Працягваем спазнаваць цікавыя куточкі свайго краю праз нашыя традыцыйныя вандроўкі. Раней мы наведвалі вёску Лужкі Шаркаўшчынскага раёна. Непасрэдна побач з Лужкамі знаходзіцца яшчэ адно паселішча, вартае ўвагі падарожнікаў. Тут захавалася сярэднявечнае гарадзішча, будынкі, што памятаюць часы, калі тут гаспадарылі Жабы, Чапскія, Плятэры, сцежкі, якімі неаднаразова крочыў, натхняючыся навакольнымі краявідамі, Язэп Драздовіч ды шмат іншых цікавостак. Такім чынам, сёння вандруем у старадаўні Гарадзец на рацэ Мнюта.
Сядзіба Плятэраў у Гарадцы. Фота: planetabelarus.by
Як дабрацца
З Мінску да Гарадца ехаць каля 190 км. Дабірацца са сталіцы, вядома, найзручней на ўласным аўто. Але калі яго няма, то можна ехаць на цягніку ці маршрутцы да Глыбокага, а адтуль каля гадзіны — на аўтобусе, які ідзе да Лужкоў. Выйсці трэба на перадапошнім прыпынку Гарадзец. Аўтобусы курсуюць толькі па пятніцах ды нядзелях, таму, калі заплануеце падарожжа ў іншы дзень, давядзецца вандраваць аўтаспынам.
Гарадзішча Гарадзец
Што паглядзець
Жыццё на высокім беразе Мнюты віравала ўжо ў VІІІ-ІX стагоддзях. У азначаны перыяд тут існавала ўмацаванае паселішча. Гэта было пацверджана археалагічнымі раскопкамі на гарадзішчы Фёдара Пакроўскага канца ХІХ ст., Алены і Уладзіміра Галубовічаў у міжваенны час, Георгія Штыхава і Яраслава Звяругі ў 70-80-я гады. Вядома, што тут праводзіў саматужныя археалагічныя раскопкі і Язэп Драздовіч.
Краявід з гарадзішча на Мнюту
Верагодна, у Гарадцы на Мнюце быў адзін з заходніх фарпостаў Полацкага княства, заселены крывічамі, росквіт якога прыпадае на Х — першую палову ХІ стст. Доказаў існавання горада ў пазнейшы перыяд ХІІ — ХІІІ стст. адмыслоўцамі не было выяўлена. Месцічы ж называюць гарадзішча Замкавай гарой. Таксама не выпадкова, бо на гарадзішчы з ХV стагоддзя месціўся палац. У пісьмовых крыніцах двор Гарадзец узгадваецца толькі ў 1519 годзе як уласнасць роду Сапегаў. Магчыма, тут была адна з рэзідэнцый.
Капліца ў Гарадцы
Насупраць гарадзішча на ўсходняй ускраіне вёскі Гарадзец варта звярнуць увагу на даволі высокі насып. Паводле мясцовага падання, гэта курган, насыпаны вельмі даўно пасля нейкай вялікай бітвы. Была яна сапраўды ці не, ужо даўно забылася, але вядома, што гэтае месца жыхары паселішча ўшаноўвалі здаўна, а напрыканцы ХVІІІ стагоддзя тагачасны ўладальнік маёнтка Гарадзец Антоній Жаба фундаваў тут будаўніцтва капліцы, складзенай з цэглы на падмурку з бутавага каменю. Яна спалучыла ў сабе рысы позняга барока і класіцызму. У каплічцы можна пабачыць скульптуру Хрыста пад крыжам, створаную адначасова з бажніцай.
Прыдарожная капліца ў Гарадцы
Кашталян полацкі, сын Антонія Жабы Валяр’ян напрыканцы ХVIII стагоддзя заклаў у Гарадцы палацава-паркавы ансамбль, які часткова захаваўся і да сёння. Тут можна пабачыць уласна будынак сядзібы Жабаў, узведзены на старым падмурку ў стылі класіцызм, частку прысядзібнага пейзажнага парку, уязную браму, кузню, стайню. Захаваўся і будынак колішняга лютэранскага малітоўнага дома.
