Паводле 8 унікальных экспедыцый па Беларусі кампанія “Будзьма беларусамі!” зрабіла мапу “Краіна цмокаў”, якая ад сёння ёсць на запраўках А-100 у Мінску.
Матэрыялы вандровак былі падрабязна прадстаўленыя на спецыяльным сайце cmok.budzma.org. Затым больш чым 80 населеных пунктаў і цікавостак, якія наведала экспедыцыя, былі нанесеныя на спадарожнікавую мапу, якую можна пабачыць па спасылцы: http://cmok.budzma.org/node/95.
— Асноўная ідэя мапы “Краіна Цмокаў” — прыцягнуць увагу да беларускай гісторыі і культуры, да нашай літаратуры і міфалогіі. Прадэманстраваць, што нашая культура — невычарпальная і багатая крыніца і для турызму, і для брэндынгу гарадоў. Мы выбралі Цмока — ён загадкавы і харызматычны, ён — непераможны асілак паводле нашых казак і легенд, — кажа каардынатарка кампаніі “Будзьма беларусамі!” Алена Макоўская. — Ну а вынікі пошукаў Цмока аказаліся настолькі цікавыя, што мы вырашылі ўвасобіць іх у мапе.
Дызайн мапы распрацаваў Артур Вакараў (студыя “Адліга”), а тэкст склаў журналіст Глеб Лабадзенка, які разам з фатографам Аляксандрам “Таранцінам” Ждановічам праехаў дзеля гэтага па Беларусі больш за 7000 кіламетраў.
— За час гэтых неверагодных вандровак Цмок падпільноўваў нас на кожным кроку! — кажа журналіст-вандроўнік Глеб Лабадзенка. — Ад плюшавай цацкі каля Мірскага замка да медальёна на галоўнай гомельскай скульптуры, якая выяўляе першага міфалагічнага жыхара горада. Ад неверагоднай прыгажосці талеркі XVIII стагоддзя ў Магілёўскай ратушы да адзінага ў Беларусі помніка Цмоку ў Лепелі, адкрытага ў 2013 годзе.
Стваральнікі мапы прызнаюцца, што часам вандроўкі былі досыць небяспечныя. Удзельнікі экспедыцыі трапілі ў адзіную ў Беларусі пячору пад Глыбокім, спусціліся на мінус другі падземны паверх Ружанскага палаца Сапегаў, узняліся на дах касцёла, дзе быў пахаваны апошні кароль Рэчы Паспалітай, сустрэлі статак з 57 зуброў у Белавежскай пушчы, знайшлі агромністы расколаты валун у лесе пад Слонімам, 5000-гадовыя шахты пад Ваўкавыскам…
Такіх кароткіх гісторый на мапе “Краіна Цмокаў” — больш за 80! Усе пункты нанесеныя на аснову мапы Беларусі з дакладным пазначэннем каардынат GPS. На адвароце мапы даецца кароткае апісанне кожнага пункта, а таксама спасылкі на адпаведныя матэрыялы на сайце cmok.budzma.org.
Як атрымаць гэтую ўнікальную мапу? Ад 8.00 сённяшняга дня (12.03, чацвер) яна таямнічым чынам з’явіцца на ўсіх аўтазапраўках А-100 у Мінску.
Для атрымання мапы трэба выканаць 2 простыя ўмовы:
- Звярнуцца да аператара па-беларуску.
- Назваць пароль: “Беларусь — краіна Цмокаў!”.
Спяшайцеся, колькасць мапаў абмежаваная!.. Для тых, каму не хопіць мапы, нагадваем, што яе можна спампаваць ці пабачыць у фармаце Google Maps тут.
Будзьма Цмокамі!
P.S. Кампанія “Будзьма беларусамі!” шчыра дзякуе сетцы заправак А-100 за падтрымку акцыі.