Журы конкурсу рукапісаў «Шуфлядка» вызначылася з кароткім спісам і адкрыла чытацкае галасаванне

У кароткі спіс конкурсу рукапісаў «Шуфлядка» патрапіла 11 твораў, якія размеркаваныя па трох намінацыях. На гэтым этапе ў чытачоў таксама ёсць магчымасць далучыцца да вызначэння найлепшых рукапісаў і паспрыяць выданню дзвюх электронных кніг, піша pradmova.eu.

«Šufliadka»

Якія творы трапілі ў кароткі спіс?

1) Намінацыя «Дзіцячая і падлеткавая кніга»

— Серпікі і таямніцы выкрадання
— Пёры, пух і сяброўства
— Год чараўніцтва
— Дом насупраць піяніна
— Бусел

2) Намінацыя «Нон-фікшн»

— Кніга пра любоў і каханне
— Лімінальнасць

3) Намінацыя «Масавыя жанры»

— Шафа з хобатам
— Матылькі
— Пагарэлец
— Забіць Макартні (18+)

Нагадаем, што на этапах доўгага і кароткага спісаў арганізатары конкурсу не публікуюць імёны аўтараў, бо журы чытае «ананімізаваныя» рукапісы. Пасля вызначэння пераможцаў аўтары ўсіх рукапісаў будуць названыя.

Як прыняць удзел у чытацкім галасаванні?

Па спасылцы чытачы знойдуць форму для галасавання і тэксты для чытання. У гэтым годзе чытачы змогуць паспрыяць выданню кніг у дзвюх намінацыях: «Дзіцячая і падлеткавая кніга» і «Масавыя жанры». Па рашэнні Аргкамітэта чытацкае галасаванне ў намінацыі «Нон-фікшн» не праводзіцца.

Пераможцы ў кожнай намінацыі атрымаюць магчымасць выдаць свой тэкст электронным выданнем (на ўмовах тэндару).

Дэдлайн галасавання — 22 чэрвеня (нядзеля) 18.00 (па Варшаве).

Імёны пераможцаў (па чытацкім галасаванні і па выбару журы) будуць вядомыя напрыканцы чэрвеня.