У дзень абвяшчэння так званай Сярэдняй Літвы спрабуем разабрацца на budzma.org, чым жа было насамрэч гэтае дзіўнае дзяржаўнае ўтварэнне.
Войскі генерала Люцыяна Жалігоўскага занялі Вільню яшчэ 9 кастрычніка 1920 года, ну а непасрэдна абвяшчэнне Сярэдняй Літвы (Litwy Srodkowej) адбылося праз тры дні — 12 кастрычніка. Чаму ж гэтае дзяржаўнае ўтварэнне так дзіўна называлася?
Люцыян Жалігоўскі Фота: wikipedia.org
Трэба думаць, што паўставанне Сярэдняй Літвы ва ўсіх сэнсах звязана з асобай Юзафа Пілсудскага. Ён быў не толькі аўтарам даволі хітрай камбінацыі, што дазволіла палякам пакінуць Віленскі край сабе, не парушаючы пры гэтым міжнародных дамоўленасцей, але таксама і аўтарам ідэі канфедэрацыі народаў, якія некалі ўваходзілі ў Рэч Паспалітую.
Згодна з задумамі, акрамя «Сярэдняй», або польскай, Літвы павінны былі паўстаць яшчэ дзве: уласна літоўская Літва, якую потым стануць зваць Ковенскай, а таксама Літва беларуская. Але задумы гэтыя не ажыццявіліся, бо літоўцы ўжо мелі сваю рэспубліку і не збіраліся браць удзел у нейкіх інтэграцыйных праектах з палякамі, а на Беларусі была абвешчана БССР.
Паўставанню непасрэдна Сярэдняй Літвы папярэднічалі войны і мірныя дамовы. Яшчэ ў канцы вясны 1920 года бальшавікі пайшлі ў паспяховы наступ на палякаў і ў выніку 11 ліпеня занялі Мінск, выгнаўшы іх адтуль. А ўжо на наступны дзень паміж урадамі Савецкай Расіі і Літвы была заключаная мірная дамова.
Паводле яе Саветы не толькі прызналі сам факт існавання незалежнай Літоўскай Рэспублікі, але таксама і права літоўцаў на Вільню і нават частку беларускіх земляў. Так літоўцам адыходзілі Гародня, Ліда, Смаргонь і Ашмяны. А іхнае права на Вільню пацвердзіла нават Ліга Нацый у верасні 1920 года, нягледзячы нават на тое, што дзеячы БНР выказалі свой пратэст.
Забягаючы троху наперад адзначым, што міжваенная Літва, нягледзячы на тое, што кіравалі там ад 1926 года нацыяналісты, была калі не прасавецкай, то дакладна нейтральнай у дачыненні да СССР краінай. Уласна гэта і ёсць адной з прычынаў таго, чаму пазней Віленшчыну аддалі літоўцам.
Фота: Вільня ў 1919-1920 годзе
Такі ход быў цалкам лагічны для бальшавікоў, бо яны хацелі мець калі не саюзніка, дык хаця б нейтральнага гульца, які не будзе ўмешвацца ў іх польска-савецкую вайну на баку палякаў. Але задумы так і не ўвасобіліся напоўніцу, бо ў жніўні 1920 года здарыўся так званы «Цуд на Вісле», калі палякі спачатку здолелі даць бальшавікам адлуп, а потым і наогул пагналі іх назад.
Мірная дамова паміж Польшчай і Літвой была падпісана пазней — 7 кастрычніка 1920 года. Згодна з ёй, Віленшчына павінна была адысці да літоўцаў. Натуральна, што палякі не маглі змірыцца з гэтым фактам. Тым больш не мог гэтага дапусціць і сам Юзаф Пілсудскі, які быў родам з-пад Вільні, з-пад Свянцянаў. Каб гэтага не адбылося, была распрацавана і ўвасоблена даволі хітрая «спецаперацыя» па вяртанні і ўтрыманні Віленскага краю за сабой.
Ужо на наступны дзень пасля падпісання Сувалкаўскай мірнай дамовы, 8 кастрычніка, незадаволеныя жаўнеры польскага войска пад камандай генерала Люцыяна Жалігоўскага ўчынілі «бунт» і абвесцілі, што выходзяць з падпарадкавання свайго камандавання. А 9 кастрычніка яны ўжо занялі Вільню і пачалі рух у бок Коўна. У канфлікт умяшалася Ліга Нацый, якая не прызнала Сярэдняй Літвы, аднак вымусіла бакі заключыць у канцы лістапада 1920 года мірную дамову.
Сам Люцыян Жалігоўскі казаў, што тыя, хто цяпер уладараць над горадам, не маюць ніякага да яго дачынення, адпаведна і правоў на яго таксама. Ураджэнец фальварка Пераходы, які цяпер знаходзіцца ў Смаргонскім раёне, паходзіў з мясцовай шляхты. Ён на поўным сур’ёзе лічыў сябе літвінам і нават ва ўспамінах пісаў, што «заняў Вільню не польскі генерал Жалігоўскі, а літвін Жалігоўскі».
