Шведская пісьменніца Сара Лундберг сустрэлася з дзецьмі ў Мінску

26 лістапада дзеці з асаблівасцямі псіхічнага і фізічнага развіцця мелі мажлівасць паразмаўляць асабіста са шведскай пісьменніцай.

Сара Лундберг, прыехаўшы ў Мінск у другі раз, зачытала сваім прыхільнікам некаторыя ўрыўкі з уласнай кнігі «Віта Белая Крэска», якая перакладзеная на беларускую мову.

Уверсе: Сара Лундберг, унізе справа: перакладчыца Надзея Кандрусевіч

Для дзяцей Сара правяла і практычны занятак. Яна падрыхтавала аркушы, на якія нібыта выпадкова разлілася кава. У выніку на іх атрымаліся вялікія карычневыя плямы. На якую жывёлу падобная кожная з іх?

На гэтае пытанне адказвалі ўсе маленькія ўдзельнікі сустрэчы, дамалёўваючы патрэбныя часткі цела свайго новага сябра. У выніку з пятна ад кавы атрымаліся трусак, птушка, НЛА, сабака і нават беларускамоны Змей Гарыныч.

Сара Лундберг, Надзея Кандрусевіч і маленькія мастакі

Пасля таго, як малюнкі былі прадстаўлены сваімі аўтарамі, дзеці распытвалі пісьменніцу пра яе ўласнае жыццё, цікавіліся, у колькіх краінах свету яна пабывала. З сустрэчы кожны з малых сышоў з кнігай, падпісанай уласна Сарай Лундберг.

Аўтограф ад Сары Лундберг

У мерапрыемстве бралі ўдзел дзеці, якія знаходзяцца пад апекай грамадскай арганізацыі «Беларускі дзіцячы хоспіс», а таксама дзеці, якія знаходзяцца пад апекай клуба бацькоўскай ініцыятывы «Содея».

Сустрэча праводзілася на офісе “Беларускай асацыяцыі дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам”, арганізаваная ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” пры ўдзеле Амбасады Швецыі ў Беларусі.

 

Тэкст і фота: Вікторыя Чаплева, для lit-bel.org