Навучальная праграма рыхтуе маладых лідараў лакальных супольнасцяў і дазваляе актывістам наладзіць дыялог з мясцовай уладай.
Школа мэраў стартавала ў канцы мінулага года, а сам навучальны курс будзе працягвацца ажно да восені 2017-га. У праграме серыя семінараў і трэнінгаў як з беларускімі, так і з замежнымі адмыслоўцамі, якія будуць намагацца навучыць студэнтаў Школы прасоўваць свае лакальныя ініцыятывы на месцах.
Да ўсяго, гэта яшчэ і значная праца на перспектыву, калі калідор супрацы грамадства з уладай будзе пашырацца і ўзнікне патрэба ў дасведчаных кіраўніках з ліку не чынавенскага, а з грамадскага актыву.
Арганізатарамі Школы выступаюць кампанія “Будзьма беларусамі” і Цэнтр даследавання грамадскага кіравання “СІМПА”. Акадэмічны дырэктар Школы маладых менеджараў публічнага адміністравання “СІМПА” і Школы мэраў Дзмітрый Маркушэўскі адказвае на пытанні budzma.by
Пытанні мясцовага кіравання – стрыжань праграмы
– Як даўно Вы займаецеся тэмай мясцовага самакіравання, у прыватнасці, падрыхтоўкай патэнцыйных мэраў для беларускіх гарадоў?
– Наогул, даўно. Ад канца 1990-х я займаўся пытаннямі правоў чалавека, правам грамадзян на ўдзел у кіраванні краінай. Гэтыя пытанні, а таксама праблемы ўстойлівага развіцця я вывучаў і даследаваў у аспірантуры Інстытута філасофіі Нацыянальнай акадэміі навук. Пасля працаваў у Прадстаўніцтве ААН у Беларусі і займаўся праектамі ў галіне правоў чалавека і дэмакратычнага кіравання, а пазней – у Цэнтры даследавання грамадскага кіравання “СІМПА”, які таксама вядомы праз брэнд “Школа маладых менеджараў публічнага адміністравання”.
Слухачы нашай Школы часта цікавіліся спецыфікай працы на мясцовым узроўні. Пра запатрабаванасць ведаў аб спосабах вырашэння рэгіянальных праблем і прасоўвання грамадскіх інтарэсаў казалі і нашы партнёры з кампаніі “Будзьма беларусамі!”. І мы разам вырашылі стварыць Школу мэраў. Цяпер акурат працуем з першым наборам.
– Што можна было б назваць стрыжнем праграмы Школы мэраў?
– Безумоўна, гэта пытанні мясцовага кіравання і самакіравання. Вакол гэтага стрыжня праграма будуецца так, што разглядаюцца і тэарэтычныя пытанні, і практычныя, у тым ліку моманты, звязаныя з палітыкай, эканомікай, вопытам іншых краінаў.
Дыялог замест серыі маналогаў
– Чаму для Беларусі гэтае пытанне актуальнае?
– Актуальнасць пытання падкрэслівае той момант, што цяпер ідзе сумесны праект урада Беларусі і Праграмы развіцця ААН па развіцці інклюзіўнага кіравання на мясцовым узроўні. Але калі мы ўбачылі, што ў гэтым праекце бяруць удзел толькі прадстаўнікі дзяржустаноў, то зразумелі, што трэба дапамагаць і грамадзянскай супольнасці. Бо ведам і навыкам, якімі валодаюць чыноўнікі, маюць быць пастаўленыя ў адказ адпаведныя веды і ўменні з боку грамадзян.
На маю думку, вельмі не хапае рознабаковага дыялогу, у якім выкарыстоўвалася б “адна мова”, што дапамагала б яму не ператварыцца ў серыю маналогаў без паразумення. Часцяком чыноўнікі проста не чуюць грамадзян, а грамадзяне не ўмеюць данесці сваю ідэю належным чынам. Ідэя, напрыклад, мае адпавядаць пэўным патрабаванням, каб быць уключанай у план мерапрыемстваў, які фармуе чыноўнік.