Сядзіба ў Гарадцы
Уязная брама пры сядзібе ў Гарадцы
Наступнымі пасля Жабаў гаспадарамі палаца ў Гарадцы быў род Плятэраў. Плятэры атрымалі Гарадзец у якасці пасагу праз шлюб Апалінарыі Жабы і Казіміра Плятэра. Адбылося гэта ў першай палове ХІХ стагоддзя. Тады ж пры сядзібе быў закладзены маляўнічы парк, рэшткі якога можна пабачыць і сёння. Тры крутыя выгіны ракі Мнюта былі ўдала выкарыстаныя для стварэння пейзажнай кампазіцыі парку і штучных вадаёмаў. І зараз тут можна сустрэць блакітныя елкі, спірэі, лістоўніцы і шмат іншых экзотаў.
Гаспадарчыя пабудовы пры сядзібе
Гаспадарчыя пабудовы пры сядзібе
Кузня і стайня, як і іншыя гаспадарчыя пабудовы пры сядзібе Плятэраў, былі ўзведзены ў другой палове ХІХ стагоддзя. Сама сядзіба была часткова перабудавана ў 1900-я гады, а ў 1917-м моцна пашкоджаная пажарам. Падчас аднаўлення была зменена ўнутраная планіроўка палаца, аздабленне фасадаў будынка.
Сядзіба ў Гарадцы
Напрыканцы ХІХ стагоддзя Гарадзец мог пахваліцца наяўнасцю буйной гаспадаркі. Вядома, што на той час у маёнтку Плятэр-Зібергаў ужо функцыянавала вінакурня, будынкі якой захаваліся да нашага часу. А ў 1902 годзе граф Плятэр пабудаваў 2 ГЭС, якія былі ў ліку 22 першых ГЭС у Расійскай імперыі. Праўда, электрычнасцю першапачаткова забяспечваўся толькі палац і спіртзавод.
Апошнія ўладальнікі маёнтка ў Гарадцы Ян Зіберг-Плятэр і ягоная жонка Разалія ў кампаніі журналіста часопіса «As» у парку маёнтка Гарадзец, 1935
Цікавы факт, што ўпраўляючым ці аграномам у маёнтку Плятэраў з 1904 па 1914 год служыў Станіслаў Булак-Балаховіч. Калі Плятэры 3 гады жылі ў Лондане і Парыжы, то ён кіраваў гаспадаркай у Гарадцы. Паводле расповедаў месцічаў, Станіслаў Балаховіч быў добрым адміністратарам. Як прыклад, калі вёска Ламачына згарэла, ён выдзеліў за дарма дзялянку графскага лесу, з якога сяляне адбудавалі вёску і нават прадавалі лес. Кажуць, што кіраўнік гаспадаркі прыхільна ставіўся да месцічаў, і ў народзе яму ўжо на той час далі мянушку «бацька». Вядома, што ў маёнтку Балаховіч арганізаваў добраахвотную пажарную каманду, якую ўзначальваў да Першай сусветнай вайны.
Балаховіч з афіцэрамі падчас Першай Сусветнай вайны
Краязнаўцы высветлілі, што жыў будучы знакаміты вайсковы дзеяч у суседніх Лужках на вуліцы Млыновай, 8. З Лужкоў паходзіла першая жонка Булак-Балаховіча Генрыка, якая нарадзіла ад яго трох дзяцей. Яна была дачкой мясцовага лекара юдэйскага паходжання Марціна Гарбеля.
Сядзіба Плятэраў, 1918 год
Не аднойчы ў Гарадцы бываў і Язэп Драздовіч, беларускі мастак, краязнаўца, які працаваў у суседніх Лужках. Доўгі час у будынку колішняга лютэранскага малітоўнага дома пры сядзібе Плятэраў месціўся філіял Германавіцкага музея культуры і побыту імя Язэпа Драздовіча. Сёння экспазіцыя перавезеная ў Германавічы, а будынак малітоўнага дома паволі занепадае.
Язэп Драздовіч, «Гарадзец на Мнюце», 1932 .Фота: drazdovich.by
Цікавая гісторыя здарылася з вёскай Гарадзец у 1969 годзе. Прыезджаму чыноўніку захацелася «прыгожа» назваць вёску «Дивная». Але ж па-беларуску «дзіўны» часта значыць «странный». Месцічы доўгі час дамагаліся, каб гістарычную назву, што паходзіць ад старадаўняга гарадзішча на Мнюце вёсцы вярнулі. І перамаглі: пастановай Вярхоўнага Савета Беларусі ў 1994 годзе да вёскі вярнулася старая назва.
Палацава-паркавы ансамбль Плятэраў у Гарадцы ўлетку. Фота: planetabelarus.by
Язэп Вараніцкі, Budzma.org
Чытайце яшчэ: