Шыльду Беларускаму Асобнаму Батальёну ў Коўна ўсталююць 25 сакавіка

Усталяванне шыльды Беларускаму Асобнаму Батальёну ў Коўна ў Літве перанеслася да Дня Волі, піша racyja.com.

Biełaruski Asobny Bataljon

Па стане на 26 студзеня сабрана каля 2800 з 3900 неабходных еўра, — распавяла дырэктарка Polyglot language organization VšĮ, якая прадстаўляе Беларускую Сябрыну Коўна Вераніка Выгоўская:

— Мы падалі на дафінансаванне Дэпартаменту нацыянальных меншасцяў. Чакаем ад іх рашэння наконт дафінансавання нас. І таксама працягваем збіраць сродкі. Прыходзяць, нягледзячы на тое, што амаль не рэкламуем, а чакаем рашэння. Усё роўна нехта працягвае ахвяраваць невялічкія сумы. Але нас гэта вельмі падтрымлівае і нагадвае, што гэта справа важная.

Ахвяраваць на шыльду можна праз BuyMeACoffee, Zrzutka ці можна зрабіць данат для Polyglot language organization. Разам з тым можна бясплатна замовіць бясплатны камплект «Гісторыя адвагі Беларускага Асобнага Батальёна (Baltgudžių Batalionas) ў Літоўскім войску».

Беларускі Асобны Батальён дыслакаваўся ў 1920–1921 гадах у Шанцаўскіх казармах у Каўна і ваяваў за незалежнасць Літоўскай Рэспублікі, умацоўваючы яе абарону ў баях супраць бальшавікоў. 51 беларускі добраахвотнік быў узнагароджаны Крыжам Віціса — найвышэйшай вайсковай адзнакай Літвы — за адвагу і доблесць.