Іронія лёсу была ў тым, што паходзіў Жалігоўскі з гістарычнай Ашмяншчыны, якая і была сэрцам той самай гістарычнай балцкай Літвы, якая і запачаткавала Вялікае Княства Літоўскае ў XIII стагоддзі. Але ж сам генерал ставіўся да літоўцаў негатыўна, называючы іх жмудзінамі і ніяк іначай. І тое не можа выклікаць здзіўлення, бо ён быў носьбітам славянскай і польскай культуры. То-бок, на лакальным узроўні ўважаў сябе літвінам, а ў больш шырокім сэнсе — палякам. Ён не бачыў іншага гістарычнага лёсу для сваёй малой радзімы, як у звязку з Польшчай.
Думкі Люцыяна Жалігоўскага пра Літву. Фота: wikipedia.org
Відаць, менавіта з гэтай прычыны Сярэдняя Літва так падабаецца некаторым нашым беларусам, якія коса паглядаюць у бок літоўцаў. Але як не была Сярэдняя Літва літоўскай, так не была яна і беларускай у поўным разуменні гэтага слова. Хаця Люцыян Жалігоўскі і меў сантымент да беларушчыны, добра гаварыў па-беларуску, у маладыя гады пісаў вершы на беларускай мове і нават пісаў у сваіх успамінах аб тым, што ВКЛ было створана двума народамі — беларускім і польскім.
Герб Сярэдняй Літвы Фота: wikipedia.org
Так, сімвалам нікім не прызнанай дзяржавы, як і ў часы Рэчы Паспалітай, былі польскі «Белы арол» і літоўская «Пагоня». На паштовых марках былі выявы Ягайлы, Тадэвуша Касцюшкі і Адама Міцкевіча — супольных герояў для трох народаў гэтага рэгіёна. А таксама адметныя помнікі архітэктуры. Але гэта быў хіба што прыгожы фасад, за якім хаваліся выключна польскія інтарэсы і дзе беларусам з літоўцамі адводзілася хіба што другаснае месца.
Фота: Паштовыя маркі Сярэдняй Літвы
Па першым часе беларуская інтэлігенцыя Віленшчыны і Гарадзеншчыны прыхільна паставілася да «дзяржавы» Жалігоўскага. Многія беларускія актывісты той пары, карыстаючыся наяўным «акном магчымасцей», узяліся за стварэнне беларускіх школ ды іншых арганізацый. Бралі актыўны удзел у тым зусім маладыя яшчэ Ян Станкевіч і Браніслаў Тарашкевіч. Апошняга нават запрасілі на працу ў Дэпартамент асветы.
Менавіта пры Тарашкевічы на тэрыторыі Сярэдняй Літвы пачнуць адкрывацца беларускія школы, якіх па ўсім краі ўвесну 1921 года было адкрыта 186. А летам таго ж года будзе запачаткавана стварэнне Таварыства беларускай школы. У тым жа годзе Антонам Луцкевічам быў створаны Беларускі музей імя Івана Луцкевіча, які фінансаваўся з Коўна — спачатку праз Вацлава Ластоўскага, а потым праз іншых асоб.
Праўда, ужо ў наступным годзе колькасць тых школ скароціцца ўсяго да трох дзясяткаў, а ТБШ будзе час ад часу пазбаўляцца легальнага статусу, пакуль наогул не будзе ліквідавана польскімі ўладамі ў 1936 годзе.
Праіснавала Сярэдняя Літва 18 месяцаў і потым была далучана да Другой Рэчы Паспалітай шляхам выбараў у Часовы Сойм, якія адбыліся 8 студзеня 1922 года. У іх прынялі ўдзел 64% выбаршчыкаў. Так распарадзіўся сам Пілсудскі, маўляў, няхай насельніцтва само вырашае свой лёс: з кім і дзе хоча быць. Большасць, вядома, прагаласавала за ўваходжанне ў склад Польшчы. Але тут важна адзначыць, што літоўцы і беларусы збольшага байкатавалі гэтыя выбары. Да ўсяго беларусы складалі да 40% ад усяго насельніцтва Сярэдняй Літвы.
Літоўцы ў Коўне, якое стала часовай сталіцай Літоўскай Рэспублікі, вядома, факт уваходжання Віленшчыны ў склад Польшчы не прызналі. І два дзесяцігодді паўтаралі, як тую мантру, адны толькі словы: «Без Вільні мы не супакоімся». У гэты час, як ужо згадвалася, яны хутчэй глядзелі на ўсход, бо з палякамі былі ў канфрантацыі.
Песня пра Жалігоўскага на беларускай мове
Кропка ў гісторыі Віленскага краю была пастаўлена 10 кастрычніка 1939 года, калі СССР перадаў яго ў склад Літоўскай Рэспублікі. У той жа час Люцыян Жалігоўскі эміграваў у Вялікабрытанію, дзе і ўзяўся за напісанне ўспамінаў. Ну, а Сярэдняя Літва засталася ў гісторыі хіба што кароткачасовым сполахам, цьмяным прывідам некалі моцнай дзяржавы, што раскінулася ад Балтыкі да Чорнага мора і мела ўласны ўрад, Статут ды штандар з «Пагоняй».
Магіла Люцыяна Жалігоўскага на Вайсковых могілках на Павонзках Фота: wikipedia.org
Чытайце яшчэ: Паштовыя маркі Сярэдняй Літвы — дзяржавы абодвух народаў
Л. Г., budzma.org