– То бок гэта праект не на канфрантацыю, а на збліжэнне?
– Натуральна, бо толькі праз сумесныя намаганні ды паўнавартаснае міжсектарнае партнёрства магчымае вырашэнне праблемаў як на мясцовым, так і на нацыянальным узроўні і ўстойлівае развіццё. Праз год, па завяршэнні праграмы, выпускнікі пры падтрымцы Школы паспрабуюць рэалізаваць свае праекты ў партнёрстве з мясцовымі уладамі і недзяржаўнымі арганізацыямі.
Абраны прадстаўнік супольнасці і прызначаны чыноўнік
– У чым прынцыповае адрозненне сучаснага старшыні гарвыканкама ад мэра ў еўрапейскім разуменні гэтага слова?
– Розніца найперш у тым, што мэр прадстаўляе грамадзян тэрыторыі, на якой працуе. А старшыня выканкама – гэта прызначаны чыноўнік, які адказвае ў першую чаргу перад тым, хто яго прызначыў – вышэйшым чыноўнікам. На першы погляд гэтая розніца тэхнічная, але насамрэч – вельмі істотная. З гэтай прычыны інтарэсы грамадзянаў найперш будзе адстойваць абраны імі мэр, а не старшыня выканкама.
– Хто падчас трэнінгу выступае ў якасці спяцоў-выкладчыкаў: тэарэтыкі ці таксама практыкі?
– І тыя, і другія. Мы запрашаем спецыялістаў, якія працуюць у Беларусі, нават выкладчыкаў з універсітэтаў – каб даць добрую тэарэтычную базу. Ёсць і даследчыкі, якія доўгі час вывучалі пытанні мясцовага кіравання і самакіравання і паспелі падрыхтаваць план рэформаў у гэтай галіне.
Хачу зазначыць, што праграма ахоплівае не толькі беларускі кантэкст, але і досвед іншых еўрапейскіх краін. Адна з сесій Школы пройдзе ў Літве. Там мы сустрэнемся і з дзейнымі чыноўнікамі, і з экспертамі, якія працуюць у гэтай сферы.
“Народныя мэры” – пасярэднікі паміж уладай і насельніцтвам
– Набор у школу, як я разумею, ужо скончаны: ці можна нешта сказаць пра людзей, якія зацікавіліся праектам? Гэта маладыя палітыкі, бізнесоўцы, актывісты НДА?..
– Наш першы набор прадстаўляе ўсе рэгіёны краіны, збольшага гэта грамадзянскія актывісты. Але ёсць прадстаўнікі і бізнесу, і органаў дзяржкіравання. Гэта цудоўная магчымасць для людзей з розных сектараў наладжваць кантакты паміж сабой, якія ў будучыні стануць падмуркам для лепшага паразумення паміж мясцовымі лідарамі. Гэта можна лічыць дадатковай вартасцю нашай Школы.
– Як удзельнікі праекта змогуць прыкласці свае веды ў сучаснай Беларусі, дзе мэраў пакуль не абіраюць і працуюць старыя механізмы ў мясцовай уладзе?
– Мы спадзяемся, што здабытыя веды дапамогуць выпускнікам прасоўваць інтарэсы сваіх супольнасцяў на мясцовым узроўні і вышэй. Гэта дапаможа хлопцам і дзяўчатам хай і не стаць мэрамі ўжо “заўтра”, але стаць сапраўднымі прадстаўнікамі цэлых групаў грамадзян, за імі будуць стаяць рэальныя людзі.
Яны змогуць фармуляваць патрабаванні жыхароў сваёй мясцовасці і данесці іх органам улады. Вынікам стануць сумесныя крокі, якія пакажуць, што ўлада можа эфектыўна дзейнічаць у інтарэсах грамадзян, што знайсці агульную мову і паразумецца – рэальна. Спадзяюся, што такімі кантактнымі асобамі паміж вертыкаллю ўлады і жыхарамі стануць акурат “народныя мэры” – выпускнікі нашай Школы.
Алесь Кіркевіч, фота Зарыны Кандрацьевай