».

Пачынаецца святочны вечар а 19-й з падсумаванняў у інфармацыйных перадачах «Вот так», «Аб’ектыў» і «Белсат Зум».

Далей — «Шчыра кажучы», спецыяльнае выданне «Вусоў Скарыны» і святочнае «Хай Так ТВ». Святочны канцэрт пачнецца ў 22:50. Беларусаў павіншуюць Лявон Вольскі, Дзяніс Дудзінскі, спявачка KETEVAN, гурты J: MORS і «Разбітае сэрца пацана», а яшчэ абяцаюць загадкавых таемных гасцей.

Ужо ў новым 2025 годзе свята працягнуць «Мова нанова» і «Музычнае папуры».

Навагодняе ад «Годна»

Каманда беларускіх экспертаў і экспертак у пытаннях беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці «Годна» прапануе навагодні выпуск с беларускай музыкай, цікавымі размовамі, крутымі гасцямі і яркай вядоўцай Лізай Ветравай.

«Разам мы зробім гэты Новы год па-сапраўднаму асаблівым», — кажуць у кампаніі. Пачатак 31 снежня а 19-й.

Навагодняя серыя ад «Звычайнага ранку»

Канал «Звычайны ранак» ці «Обычное утро» запусціў навагоднія эфіры з 27 снежня. Канстанцін Каверын і Марына Ментусава сустракалі палітыкаў, музыкаў, акцёраў ды ўвогуле вядомых персон у навагодніх дэкарацыях і настроі. Часам нават з беларускай мовай. Напрыклад: 


31 снежня на канале абяцаюць зборнае відэа з песнямі з навагодніх эфіраў.

«Маланка медыя» прапануе танцы з «Бі-2» 

Каманда «Маланкі» падрыхтавала навагодні стрым у ноч з 31 снежня на 1 студзеня. Абяцаюць найлепшыя хіты гурта «Бі-2», віншаванні ад музыкаў і сюрпрызы. 

Пачатак стрыму — 31 снежня а 23-й.

Навагоднія «Гутаркі» з Ідракам Мірзалізадэ і Міхасём Ільіным

Сёлета ў Варшаве адкрыўся Беларускі стэндап-клуб, дзе адно з шоу — «Гутаркі» — выходзіць на беларускай мове. Стэндаперы Ідрак Мірзалізадэ і Міхась Ільін размаўляюць паміж сабой і з гледачамі на розныя актуальныя тэмы.

31 снежня комікі падрыхтавалі адмысловы выпуск.

У 23:48 да беларусаў звернецца Святлана Ціханоўская

Лідарка беларускіх дэмакратычных сіл у сваім тэлеграм-канале паведаміла, што сёлетняе навагодняе віншаванне будзе моцна адрознівацца ад усіх, што раней бачылі беларусы:

«Дзякуй усім беларусам, хто далучыўся да здымак. Вы браліся ўдзельнічаць сем’ямі, з дзеткамі і стварылі такую шчырую, цёплую атмасферу, што яна адчуваецца ў кожным кадры. Было прыемна бачыць знаёмых людзей — тых, хто ўвесь гэты час крочыць поруч і штодзённа ўкладаецца ў тое, каб мы як мага хутчэй вярнуліся дамоў».

swiatlana_cikhanouskaja_na_zdymkah_zwarotu_01.jpgСвятлана Ціханоўская на здымках звароту

Нагадаем, што летась беларускія ўлады блакавалі інтэрнэт якраз перад зваротам Святланы Ціханоўскай да беларускага народа. Не выключана, што так будзе і гэтым разам.

Цікавае і пазнавальнае

У вольныя святочныя вечары можна бавіць час не толькі гучным і стракатым. Хочаце чагосьці таямнічага, цікавага альбо нават адукацыйнага, то можна звярнуцца па веды да відэапраектаў «Будзьма беларусамі!». Гэта можа быць, прыкладам, гістарычныя серыялы «Трызуб і Пагоня» ці «Сармат».

Надакучыла глядзець і хочацца проста паслухаць цікавага? То вось падборка найлепшых падкастаў па гісторыі Беларусі — ад дасціпных размоваў пра шляхецкі побыт да вострых дыскусій пра Вялікае Княства Літоўскае.

Калядны плэй-ліст ад «Будзьма»

Склалі для вас плэй-ліст беларускіх калядных песень разнастайных выканаўцаў. Слухайце і натхняйцеся святочным настроем.

Зрабілі 2 падборкі: на ютубе і на spotify. Варта слухаць і там, і там, бо не ўсё ёсць на абодвух сэрвісах.

Слухайце на youtube 


Budzma.org